2015-06-27

Апошні сняданак суботы...

Вітаю!
Так складваецца жыццё, што сёння апошні мясцовы сняданак суботы для нас на нашай вёсцы.
Праходзіць ён не як звычайна, а таропка, са збіраннем рэчаў, планаваннем пераезду.
Хачацца верыць, што гэта не дарэмна, што гэта крок наперад, але сумна...


Я стрымлівала сябе да апошняга, не дазваляла думаць пра тое, што адбываецца. Гэта была аўтаматычная праца па арганізацыі гаспадаркі, рэчаў, якія не спатрэбяцца, планавання таго, як дзейнічаць далей.
І вось сёння, калі засталося аддаць Тора і Рысіка, стала вельмі сумна...
Сумна, таму што пэўны этам жыцця заканчваецца, а новы мы яшчэ не пабудавалі...
Сумна, таму што гэты дом быў для нас першым "сваім" домам, гэта быў home sweet home. І развітвацца з чымсьці сваім заўжды складана. Тут свая гісторыя, свая атмасфера, сваё жыццё...
Праходзячы сёння каля пустога курніку адчула нейкую пустату і ўнутры сябе, нібы частку адрэзалі і схавалі недзе, а дзе - незразумела. Або ходзячы па хаце, збіраючы рэчы, пастаянна прыслухвалася, ці не крычаць куры-качкі аб небяспецы... Дзіўна, дзіўна, дзіўна...
І вось я гляджу на рэчы, якія былі раней патрэбныя, і разумею, што ў бліжэйшыя некалькі год яны ўвогуле не спатрэбяцца. Толькі самае асноўнае, толькі самае важнае. Але жыццё складаецца ня толькі з гэтага, але і з тых дробязяў, якія напаўняюць хату, дораць нейкія ўспаміны... Можа яны і не такія важныя, раз непатрэбныя?! Дзіўна...


Застаецца гарод, садок, кветкі... Гэта ўсё будзе ў мінулым, я нават ня ведаю, як атрымаецца сачыць за тым, што было зроблена ўвесну, а зроблена было шмат, шмат працы і сіл, шмат планаў і жаданняў... І ўсё застаецца, а мы рухаемся далей, рухаемся наперад... Хочацца верыць...
Застаецца Тор і Рыська... Рыську неяк не так шкада, ён быў вулічны кот, сам па сабе, гуляў па наваколлі, лавіў мышак, а прыходзіў пачухацца і паласціцца, паесці кашы. І паспаць на лазні :) У яго было сваё жыццё, якое мала закранала нас, але гэта быў наш кот, наш маленькі сябра, які ахоўваў ад мышэй сараі, а пра хату ня думаў :)))) Няхай жывуць, няхай будуць свае мышы! :) Гэта быў кот, які памеціў вясной усе вуглы, што можна было згубіць прытомнасць ад "водараў", але ж гэта была яго тэрыторыя і яго праца... Ён адчайна ахоўваў сваю тэрыторыю ў той час, як не было плоту, ганяў сабак, якіх пускаў Тор. І гэта праўда, у нас адчайны асёл кот! Кот, які падчас кармлення, выядаў у Тора з талеркі ўсё мяса, пакуль мы накладалі есці, а потым ішоў есці сваё (проста ў гэты час Тор смірна сядзіць і чакае, пакуль яму дазволяць есці, каб не выбіваў талеркі з рук). Але яны сябравалі між сабой, гэта таксама праўда.
А вось Тор... Наш маленькі-маленькі Торушка, вось яго вельмі шкада, ён едзе да бацькоў, але ўсё адно шкада. Тор залежаў ад нас поўнасцю: цяпер нас ня будзе побач, мы не пагуляем з ім, не паганяем качак з ракі, якія кожны раз уцякалі. Не сходзім у лес ў грыбы-ягады... Мы будзем сумаваць, і ён таксама, ён усё разумее і адчувае. Ён вельмі разумны і адданы сабака, сапраўдны ахоўнік і смяшарык: застаўся шакаладны крэм ад "Шакаладніцы", ну ўжо не маглі з'есці, пачаставала Тора. І што Вы думаеце, з'еў, а потым насіўся як не ў сваім розуме, шукаючы нешта ў саломе, вакол хаты. Напэўна, гармоны радасці зайгралі :))))

Але трэба ня думаць пра ўсё гэта, таму што вельмі цяжка становіцца на душы, вельмі-вельмі сумна...

Жыццё мяняецца на 360 град. І будзе добра ці дрэнна цяжка сказаць, таму што шмат нявырашаных пытанняў застаецца, шмат думак, шмат спраў... Але гэта ня лёгка, і вельмі шкада, што не атрымліваецца пакінуць усё так як ёсць...

Сумны аповед атрымаўся, але такі настрой на душы, такі настрой жыцця.
Я ня ведаю як складзецца далей гэтае жыццё, але пакуль гэта апошні аповед блогу.
Кветачка застаецца там, дзе нарадзілася, а мы рухаемся далей...
Бывайце!
І няхай Ваш настрой будзе заўжды квяточным і цудоўным, 
а навокал будзе цёпла і ўтульна :)

З павагай,
Kvietachka!


No comments:

Post a Comment