2014-11-22

Хатні хлеб з маслам з грэцкіх гарэхаў, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю!
Так хутка праходзяць дні, што не паспяваю сачыць за імі. Здавалася бы, што толькі-толькі скончылася лета, а вось да нас ужо завітаў першы сняжок. Ды так настойліва, што апрануў наваколле ў прыгожую белую вопратку :)
І калі, як не ў такія марозна-белыя дзянькі хочацца цёплага і тлустага, але і карыснага для здароўя сняданку?!
Вось таму і прапаноўваю на сняданак хатні хлеб, масла з грэцкіх гарэхаў, варэнне з брусніц і гарачы кампот з чорных парэчак. Эх, такія водары, такія смакі, шкада, што сняданак так хутка скончыўся :)


Мне на тыдні прыйшлося шмат пападарожнічаць па розных установах, таму і выпала з блогу. Адным такім месцам, якое затрымала мяне на некалькі дзён, быў раённы шпіталь, дзе мне трэба было ўзяць даведку аб стане здароўя. Дык вось аказалася, што ў мяне гемаглабін ніжэй нормы, 107. І за тры дні мне трэба было падняць яго. Як? У дапамогу сеціва, шмат розных рэцэптаў. Я выбрала простыя: гранат - 3 шт у дзень, амаль кожную гадзіну ела па некалькі зярнят (язык яшчэ памятае :), зялёная грэчка са смажанай гавяжай пячонкай, грэцкія гарэхі...
І праз тры дні такой дыеты гемаглабін стаў 115, даведку падпісалі, але сказалі працягваць падымаць да нормы.
Дык вось пра гарэхі, з'ела іх за гэтыя дні каля 1 кг. Ну проста так ня вельмі шмат і з'ясі гэтых гарэхаў. Таму вырашыла зрабіць масла... І такое яно смачнае атрымалася, такі пах, такі смак. Словамі не перадаць, гэта трэба толькі пакаштаваць.
І робіцца вельмі проста, але на сняданак вельмі добра атрымліваецца, тлуста і добра насычае. І галава працуе добра.




Што і як:
  • гарэхі - любая вага, якую хочацца. Можна браць і гарэхі розных гатункаў, і нейкі адзін. Я рабіла адзін раз з грэцкіх гарэхаў, другі  - з арахісу з шакаладам;
  • гарэхі трэба пасмажыць на патэльні, пастаянна варочаючы лыжкай, хвілін 7-10 на сярэднім агні. Або ў духоўцы пры 180 градусах С хвілін 10-15;
  • калі рабіць з шакаладам, то трэба адразу перакласці ў міску і дадаць шакалад у гарачыя гарэхі, і змалоць блэндэрам. Шакалад дасць неабходную вільгаць гарэхам, і гарэхі хутка змелюцца ў масляную масу. І не спатрэбіцца дадаваць алей. Але такое масла больш цяжка мазаць на хлеб, атрымліваецца не такім мяккім, як проста з гарэхаў;
  • калі без шакаладу, то можна таксама адразу гарачымі малоць. Але праз пару хвілін, як пачалі малоць, неабходна дадаць 1 ст.л. алею, я дадавала алей з ільну;


  • вось так выглядаюць грэцкія гарэхі, калі малоць іх 5-7 хвілін;
  • калі атрымліваецца вельмі сухая маса, то можна дадаць яшчэ 1 ст.л. алею.
 

Нам з мужам вельмі падабаецца намазваць гэтае масла на хлеб, затым на масла мазаць варэнне, і снедаць так з гарачым кампотам або гарбатай...
І вось тут самае галоўнае ведаць меру, таму што пасля пары такіх канапак есці не захочацца да вечара :)


Вельмі прыемна, што з усяго, што ў нас на сняданак сёння, куплены толькі гарэхі, мука, цукар і соль :) Але як смачна!
Вітамін і цудоўнага настрою ў прыгожыя марозныя вечары!

No comments:

Post a Comment