2014-12-25

Merry Christmas, або ўражанні дню (чацвер, снежань-25-2014)

Сёння амаль уся Эўропа святкуе каталіцкае Раство. А мы будзем святкаваць сёмага студзеня, але хочацца добрага настрою, хочацца цуда ўжо цяпер :) Таму хату да Калядаў ужо прыбралі, паставілі і ўпрыгожылі елку, а на сняданак прыгатавалі смачную салату з бульбы, языка і авакада...
Святы пачынаюцца :)



Рыська адразу пайшоў правяраць, ці правільна паставілі елку. Абнюхаў яе, пакаштаваў кожную галінку, да якой здолеў дастаць :) А потым сеў пад елкай адпачываць, нібы дзед мароз. І так кожны год :)
Такі ў нас кот, маленькі калядны гномік...


Ну а салата сёння выратавала на сняданак, таму што быў віхор моцны ноччу, і раніцай знікла святло. Добра, што ўчора запякла бульбу і зварыла гавяжы язык, а то галадалі бы да двух гадзін дня :)

Што і як:
  • тры бульбіны (запекчы ў духоўцы пры 180 град. С. Калі варыць, то пасля трэба пачысціць, парэзаць на кавалкі і пасмажыць на патэльні з кропляй алею і зяленівам кропу або чабрацу ці пятрушкі);
  • адзін гавяжы язык (адварыць, пачысціць ад скурак. На гэты салат выкарыстала толькі палову, з другой паловы зраблю якую іншую салату );
  • два салёныя гуркі;
  • палова цыбуліны (выкарыстоўвала белую, салатную. Калі звычайную, то лепш пасмажыць да мяккасці);
  • зяленіва рукалы - дзве добрыя жмені (15-20 г);
  • палова спелага авакада (пачысціць ад скуркі).
Для запраўкі: 
  • 4 ст.л. тайскага салодкага соўсу чылі;
  • сок паловы лімона;
  • 1 ст.л кунжута;
  • 1 ст.л кунжутнага алею (такога не было, быў толькі льняны алей).
Гародніну парэзала на кавалкі, язык на тонкія скрыёчкі. 
Асобна змяшала інгрыдыенты для запраўкі. Затым змяшала гародніну і язык у глыбокай місцы, дадала зяленіва рукалы, паліла запраўкай. І перамяшала. 
Атрымаўся дзіўны смак, салодкі за кошт соўсу, але з арэхавай ноткай рукалы і лёгкай саланаватасцю гурка. І авакада вельмі ўдала разбаўляе бульбу, дадае свежасць, а рукала сакавітасць :) Цікавы салат, якраз для зімы, для каляднага сняданку :)

Калі Вы адзначаеце сёння Раство, віншую і жадаю спаўнення мар :)
Цудоўнага Раства і добрага настрою!

No comments:

Post a Comment