2015-06-06

Фасоля з яйкамі, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю-вітаю!
Пішу гэты аповед і чую, як "дрыхне" муж :)
І вось цікава, пачынала я гэтую рубрыку "Мясцовы сняданак" пра прыемныя сямейныя сняданкі, якія ўтульныя і непаўторныя і ля-ля-ля... А вось сёння рана ўстала, усіх сваіх птушанятак накарміла, усе цяпліцы-гарбузы адкрыла, зрабіла дробныя справы па хаце і згаладалася...
Прыгаталава просты, але вельмі смачны сняданак, наелася і цяпер сяджу і думаю, ці падыходзіць ён сюды? Няма асаблівых прыемных уражанняў, толькі праца і стомленасць, не было ўтульнасці, проста неабходнасць паесці, бо з сямі раніцы да адзінаццаці ўжо голадна :)
Але смачна, муж адпачывае, сонейка прымякае, настрой падымаецца. Пайду і мужа падымаць, а тут пакіну частку свайго сняданка :)


Што і як:

  • марожаная фасоля - каля 500 г.;
  • хатнія яйкі - 6 шт (курачкам кожны раз, як забіраю, кажу дзякуй :) гэта ж іх праца);
  • вяршкі або смятана - некалькі ст.л.;
  • алікаўкавы алей - пара кропель на патэльню;
  • вараная хатняя каўбаса (сапраўдная хатняя, натуральная і ня шкодная :) - першы раз на сняданак ем мяса. Нічога, пасля працы вельмі добра :)
Разагрэць патэльню з кропляй алею. Выкласці марожаную фасолю і смажыць пад крышкай каля 20 хвілін, час ад часу варочаць лыжкай.
У той жа час паставіць варыць каўбасу. Каўбаса ў нас была сушаная каля печы, усё ня з'елі і паклалі ў маразілку. Вось і прыйшоў ейны час :)
Яйкі з вяршкамі і парай каменчыкаў марской солі ўзбіць відэльцам. Нават не ўзбіць, а проста перамяшаць да аднароднага стану. Выліць да фасолі і смажыць, пакуль яйкі не прапякуцца.
Гэта каля 30 хвілін будзе, і каўбаса зварыцца, і яйкі з фасоляю прыгатуюцца.
Раней я смажыла фасолю з аднымі яйкамі, без вяршкоў, атрымлівалася ня вельмі смачна, сухавата, а вось з вяршкамі або смятанай - вельмі мякка, сакавіта я бы сказала.
І ўсё, можна снедаць! Смачна было мне са свежымі памідорамі :)
Калі браць свежую фасолю, то папярэдне трэба адварыць яе, а пасля ўжо класці на патэльню. Тое ж самае можна зрабіць і з лапаткамі маладога гароху, атрымліваецца вельмі смачна. Гарох варыць ня трэба.
Цудоўных выходных, прыемнага адпачунку і смачных сняданкаў :)

No comments:

Post a Comment