2014-07-29

Уражанні дню (панядзелак, ліпень-29-2014)

Прывітанне:)
Я са спазненнем (выбачаце:) хачу распавесці пра тое, што ўчарашні панядзелак быў не проста днём уражанняў, а днём адкрыццяў...
...
Аказваецца, што лапаткі маладога гароху, смажаныя з яйкам - гэта ня проста смачна, гэта вельмі-вельмі незвычайна!


У нядзельку я нарвала гароху, памыла, парэзала на кавалкі і паставіла ў лядоўню (папярэдне пакаштавала адзін кавалак, ці дакладна ён салодкі і мяккі). Муж пачаў крыўдзіцца: "Ну што ты мой гарох сапсавала! Тут жа няма чаго есці..."
Ну такія разважанні перад тым, як я штосьці гатую, бываюць часта. "Я ня думаю, што атрымаецца смачна", - і праз колькі часу каля амаль пустога посуду, -"Ммммм... Вельмі смачна! Я такі здзіўлены, што так атрымалася..." Карацей, Вы зразумелі сэнс :)

І вось гэты гарох, з узбітымі яйкамі (дзякуй курачкам, што радуюць) і некалькімі каменчыкамі марской солі смажыліся на патэльні. 
Я спачатку смажыла на аліўкавым алеі гарох (хвілін 15-20 пад крышачкай), дадала 1 ці 2 ст.л. вады. Узбіла яйкі з соллю, выліла на патэльню з гарохам і закрыла крышачкай. І яйкі не смажыліся, а нібы запякаліся пад крышачкай.


Пасыпала яйкі з гарохам цертым сырам. Зрабіла салату са свежых памідораў і белай цыбулі, дадала смятану. І можна вячэраць у цянёчку пад яблынькай...


...
Другое адкрыццё было каля кампосту (месца, куды мы кідаем рэшткі ежы, яблыкі, якія цяпер нападалі, рознае лісце-траву, якія гніюць і ператвараюцца ва ўгнаенне). І як бы не было смешна, але на кампосце вырас гарбуз. Напэўна, трапіла насенне ад тых гарбузоў, што елі.
Ды такі шыкоўны гарбуз, столькі маленькіх гарбузікаў на ім завязалася... Больш, чым на тых кустах, што растуць у гародзе.
Вось як яму тут падабаецца!

...
Маленькія ўраджаі...
Я разумею, што штосьці магу не заўважаць, таму што зрок дрэнны (і першае, што я раблю раніцай - гэта надзяю лінзы). Але як маглі такія "коні" схавацца ад мяне... Я ня ведаю :) 

...
Сунічкі дораць невялікую, але прыемную асалоду амаль кожны дзень.

...
І астры дораць сваю прыгажосць. Пішу аповед, а побач стаяць гэтыя прыгожыя кветкі і нібы ўсміхаюцца мне. Такія простыя кветкі. Але ў кожнай сваё хараство, свая прыгажосць. На першы погляд здаецца, што кветкі аднолькавыя. Але кожная адрозніваецца адценнем колераў, пялёсткамі... Колькі я сачу за гэтымі прыгажунямі, столькі дзіўлюся ім, іх незвычайнасці.

 ...
Канешне, дзень не ідэальны. І без суму не атрымалася.
Тут тое, што засталося пасля Тора ад маёй прыгожай ружы...
Атрымалі і Тор, і гаспадар :) 

Добрага настрою :)

No comments:

Post a Comment