2014-10-30

Пра сняданак, або ўражанні дню (чацвер, кастрычнік-30-2014)

Вітаю!
Вось чаму сняданак можа так уплываць на настрой?
Здавалася бы што гэта проста ежа, але ад колераў гэтай ежы залежыць ці будзе дзень такім жа сонечным. як аранжавы сок з апельсінаў...
І ці будзе дзень такі ж насычаны творчымі "смакамі", як насычана аўсянка з брусніцамі, прарошчанымі грэчкай і пшаніцай і мёдам?
І ці будзе штосьці пікантнае ў дні, як саланаваты смак козяга сыру ў такім адносна салодкім сняданку?
Вось у мяне ад сняданку вельмі многае залежыць у дні. Які "зарад" атрымаеш, так і папрацуеш...


Вось мой сняданак і дорыць творчы настрой, сонечнае надвор'е і насычэнне...
Парасткі пшаніцы маюць вельмі прыемны пах, сакавітасць і мяккасць. Праросткі грэчкі ўвогуле вельмі цікавы для мяне прадукт. Раней я дадавала проста зялёную грэчку ў ёгурт, але есці такое было складана :) А вось прарошчанае зерне вельмі мяккае, смачнае, свежае.
І вельмі падыходзіць да цёплай аўсянкі з брусніцамі. Вітаміны, што тут яшчэ сказаць. Ну і прыгажосць :)



І вось сяджу я цяпер, пішу пра сняданак і ем хатні ёгурт з той жа прарошчанай пшаніцай і грэчкай, і смачна мне, і прыемна. І адчуваю сябе вельмі добра, таму што гэта карысна :) Прачытала, што прарошчаная пшаніца вельмі добра ўплывае на зрок.
А што Вы думаеце пра гэта?
Смачных і карысных сняданкаў!

2014-10-29

Пра бульбу, дранікі і амкадор-белвар, або ўражанні дню (серада, кастрычнік-29-2014)

Вечар добры, шаноўнае спадарства!
У халодныя дні хочацца есці тое, што сагравае і насычае. Вось і мяне муж папрасіў напекчы дранікаў... Даўно ўжо просіць...


Я ўжо калісь пісала, што адзін раз за нашае сумеснае жыццё муж частаваў мяне дранікамі, якія сам рабіў. А потым гэты абавязак перайшоў на мяне. І вось так мне было нудна імі займацца: то патэльня ня тая, то церці рукамі ня хочацца, то ячшэ якая напрасліна...
І вось набылі мы сабе "памочніцу" мясцовай вытворчасці. Добра яна дапамагала ў пытанні дранікаў, фаршаў, пюрэ пакуль не затупіліся нажы. І вось устала пытанне іх пошуку. Але пакуль мы знайшлі (пару дзён таму) тое, што трэба, быў куплены замежны камбайн, які ў першую ж гатоўку дранікаў не вытрымаў "беларускай душы", і стаіць цяпер са зламанай насадкай. Узбівае цесца, меле гарэхі, а вось пра дранікі і іншыя падобныя рэчы думаць не прыходзіцца...
І так бы мой бедны галодны муж і заставаўся бы без дранікаў, галадаў карацей, каб не наш сваяк з-за мяжы, у якога зламалася шынкоўка, якая добра працавала больш пяці !5! год. І ён папрасіў знайсці такую самую і купіць для яго.
Мы купілі, але купілі і сабе такую ж, і нажы для сваёй старой "памочніцы" (якой таксама ўжо амаль шэсць !6! год) знайшлі ў той жа краме.
І ўсё гэта вырабляецца ў нас, у Беларусі, на заводзе "Амкадор-Белвар". Галоўнае, што надзейныя гэтыя прылады, металічныя. І як паказвае вопыт актыўнага карыстання ў нашай сям'і (разам са сваякамі ў нас такіх прылад пяць штук), яны сапраўды надзейныя.

Ну ня будзем больш пра добраахвотную рэкляму. Вернемся да бульбы і дранікаў: бульбу сцерла шынкоўка проста незаўважна! Ніякіх намаганняў, жых-жых - і можна пекчы дранікі... 
Гэта проста цуда! Думаю, што цяпер на нашым стале дранікі і бабка будуць больш частым госцем :)



Што і як:
Прыблізна на два літры (з гарой) чышчанай бульбы (затым, канешне, цертай):
- 2 яйкі
- 3 ст.л. пшанічнай мукі
- некалькі каменьчыкаў марской сролі
- аліўкавы алей каб смажыць
І верш для настрою :)

З бульбай добрай нашай
Робяць клёцкі, кашу,
Пірагі з грыбамі,
З мясам, буракамі.

Бульбу вараць,
Бульбу смажаць,
Бульба наша – любата.
З беларускай бульбы
Страва – смаката.
А. Дзеружынскі.

Вось сапраўды свая бульба самая смачная. Яна і ў пюрэ, і ў драніках ні ў якае параўнанне ня ідзе з бульбай з крамы або кірмашу. Я сама яе палола, кожны дзень збірала каларадскіх казурак, угнойвала кампостам. І вырасла бульба вельмі-вельмі смачная! Наступным годам буду саджаць яшчэ больш :) З такой-та прыладай і крутой патэльняй адной порцыяй дранікаў не адмажуся, трэба назапасіць :)

Калі Вы яшчэ ня маеце прылады, якой церці бульбу для самых смачных дранікаў, то ня думаючы набывайце такую шынкоўку ад Белвара. Чаму? Таму што хто лепш за "бульбашоў" прыдумае штуковіну, з дапамогай якой гатаваць любімую страву з бульбы?! Толькі мы, "бульбашы" :)
Таму смачных дранікаў і цёплых вечароў :)

2014-10-28

Кветкі, або ўражанні дню (аўторак, кастрычнік-28-2014)

Вітаю-вітаю!
За вакном восень, мароз і вецер. А ў хаце цёпла, утульна і прыгожа ад кветак...
...
Другое цвіценне азаліі.
Першыя кветкі былі з зялёнымі кропачкамі, а гэтыя чамусьці з ружовымі. 
Нібы нейкі мастак неахайна пэндзлікам пырснуў фарбы...

...
І другое цвіценне архідэйкі.
На гэты раз выпусціла тры галіны і больш за дзесяць кветак.
Прыемна, што намаганні не дарэмныя, а прынеслі такую прыгажосць...


Асобна хочацца сказаць пра архідэйкі: 6-9 лістапада плануецца выстава архідэй у Батанічным садзе Менску. Вельмі хочацца трапіць туды... Пагледзім, як атрымаецца.
Прыгожых кветак і сонечнага настрою :)

Пра хлеб, або ўражанні дню (панядзелак, кастрычнік-27-2014)

Вітаю!
Што можа быць лепшым за водар духмянага хлебу, гарачай печы, ласкавага рыжага ката і смачнай гарбаты з ліпы ў марозны вечар панядзелку, калі вяртаешся з вялікага гораду стомлены і галодны?
Толькі хатні духмяны хлеб, цёплы муж, можна і без ката, але без гарбаты ніяк...



Хлеб - нашае ўсё. Бяз хлеба я не ўяўляю ні сняданак, ні ланч, ні вячэру.
На сняданак пшанічны хлеб з вотруб'ем, хатнім сметанковым маслам і козім сырам і гарачай гарбатай або малінавым кампотам...


На ланч можна гарачы булён з курыцы, хлеб з іржаной мукі з мяккім сырам...


А на вячэру пшанічны хлеб з вотруб'ем, варэнне з персікаў і гарачае какава :)
Але ў любым выпадку хлеб павінен быць хатнім, зроблены сваімі рукамі, з любоўю і пяшчотай замешаны і спечаны. І хата тады напаўняецца ўтульнасцю і духмянасцю. У такой хаце хочацца жыць, займацца творчасцю, дарыць цеплыню і каханне...

І вось едзеш ты ўжо соты кіламетр, і марыш, як увойдзеш у хату, дзе пахне хлебам, дзе цёпла ад печы, дзе рыжы кот і вялікі сабака шчыра чакаюць гаспадароў...
І марыш пра тое, як адламаеш скарынку духмянай буханкі... 
Чуеш, як пачынае граць музыка хлеба...
Мажаш скарынку сметанковым маслам, і кідаеш у рот, і адчуваеш лёгкую кіслінку хлеба, салодкасць масла і прыемны хруст...
І становіцца цёпла і ўтульна, ты дома, ты ў хаце, ты ў цеплыні...

Свежага хлеба і цудоўнага настрою :)

2014-10-26

Смятаннік з журавінамі, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю!
Столькі ўсяго адбываецца ў маім жыцці, што паспець за гэтым проста не атрымліваецца :)
Вось ўжо нядзелька, а ў мяне толькі аповед пра сняданак і маленькае падарожжа ў Вільню, але вельмі смачнае...



Спачатку пра сняданак...
У нас марозы ў ночы, апошнія дзень-два было -10. Таму на сняданак трэба сілкавацца добра, тым больш што субота ў нас дзень спраў па хаце-гаспадарцы. І на сняданак у нас былі самаробныя пельмені з хатняй курыцы, качкі і цяляціны. Але ж гэта не цікава фатаграфаваць і пісаць тут...
Таму вырашана было прыгатаваць смятаннік на дэсэрт.



Што і як:
Для цеста:

  • 150 г сметанковага масла
  • 60 г карычневага цукру
  • 2 яйкі
  • 220 г мукі з цэльнага зерня
Масла павінна быць пакаёвай тэмпературы, каб было лёгка замясіць цеста. Разцерці масла з цукрам, дадаць яйкі, перамяшаць. Затым дадаць муку і замясіць цеста.
Выкласці ў форму. І пекчы пры 200 градусах С 10-12 хвілін.

Для начыння:
  • 300 г смятаны
  • 3 яйкі
  • 75 г карычневага цукру
  • 40 г кукурузнага крухмалу (або 20 г крухмалу бульбы)
  • натуральная ваніль
Яйкі ўзбіць з цукрам і ваніллю.
Дадаць крухмал, перамяшаць. Затым дадаць смятану. Перамяшаць.
Перакласці на гарачае цеста, насыпаць журавін (на свой густ) і пекчы, зменшыўшы нагрэў да 170 градусаў С каля 40-50 хвілін.
І можна снедаць :) Смачна есці!



Нашае маленькае падарожжа ў Вільню было звязана з набыццём неабходных рэчаў.
І вельмі смачны чакаў сняданак: штрудзель з макам і кава Латэ з цынамонам...
І да самага вечара есці не хацелася, хоць і прыйшлося пабегаць па крамах, каб усё знайсці, што хацелі.


Самае цікавае нас чакала ў Ікеі. Вельмі мне падабаецца гэтая крама, усё практычнае і вельмі добра прадуманае. Прыгожая мэбля, прыгожы посуд. Усё вельмі прыгожае і цікавае...
Фотаздымкі ніжэй гэта пацвярджаюць: палічкі для кухні.
Набылі і сабе штосьці з гэтага, пазней выкладу фотаздымкі нашай кухні.


Прыгожа, што сказаць. І вельмі зручна, ужо праверана на сабе.


Вось у нейкіх маленькіх падарожжах, справах і прайшоў яшчэ адзін тыдзень, яшчэ адныя выходныя. Таму жадаю лёгкага працоўнага тыдню і цудоўнага настрою :)

2014-10-19

Хлебная скрынка са льну, або ўражанні дню (нядзеля, кастрычнік-19-2014)

Вітаю!
Чакала нядзелькі, каб падзяліцца прыгажосцю, якую зрабіла ў пятніцу, у суботу атрымалася яе праверыць-выкарыстаць, а сёння падзяліцца захапленнем ад хлебнай скрынкі са льну.


Вышывала, як звычайна, нітачкамі Anchor 46.
Лён беларускі: белы і шэры. 


Узор называецца сімвал Песні. Вельмі прыгожы, спадабаўся мне адразу. Магчыма з-за таго, што я вельмі люблю спяваць :) Нават калі ня ведаю слоў, то рознае "нарынай" падтрымлівае мелодыю да тых слоў, якія я ведаю :))))


І вось фотаздымак з учарашняга дню, сняданак адразу праходзіў больш утульна і прыгожа.


Выходныя скончыліся марозікам і холадам.
Таму жадаю цёплага працоўнага тыдню і добрага настрою!

2014-10-18

Мядовы хлеб і маркоўны кекс з тварагом, або мясцовы сняданак суботы (субота, кастрычнік-18-2014)

Добрай сонечнай раніцы!
У нас сёння лёгкі марозік, сонейка. Вельмі прыгожа на вуліцы раніцай!
А ў хаце лятаюць водары мядовага хлебу, цынамону і шакаладу.
Сёння смачны сямейны сняданак, запрашаю!


На сняданак сёння ў нас: мядовы хлеб з козім сырам, варанае яйка (курачкі стараюцца, малайчушы), маркоўны кекс з тварагом і персікавым варэннем і какава з цынамонам (але бяз цукру, такая прыемная гарчынка).


Мядовы хлеб мае прыемны водар Калядаў, дадала духмяных прысмак: гваздзічкі, духмяны гарох, некалькі гарошынак каляндры, мускатны гарэх, цынамон. Такі водар у хаце, проста слінкі адныя :)


Што і як:
  • 300 г мёду
  • 220 г пшанічнай мукі (цэльназерневая)
  • 30 г ржаной мукі
  • 50 г гарэху пекан
  • 100 мл малака
  • 1 яйка
  • 2 ч.л. пітной соды
  • пару каменьчыкаў марской солі (мае гарэхі пекан былі з соллю, таму не клала)
  • прысмакі: 1 ч.л. цынамону, некалькі гарошын каляндры, 4 гваздзічкі, 3 гарошыны духмянага перцу (змелена ўсё ў мельнічцы), 1/8 частка мускатнага гарэху (сцерці), цэдра лімону (лімоны мае амаль засохлі, таму дадала пару ст.л. соку лімона).
- Мёд з малаком паставіла на плітку, на самы маленькі нагрэў. Галоўнае не кіпяціць! У мяне проста мёд растварыўся ў малацэ, нават не нагрэўся.
- У кубак блэндэра (насадка  нож) паклала гарэхі, муку, соду, цэдру (сок), прысмакі. Перамяшала.
- Затым пераліла мёд з малаком, дадала яйка. Замяшала цеста.
- Пераклала ў папярэдне змазаныя сметанковым маслам формы. Пякла каля 40-50 хвілін пры 180 градусах С, нагрэў: гарачае паветра.
Калі ня вельмі падабаюцца духмяныя прысмакі, то можна спыніцца на цынамоне і мускатным гарэху.



Пякла ўчора ў вечары. Дык такія пахі не давалі спаць, хацелася пакаштаваць кавалачак. І хацелася хутчэй раніцы і сняданка... Можа трэба больш есці днём?!

На сняданак трэба есці карысную ежу, такой быў маркоўны кекс, амаль не салодкі, з тварагом і варэннем! Сакавіты і смачны...
У каторы раз муж сказаў, што "аказваецца, з морквай вельмі смачнае печыва атрымліваецца"...


Што і як:
  • 200 г сметанковага масла
  • 4 яйкі (вось калі б не курачкі мае, то не такі і смачны быў кекс. Яйкі з крамы зусім ня тое)
  • 70 г карычневага цукру (калі хочацца салодкага, то можна 150 г. Я рабіла на сняданак не салодкі)
  • 150 г пшанічнай мукі з цэльнага зерня
  • 50 г амарантавай мукі (сняданак павінен быць карысным!)
  • 1 ч.л. пітной соды
  • 150 г цертай морквы (вядома-невядомым была скрадзена з талеркі спачатку адна счышчаная морквіна, затым другая. Але венікам атрымалася адбіцца ад памочнічка-мужа :)
  • 1 ст.л. ружовага віна
- Сметанковае масла павінна быць цёплым, каб лёгка можна было ўзбіць з цукрам.
- Да масла з цукрам дадала па адным яйку, працягваючы ўзбіваць.
- Затым дадала муку-соду. Перамяшала.
- Дадала цертую моркву і віно. Перамяшала.
- Выклала ў падрыхтаваную форму, якую змазала сметанковым маслам. Так вельмі лёгка даставаць печыва пасля таго, як яно прыгатавалася.
- Пякла каля адной гадзіны пры 180 градусах С.
- Пакінула астываць.
- А тым часам гатавала крэм:
  • 600 г тварагу
  • 250 г смятаны
  • 2-3 ст.л. карычневага цукру (можна больш, бо так атрымалася амаль не салодкім. але так і было запланавана, каб можна было есці з персікавым варэннем). Калі тварог вельмі сухі, то смятаны можна і больш дадаць. 
- Усё перамяшала блэндэрам. І вельмі добра такі тварожны крэм замешваць у кубку блэндэра з нажом. Ніякіх камячкоў, нож добра ўсё меле.
- Абмазала кекс крэмам і пакінула на ноч у лядоўні.
- Раніцай адрэзала кавалак, паліла варэннем і з какавай снедалі...
І хто яшчэ так пакорміць, як сам сябе пакорміш :) Таму смачна есці!



Цудоўных выходных!
І смачных сняданкаў! 
Частуйце родных толькі карыснымі і смачнымі стравамі :)

2014-10-16

Уражанні дню або пра рукавічкі (чацвер, кастрычнік-16-2014)

Вітаю-вітаю, шаноўнае спадарства!
Вось як так бывае: сядзіш ціхенька, сядзіш... Няма думак, няма настрою, няма ідэй. І тут бярэш сябе за вушы, квасіш капусту, кг так 40, займаешся йогай...
І вось тынц!!! І пайшлі ідэі, пайшла праца, падняўся настрой.
У хаце смачна запахла хрустамі і ваніллю...
Ну вось як так бывае?!
Напэўна проста туга ад восені перайшла ў прыемнае чаканне зімы і Святаў. Таму і вышыліся прыгожыя арнаменты, і сшыліся рукавічкі :)


Гэта ўжо другія рукавічкі, якія я шыю. Першыя можна пагледзець тут.
Ізноў лён, аздабленне вышытае нітачкамі Anchor з двух бакоў.


Вышыты ўзор: узор Спарыша - сімвал ураджаю, Зорка - сімвал чалавека.
Думаю, што для кухні вельмі добрыя такія сімвалы :)


Ад рукавічак ідзе настрой Калядаў :) Такія яны атрымаліся святочныя. Вышыліся за адзін вечар, а сёння сабрала ў гатовыя рукавічкі.


Чырвоны вельмі прыгожа выглядае на шэрым, а вельмі святочна - на белым. Нездарма гэтыя колеры нашыя родныя.
Вышывалася на адным дыханні проста. Прыемна вышываць тое, што вышывалі вельмі даўно продкі. Ад гэтых узораў ідзе нейкая ўтульнасць і цеплыня. І падымаецца настрой...


Хутка ўжо выходныя, і сняданак суботы... Ужо запланавала стравы, заўтра еду на кірмаш.
Таму да сустрэчы ў суботу за сняданкам!
Цудоўнага настрою і ўтульнасці :) 
Нам з такімі рукавічкамі яна гарантаваная...

2014-10-13

Уражанні дню або пра падарункі (панядзелак, кастрычнік-13-2014)

Вітаю!
А Вам падабаецца атрымліваць падарункі?
А калі ніякай падставы для падарунка няма?
Мне асабліва падабаюцца маленькія падарункі-ўвага.
Прыемна вельмі ад таго, што чалавек проста падумаў пра мяне і вырашыў штосьці карыснае падараваць :)
І вось сёння такія падарункі падарылі цудоўны настрой...


Мой муж ня так даўно вярнуўся са Стакгольму. І прывез смачныя шакалады.


Ездзіў ён па працы, але атрымалася ў яго наведаць выставу шакаладу. На такой выставе мы былі з ім у мінулым годзе. Вельмі цікавая выстава была. Шмат рознага шакаладу, з розных краін і кантынэнтаў. Сабе прывезлі адзін кілаграм шакаладу для печыва і тартоў з Перу. Вельмі якасны шакалад, лёгка топіцца, а пасля таго, як ізноў застывае, не мае не прыгожых карычневых разводаў. Вельмі смачна!

Дык вось у гэты раз муж прывез швейцарскі шакалад. Параўнала з тым, што купілі ў мінулым годзе, дык новы больш лёгкі, больш нейкі масляністы, больш прыемны смак.


Акрамя плітак, атрымала ў падарунак яшчэ кропелькі шакаладу для печыва: малочныя, белыя і чорныя. А колькі ўсяго можна прыгатаваць з такой разнастайнасці шакаладаў?! Вельмі карысныя падарункі :)
Акрамя шакаладаў прыехалі розныя цукеркі-печыва-пірожныя з шакаладам ад швецкіх кандытараў. Штосьці смачнае, штосьці ня вельмі :)
І самае галоўнае - шыкоўная кніжка пра хлеб на швецкай. Я яе тольку вучу, але кніга вельмі прыгожая, з мноствам рэцэптаў і парадамі. Думаю, што буду выкарыстоўваць, як больш падвучу мову.


Акрамя шакаладаў муж прывез карысную штучку для кухні: рукаў, каб чысціць і талерка, каб церці часнок.
Здаецца, што штосьці падобнае я ўжо бачыла ў Беларусі. Але талерачка вельмі прыгожая, ды і карыстацца, здаецца, зручна.


Спачатку ў сіні рукаў (як іначай назваць гэтую штучку не прыдумала :) трэба пакласці зубчык часнаку. Прыдавіць рукой да паверхні стала і пакруціць туды-сюды. І часнок становіцца чыстым :)
Рукаў гэты з сілікону, вельмі мяккі.


Затым трэба церці часнок па талерцы. Талерка мае выступы, аб якія і сціраецца часнок. А пэнзлік дапамагае сабраць усё, што сцерлася.
Ня зручна тое, што ўвесь зубчык не сціраецца, становіцца скільзкім і ўцякае :) І застаюцца маленькія кавалкі.
Але мыць вельмі лёгка.


Яшчэ проста так прыемныя і карысныя падарункі атрымала ад бацькоў мужа: вельмі якасная какава. Атрымліваецца не какава, а гарачы шакалад, калі гатавааць з малаком. Нават муж стаў частавацца такім, раней не падабалася яму какава...


І маленькая, 500! г, шкляначка цынамону :)
Цяпер какава, пірагі, булкі будуць яшчэ смачнейшымі і духмянейшымі!


А вось адзін падарунак, прыемны і прыгожы, чакаў сваёй фотасесіі з вясны, здаецца...


Гэты прыгожы пярсцёнак падаравала мне Алена, з якой я пазнаёмілася падчас працы над сваёй крамай.


Вельмі прыемная дзяўчынка! Такіх прыгожых лялек-цацак шые, некаторыя прадаваліся ў нашай краме. Адну прыгажуню пакінула сабе, не магла прадаць, вельмі прыгожа!
І вельмі ўдалымі атрымліваюцца ў яе ўпрыгожванні: мноства торцікаў-завушніц, бранзалецікаў разляцелася ў нашай краме ад гэтага майстра. Проста чалавек вельмі старанна і прыгожа выконвае сваю працу. Вось людзі і цэняць, ім падабаецца і яны набываюць такія тавары.


Таму вялікі дзякуй, Алена, за Вашую творчасць і прыгажосць, якую Вы ствараеце :) Паспехаў Вам і творчага настрою!
Ну вось такія падаруначкі грэюць душу, таму што яны самыя-самыя...
Цудоўнага настрою і лёгкага працоўнага тыдню!

2014-10-12

Сняданак суботы, грыбы і кірмаш (субота, кастрычнік-11-2014)

Добрай раніцы, добры дзень, добрай ночы!
Спяшаюся падзяліцца ўражаннямі суботы :)
Тут быў і смачны сняданак, фотаздымкаў якога няма. Тут ізноў грыбы. І тут маленькае папаўненне ў маім птастве.
Таму запрашаю...



У кожнага нармальнага чалавека дзень пачынаецца са сняданку, я так думаю. Але ў нас субота пачалася з кірмашу. Мы з мужам паехалі на мясцовы кірмаш-выставу сельска-гаспадарчай прадукцыі.
Там было шмат гародніны, сажанцаў, кветак, кур, трусаў і рознай дробязі, якая нам была не цікавая.
Ехалі мы за: капустай, каб квасіць. буракамі-морквай для кур, курамі, сажанцамі.
І вось мае прыгажунькі-навасёлы:
дзве карычневыя курачкі
Якая назва кур я не памятаю. Адзінае памятаю, што звязана назва з нейкім горадам :)



І дзве беленькія
Здаецца, што гэта "Ленінградскія". Так сказаў прадавец.
Яны такія прыгожанькія, зусім не баяцца мяне, падыходзяць, ядуць, капашацца :)



Купілі мы 64 кг капусты, качкі таксама дапамагаюць есці. Дзве сеткі чырвоных буракоў (прыблізна 34 кг), тры сеткі морквы. На зімку хопіць, я думаю :)
Яшчэ набылі маліну жоўтую гатунку "Жоўты гігант". Сажанцы дрэў з Самахвалавіч: Каштэля, Белы наліў, Антонаўка (доўга я яе шукала, нарэшце знайшла), адну познюю яблыню і нейкую вішню, гатункаў таксама не памятаю. Дзявочая памяць :)

Затарыліся і паехалі да хаты снедаць.
А на сняданак, 11-12.00 раніцы, ў нас была бульба з тушонкай з хатніх качак. Ну што тут фатаграфаваць, бульба ёсць бульба :) Проста вельмі згаладаліся і ўсё хутка з'елі.
Тушонка проста аб'ядзенне, такая смачная. Качкі абсмаленыя на адкрытым вагні, лёгкі водар дыму. Ну што тут казаць, вельмі смачна і па-вясковаму проста і хутка, і натуральна...

Ну а пасля сняданку я пабегла ў лес, таму што час збіраць зялёнкі. І не памылілася, таму што ніхто ў лес не хадзіў, грыбоў было шмат.
...
Першым сустрэў мяне апошні баравічок гэтага году. 
На дзіва вялікі і цэленькі, ніводнага чарвячка.

...
А пасля амаль цэлы кош назбірала падзялёнак, некалькі штук зялёнак.
Шкада, што шмат чарвівых.


Грыбы гэтыя можна знайсці з канца верасня і да лістапада, калі снегу няма :)
Любяць сухі сасновы лес, асабліва пясок.
 Маюць яны прыемны пах... 



Самі шэранькія, а ніз белы з зялёным адценнем. 
 

Вось якую сямейку атрымалася знайсці.


А вось і вынік паходу: тры літры грыбоў на зіму.
Вельмі гэтыя грыбы смачныя, з прыемным водарам.
Такія грыбы заўжды гатавала мая бабуля. І на Куццю, 6 студзеня, частавала імі.
Куцця з макам, сухія посныя аладкі і гэтыя грыбы - адзіныя стравы, якія я ела на Куццю.
Гэта смак і ўспамін дзяцінства.
І вось гэты ўспамін у марынадзе будзе чакаць мяне ў слоіку :)


Ну і проста прыгожая сыраежка сустрэлася на дарозе.
На гэтым мае грыбныя паходы ў 2014 годзе скончыліся.



Усё? Усё?! Усё-ўсё-ўсё...
Нібы пытанне ад Тофслы (стаў вельмі падобны да Тэадора).


Цяпер дакладна ўсё :)
Цудоўнага настрою і прыгожай восені, яна цяпер самая залатая!