2014-12-30

Святочны настрой, або ўражанні дню (аўторак, снежань-30-2014)

Вечар добры!
На календары апошнія дні 2014 году... Году, які прынес шмат змен у жыцці, шмат цудоўных дзён, шмат прыемных уражанняў і незабыўных момантаў...

Рыська кожны дзень сядзіць пад елкай, чакае свайго Дзеда Мароза :)

Гэты год дазволіў зразумець, што ёсць сапраўднае шчасце, што ёсць сэнс і як да яго ісці. І вельмі прыемна, што гэты год адкрыў шырокія дзверы новаму году, новаму жыццю. Жыццю, якое стала больш размеранае, больш разумнае, больш сталае, дарослае :)
І неяк дзіўна пісаць гэты аповед, таму што здаецца, што ўсё жыццё разумела тое, што зразумела толькі ў 2014 годзе :)
Гэта год урокаў, год сістэмы, год нейкага новага разумення сябе. І хочацца спадзявацца, што 2015 год будзе прадуктыўным працягам таго, што адбылося ў 2014 :)

Планы на 2015 год ужо напісала, ужо працую над імі... Пакінула месца на новыя думкі, на новыя ідэі... Засталося адпачыць, каб прыемна сустрэць Новы год :)

І між гатавання розных страў, печыва і прысмакаў сшылася новая калядная падушачка, працяг серыі дзяўчынкі Бэль і зайчаняці Бу...


- Нітачкі Anchor;
- Тканіна 100 % лён беларускай вытворчасці;
- Напаўняльнік файбертэк.

Такая цудоўная падушачка атрымалася :) Спачатку думала аформіць вышыўку ў рамку, але потым вырашыла, што падушачкай вышыўка будзе выглядаць больш утульнай і святочнай. І не памылілася.
Такая сапраўдная калядная панчоха...
На наступны год хачу зрабіць калядныя панчохі сабе і Лёшы на падарункі, можа так Санта да нас завітае :) Хочацца верыць :)


І сапраўдны зайка...


Вельмі мне гэтая серыя вышыванак з Бэль падабаецца. Міленькія дызайны :)
А вось дзе пасялілася гэтая прыгажуня са сваім зайкам...


Ну што ж, хочацца павіншаваць Вас, шаноўны чытач, з надыходзячым Новым Годам :)
Пажадаць, акрамя іншых віншаванняў, каб Новы год прынес добры настрой, сонечнае надвор'е, спаўненне мар. І каб у гэтым годзе добры Дзед Мароз або Санта, або Зюзя, або хтосьці іншы падараваў Вам той падарунак, аб якім Вы даўно марылі :)
З Новым Годам :)

2014-12-27

Грэчневы пірог з малінай, або мясцовы сняданак суботы (gluten free)

Дзень добры, шаноўнае спадарства!
Спадзяюся, што не сумуеце і знайшлі сабе добры занятак на выходныя :)
Я ж сёння, як прачнулася, першым узяла ў рукі фотаапарат, таму што такой прыгажосці даўно не было...
Усё белае, марознае, нібы з крышталю... Проста непаўторнае мастацтва прыроды...

І сонейка... Якое было сёння сонейка!!! Як прыемна было снедаць у такі дзень, увогуле сёння быў вельмі добры дзень :)
Тым больш, што сняданак сёння быў ня толькі смачны, але карысны: грэчневы пірог з малінай і сырам маскарпонэ :) Калі ласка!


Што і як. Цеста:
  • 4 яйкі (курачкі ізноў пачалі радаваць, хоць на вуліцы і мароз :);
  • 1/3 шклянкі карычневага цукру (шклянка - гранёны савецкі стакан);
  • 1 шклянка грэчневай мукі;
  • 1 ч.л. молатага цынамону;
  • марожаная маліна (можна выкарыстаць любыя марожаныя або свежыя ягады);
  • сметанковае масла, каб змазаць форму, у якой пекчы;
  • нагрэтая духоўка да 180 град. С.
Можна сказаць, што гэта звычайнае бісквітнае цеста, але замест пшанічнай мукі - мука грэчневая. Таму як звычайна, аддзяляю бялкі ад жаўткоў. Бялкі стаўлю ў лядоўню, каб астылі і лепш узбіліся потым. Тым часам жаўткі ўзбібаю з часткай цукру, дадаю муку. цынамон і замешваю цеста. Асобна ўзбіваю бялкі ў пену з цукрам, дадаю да цеста.
Цеста выкладаю ў форму, пасыпаю марожанай малінай. І пяку каля 25-30 хвілін. Праверыць можна шпажкай, праткнуць цеста ў цэнтры. Калі чыстая, то пірог спечаны :)
Дастаць з формы, пакінуць стыць на рашотцы. Затым перакласці на талерку і паліць малінавым сіропам: я ўзяла проста малінавы кампот, дадала 1 ч.л. салодкага малінага сіропу і паліла пірог. Так атрымаецца не сухі, а прыемны смак пірага.

Крэм:
  • сыр маскарпонэ (можна ўзяць тварог і пару лыжак смятаны);
  • пара ст.л. карычневага цукру;
  • 1/8 стручка ванілі (змалоць з цукрам);
  • грэцкія гарэхі, парэзаць на маленькія кавалкі.
Сыр узбіць з цукрам і ваніллю. Выкласці на пірог, пасыпаць гарэхамі. І можна снедаць. А можна зрабіць увечары, тады за ноч пірог добра прапітаецца і будзе вельмі смачным, вільготным :)
Я часта выкарыстоўваю за мест сыру тварог. Пачак тварагу (200 г), некалькі лыжак вадкага варэння, лыжка смятаны. Усё ўзбіваю і выкладаю на пірог. Атрымліваецца менш тлуста, чым з сырам. І больш карысна, калі тварог хатні. І хатняе варэнне :)
Смачна есці!
...
І пара фотаздымкаў нашай пераднавагодняй зімы :)



Святочнага настрою і смачных пірагоў :)

2014-12-26

Калядныя аладкі на сняданак (пятніца, снежань-26-2014)

Вітаю-вітаю :)
Які добры сёння дзень, сонечны, марозны, прыгожы... І водар свежага хлеба лятае па хаце...
І сняданак павінен быць такім жа, таму запрашаю!
Посныя аладкі на заквасцы. Калі ласка!



Звычайна, калі я пяку хлеб, застаецца частка закваскі і ржаной, і пшанічнай. Муку для закваскі я выкарыстоўваю самую якасную, таму шкада выкідаць такі скарб. Таму на гэтых рэштках закваскі замешваю аладкі або наліснікі.


Проста да той закваскі, якая засталася, дадаю муку, ваду, цукар (калі гэта посныя аладкі) або яйкі, малако, муку, цукар (калі звычайныя), і замешваю цеста: больш густое на аладкі (павінна пастаяць пры пакаёвай тэмпературы і павялічыцца ў два разы). І вадкае, як ня тлустая смятана, на наліснікі. І пяку на патэльні з аліўкавым алеем.
І можна снедаць з варэннем, мёдам, свежымі журавінамі. Або смятанай ці ёгуртам, калі пост скончыўся :)


Смачна есці!
І цудоўных выходных :)

2014-12-25

Merry Christmas, або ўражанні дню (чацвер, снежань-25-2014)

Сёння амаль уся Эўропа святкуе каталіцкае Раство. А мы будзем святкаваць сёмага студзеня, але хочацца добрага настрою, хочацца цуда ўжо цяпер :) Таму хату да Калядаў ужо прыбралі, паставілі і ўпрыгожылі елку, а на сняданак прыгатавалі смачную салату з бульбы, языка і авакада...
Святы пачынаюцца :)



Рыська адразу пайшоў правяраць, ці правільна паставілі елку. Абнюхаў яе, пакаштаваў кожную галінку, да якой здолеў дастаць :) А потым сеў пад елкай адпачываць, нібы дзед мароз. І так кожны год :)
Такі ў нас кот, маленькі калядны гномік...


Ну а салата сёння выратавала на сняданак, таму што быў віхор моцны ноччу, і раніцай знікла святло. Добра, што ўчора запякла бульбу і зварыла гавяжы язык, а то галадалі бы да двух гадзін дня :)

Што і як:
  • тры бульбіны (запекчы ў духоўцы пры 180 град. С. Калі варыць, то пасля трэба пачысціць, парэзаць на кавалкі і пасмажыць на патэльні з кропляй алею і зяленівам кропу або чабрацу ці пятрушкі);
  • адзін гавяжы язык (адварыць, пачысціць ад скурак. На гэты салат выкарыстала толькі палову, з другой паловы зраблю якую іншую салату );
  • два салёныя гуркі;
  • палова цыбуліны (выкарыстоўвала белую, салатную. Калі звычайную, то лепш пасмажыць да мяккасці);
  • зяленіва рукалы - дзве добрыя жмені (15-20 г);
  • палова спелага авакада (пачысціць ад скуркі).
Для запраўкі: 
  • 4 ст.л. тайскага салодкага соўсу чылі;
  • сок паловы лімона;
  • 1 ст.л кунжута;
  • 1 ст.л кунжутнага алею (такога не было, быў толькі льняны алей).
Гародніну парэзала на кавалкі, язык на тонкія скрыёчкі. 
Асобна змяшала інгрыдыенты для запраўкі. Затым змяшала гародніну і язык у глыбокай місцы, дадала зяленіва рукалы, паліла запраўкай. І перамяшала. 
Атрымаўся дзіўны смак, салодкі за кошт соўсу, але з арэхавай ноткай рукалы і лёгкай саланаватасцю гурка. І авакада вельмі ўдала разбаўляе бульбу, дадае свежасць, а рукала сакавітасць :) Цікавы салат, якраз для зімы, для каляднага сняданку :)

Калі Вы адзначаеце сёння Раство, віншую і жадаю спаўнення мар :)
Цудоўнага Раства і добрага настрою!

2014-12-22

Уражанні дню, або пра кветкі (панядзелак, снежань-22-2014)

Вітаю-вітаю :)
Я амаль на месяц выпала з віртуальнага жыцця... Столькі спраў, столькі падзей і сустрэч...
І столькі яшчэ трэба паспець зрабіць да Святаў: гэтым годам набылі сапраўдную елку, трэба яе паставіць, ўпрыгожыць; запланаваць стравы, купіць прадукты ў горадзе; падрыхтаваць падарункі... І пра кур падумалі толькі цяпер - няма саломы, цяпер трэба замаўляць яе і чакаць, калі прывязуць...
А з непрыемнасцей - зламаўмя яшчэ адзін бойлер, і вось мы амаль тыдзень спрабуем яго пачысціць-адрамантаваць... Няма гарачай вады - жыццё стала не зусім зручным :) Але мы змагаемся :)
І вось сярод такой бегатні знайсці час на вольнае напісанне артыкулу - нерэальна!
Але ўсё ж хвілінка ёсць, каб падняць настрой. І падзея ёсць :)


У маёй бабулі быў Дзень Народзін - 90 год. І я ездзіла яе віншаваць :) Сабраліся амаль усе сваякі. Было вельмі прыемна сустрэцца!
У нашай сям'і раней было традыцыйна збірацца на Каляды, Вялікдзень, бабулін Дзень Народзін, але ўсе дзеці-ўнукі выраслі, раз'ехаліся за тысячы км. І сабрацца так, як было раней, праблематычна. На жаль...
Але было прыемна ўсіх пабачыць, пагаварыць, даведацца пра навіны і планы на будучае :)
...
Ну а, акрамя святкавання дня народзін, добры настрой падымаюць кветкі...
Архідэйкі цвітуць вельмі добра: адныя адцвітаюць, другія зацвітаюць, трэція толькі пачынаюць выпускаць свае галіны.


Прыгожа, што тут скажаш :)


А вось пра гэтага сябра я маўчала ўсё лета-восень :)
Купіла я мандарын у пару да падоранага лімона, пра якога я пісала вясной.
Дык вось, гэтае дрэўца было пры продажы з маленькімі мандарынчыкамі, але пачало скідаць лісце, як я прынесла яго з крамы. Я вырашыла абрэзаць усе плады, каб выратаваць дрэва. І дрэўца аддзякавала мне - амаль праз тыдзень выпусціла столькі прыгожых белых кветак, што здавалася, выпаў снег. І такі прыемны цытрусавы водар напаўняў пакоі...


І пачалі завязвацца мандарынчыкі. Адныя кветкі былі пустыя, у другіх з'яўляліся маленькія бубачкі. Адныя абляцелі, адныя засталіся...
І вось яны ўжо сталі зрэць :) Магчыма, колькі дзён і можна будзе ўжо каштаваць :)


У мяне ў хаце ўжо амаль-амаль святочны водар... А ў Вас?
Цудоўнага святочнага настрою і прыемных уражанняў :)

2014-12-01

Печаная гародніна, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю-вітаю, шаноўнае спадарства!
Наш інтэрнэт, на жаль, не дазваляе выкладаць сюды своечасова ўсё, што хочацца, але са спазненнем пра сняданак і прыемнасці :)
Таму калі ласка...



Сняданкі суботы... Колькі разоў я пра іх пісала, але кожны раз сняданак прыносіць столькі прыемнага і смачнага. Нават у апошнія дні восені :)
Снедайце ў хаце разам з любымі, гэта такое шчасце!



Вырашыла запекчы гародніну: бульба, цыбуля шалот, чырвоныя бурачкі, морква з  мясам у цікавым марынадзе:
- мяска (каля 400-500 г) парэзала на кавалкі (мяса павінна быць з праслойкай сала, так атрымаецца не сухое);
- у мельнічцы змалола: 10 гарошын каляндры, 10 гарошын духмянага перцу, некалькі кавалкаў сушанага балгарскага перцу (са свайго агароду), сушаны кроп і некалькі сушаных баравікоў. Марская соль на свой смак: некалькі каменьчыкаў;
- дадала некалькі кропель эфірнага алею лімона: спецыяльны алей, які можна ўжываць у ежу. НЕ З АПТЭКІ :) 2 ст.л. белага віна;
- усё перамяшала і пакінула прыблізна на гадзіну марынавацца;
- тым часам запякала гародніну пры 180 градусах С пры нагрэве "Турба-грыль" каля 1 г;
- праз гадзіну мяса смажыла на сухой патэльні каля 15-20 хвілін. Трэба, каб усе бакі кавалкаў былі пасмажаны;
- выклала мяса на гародніну і запякала яшчэ каля 10 хвілін...

І можна снедаць з квашанай капустай!
Атрымалася вельмі незвычайна, таму што звычайна я бурачкі-моркву не запякаю, толькі бульбу. Але тут такія розныя смакі атрымаліся, салодкія, але вельмі смачна і смачна :) І лёгка! І з лёгкім водарам грыбоў... Смачна есці!


...
Пакуль у нас гасцявала Лайма, нявеста Тора, атрымалася зрабіць шмат прышпільных фотаздымкаў. І вось адзін самы-самы...
Асобны аповед пісаць няма пра што, а фотаздымак смешны :)


...
Ну і пра святочнае: сёння мой Дзень Народзін, і муж падараваў мне такі прыгожы букет!
Гэты букет адлюстроўвае маю душу, гэта першы букет за ўсё жыццё, які сапраўды адпавядае настрою і думкам: шмат зялёнага колеру - самага любімага, белы - снежны колер - колер пачатку зімы. І кветкі лілеі - толькі-толькі адкрываюць свае галоўкі, дораць прыемны пах.., Нібы вясна вярнулася :) 
Гэта такія прыемныя адчуванні, таму што ўсё жыццё мой Дзень Народзін быў першым днём зімы, днём чагосьці халоднага, а тут маленькі кавалачак вясны падаравалі... 
Так прыемна і незвычайна!


Таму пайду святкаваць :) Дзень абяцае быць прыемным і смачным:)
Чаго і Вам жадаю!!!
Цудоўнага настрою :)

2014-11-26

Пра нявесту, або ўражанні дню (серада, лістапад-26-2014)

Вітаю-вітаю!
У нашага Тора з'явілася сяброўка, будучая нявеста - Лайма, аўчарка+чао-чао. Такая смяшлівая і па-сапраўднаму жаноцкая...


Лайма - сабака нашых бацькоў. Але час ад часу яна гасцюе ў нас. І Тор такому госцю вельмі рады. І Лайма радая, што з'яўляецца ў яе такі вялікі і цёплы сябар.


Яны разам спяць ноччу ў вялікай будцы. Разам ядуць, разам гуляюць. Тору весялей, і Лайме весялей. Напэўна, адзінота збліжае...


Спачатку Лайма баялася Тора, таму што ён такі вялікі і мог не спецыяльна то наступіць на яе, то піхнуць. Але цяпер Лайма трошкі падрасла...


І зразумела, што яна ж дзяўчынка, яна можа ўсё, што захоча зрабіць з Торам. І за хвост схопіць зубамі, і тады Тор цягне яе на хвасце, і костку яна адбярэ, і ў даганялкі кліча гуляць...
І Торушка толькі рады такому сяброўству :)


Так, дзяўчынкі, яны такія...
Цеплыні і сяброўства :)

2014-11-22

Хатні хлеб з маслам з грэцкіх гарэхаў, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю!
Так хутка праходзяць дні, што не паспяваю сачыць за імі. Здавалася бы, што толькі-толькі скончылася лета, а вось да нас ужо завітаў першы сняжок. Ды так настойліва, што апрануў наваколле ў прыгожую белую вопратку :)
І калі, як не ў такія марозна-белыя дзянькі хочацца цёплага і тлустага, але і карыснага для здароўя сняданку?!
Вось таму і прапаноўваю на сняданак хатні хлеб, масла з грэцкіх гарэхаў, варэнне з брусніц і гарачы кампот з чорных парэчак. Эх, такія водары, такія смакі, шкада, што сняданак так хутка скончыўся :)


Мне на тыдні прыйшлося шмат пападарожнічаць па розных установах, таму і выпала з блогу. Адным такім месцам, якое затрымала мяне на некалькі дзён, быў раённы шпіталь, дзе мне трэба было ўзяць даведку аб стане здароўя. Дык вось аказалася, што ў мяне гемаглабін ніжэй нормы, 107. І за тры дні мне трэба было падняць яго. Як? У дапамогу сеціва, шмат розных рэцэптаў. Я выбрала простыя: гранат - 3 шт у дзень, амаль кожную гадзіну ела па некалькі зярнят (язык яшчэ памятае :), зялёная грэчка са смажанай гавяжай пячонкай, грэцкія гарэхі...
І праз тры дні такой дыеты гемаглабін стаў 115, даведку падпісалі, але сказалі працягваць падымаць да нормы.
Дык вось пра гарэхі, з'ела іх за гэтыя дні каля 1 кг. Ну проста так ня вельмі шмат і з'ясі гэтых гарэхаў. Таму вырашыла зрабіць масла... І такое яно смачнае атрымалася, такі пах, такі смак. Словамі не перадаць, гэта трэба толькі пакаштаваць.
І робіцца вельмі проста, але на сняданак вельмі добра атрымліваецца, тлуста і добра насычае. І галава працуе добра.




Што і як:
  • гарэхі - любая вага, якую хочацца. Можна браць і гарэхі розных гатункаў, і нейкі адзін. Я рабіла адзін раз з грэцкіх гарэхаў, другі  - з арахісу з шакаладам;
  • гарэхі трэба пасмажыць на патэльні, пастаянна варочаючы лыжкай, хвілін 7-10 на сярэднім агні. Або ў духоўцы пры 180 градусах С хвілін 10-15;
  • калі рабіць з шакаладам, то трэба адразу перакласці ў міску і дадаць шакалад у гарачыя гарэхі, і змалоць блэндэрам. Шакалад дасць неабходную вільгаць гарэхам, і гарэхі хутка змелюцца ў масляную масу. І не спатрэбіцца дадаваць алей. Але такое масла больш цяжка мазаць на хлеб, атрымліваецца не такім мяккім, як проста з гарэхаў;
  • калі без шакаладу, то можна таксама адразу гарачымі малоць. Але праз пару хвілін, як пачалі малоць, неабходна дадаць 1 ст.л. алею, я дадавала алей з ільну;


  • вось так выглядаюць грэцкія гарэхі, калі малоць іх 5-7 хвілін;
  • калі атрымліваецца вельмі сухая маса, то можна дадаць яшчэ 1 ст.л. алею.
 

Нам з мужам вельмі падабаецца намазваць гэтае масла на хлеб, затым на масла мазаць варэнне, і снедаць так з гарачым кампотам або гарбатай...
І вось тут самае галоўнае ведаць меру, таму што пасля пары такіх канапак есці не захочацца да вечара :)


Вельмі прыемна, што з усяго, што ў нас на сняданак сёння, куплены толькі гарэхі, мука, цукар і соль :) Але як смачна!
Вітамін і цудоўнага настрою ў прыгожыя марозныя вечары!

2014-11-12

Птушачка прыляцела, або ўражанні дню (серада, лістапад-12-2014)

Вітаю-вітаю!
Пасялілася ў нас новая птушачка, але ня ў новым курніку, а ў хаце, на сцяне...
Такая маленькая птушачка, нібы жывая. Глядзіш на яе, і здаецца, што вось-вось пабяжыць...


Не магу сказаць, чым выклікана мая любоў да птаства, але яна ёсць, і яна вельмі моцная. Мне падабаюцца вышытыя матывы, мне падабаюцца статуэткі ў выглядзе птушак, і мне вельмі да спадобы жывое птаства: куры, качкі, гусі, лясныя птушкі, дэкаратыўныя птушкі... А вось чаму так, не магу сказаць :)


Вось і гэтую птушачку толькі ўбачыла, адразу захацела вышыць і пасяліць у сябе. І вышылася яна за некалькі гадзін.
Мастак: Мэт Сьюэл
Дызайн: Алеся Кіскіна

Нітачкі Anchor.
Аформіла ў пяльцы. 
Стужка таксама з нашай крамы www.kvietachka.by


А вось так птушачка выглядала ў часопісе "Вышываю крыжыкам" 11/2013:)
Шэры лён мне падабаецца больш, больш натуральны, сапраўдны.


Прыемнага вышываня і цудоўнага настрою! 
Восенькія цёмныя вечары спецыяльна створаны для гэтага :)

2014-11-11

Пра мастака, або ўражанні дню (чацвер, лістапад-06-2014)

Вітаю-вітаю!
Вось ужо новы тыдзень, а я яшчэ ня скончыла распавядаць пра чацвер :) Чамусьці ён атрымаўся вельмі багатым на падзеі і рашэнні. Спадзяюся, што апошнія будуць правільнымі...
Але сёння хачу распавесці пра цудоўнага мастака Шыбнёва Аляксандра Яўгенавіча, чые карціны мне давялося ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі на вул. Леніна, 20 у Менску.
...
Шыбнёў А.Я. 1962
Пастух. 1994
Дошка, тэмпера


Карціны мне вельмі спадабаліся. Па фотаздымках ня вельмі бачная тая глыбіня, што напаўняе іх. Шкада, але мой фотаапарат здольны рабіць якасныя фотаздымкі толькі ў сонечныя дні JІ толькі на вуліцы, ну ў асноўным.
Але цяпер не пра гэта…Карціны…
...
Шыбнёў А.Я. 1962
Ярлычок у музеі ня сфоткала, але назва была, здаецца, Рыба.

...
Карціны прыцягваюць увагу адразу. Я толькі заўважыла цікавыя колеры, пачала падыходзіць да іх… І з кожным крокам перад мною адкрываўся ўсё большы сэнс гэтых твораў. Новыя "міры", але адзін Сусвет...

Шыбнёў А.Я. 1962
Сон. 1993
Дошка, тэмпера

...
І кожны з іх па свойму захапляе, дорыць штосьці роднае, штосьці такое, што жыве ўнутры. Кожная дэталь нібы знаёмая, нібы гэта сымвал, які для ўсіх людзей аднолькавы, для ўсіх мае адзін сэнс... Але ўсё ж розны, як і розныя мы з Вамі...

Шыбнёў А.Я. 1962
Трубач. 1997
Дошка, тэмпера

...
Мяккія колеры, гарманічныя, назвы простыя, але іх нібы і так ведаў, здагадваўся пра тое, што хацеў сказаць мастак.
Карціны нясуць у сабе сэнс самых галоўных каштоўнасцей, самага дарагога, што можа быць у шчырага чалавека, у сапраўднага Чалавека...

Шыбнёў А.Я. 1962
Вярба. 1993
Вялікдзень. 1993
Дошка, тэмпера

...
Мяне вельмі здзівілі гэтыя карціны… Вельмі ўразілі…
Я шкадую, што ў мяне было мала часу, каб пагледзець іх. Але ў мяне годы на тое, каб аналізаваць тое, што я ўбачыла, адчула... Тое, што атрымала і зразумела, што яшчэ зразумею...

Шыбнёў А.Я. 1962
Мужчына і жанчына. 2010
Дошка, тэмпера


І вось гляджу я на фотаздымкі, унутры пачынае станавіцца цёпла і ўтульна ад іх, нейкі супакой і лад пачынаюць авалодваць мною…
Пачынае вырысоўвацца баланс у жыцці, мэтах, марах. Пачынаю разумець, што сапраўды патрэбна і для чаго. І на самай справе патрэбна зусім ня многа. Патрэбны толькі тыя ісціны, якія адлюстраваныя на гэтых карцінах, якія жывуць у гэтых "мірах", у гэтым нашым Сусвеце...

Вось такія мае ўражанні, думкі. А наперадзе яшчэ адзін аповед пра Слуцкія паясы :)
Сапраўды, чацвер атрымаўся вельмі багатым на ўражанні :)
Цудоўнага настрою і прыемных уражанняў :)

2014-11-09

Выстава архідэй у Менску. Частка 2.

Вітаю!
Сёння працягваю паказваць фотаздымкі майго маленькага падарожжа ў Менск.
Дакладней яшчэ некалькі фотаздымкаў архідэй з выставы ў Батанічным садзе...
Прыемна, што такія мерапрыемствы праводзяцца, а яшчэ прыемней бываць на іх :)
Таму запрашаю!


Асноўная частка фотаздымкаў усё ж закачалася ўчора. А сёння паказваю фотаздымкі тых архідэй, што мне больш за ўсё спадабаліся :)







Квяточнага настрою і лёгкага працоўнага тыдню :)