2015-06-15

Каля Вілейкі, або пра нашае маленькае падарожжа

Вітаю!
Працягваючы аповед пра сваё маленькае падарожжа, дапоўню яго апошнім прыпынкам, які быў каля Вілейкі. Калі ехаць па дарозе, то з абодвух бакоў ёсць невялічкае азярцо. Вось на ім мы пазнаёміліся з гэтай цудоўнай сям'ёй Лебядзяў.


Спачатку мы праехалі гэтае возера, але я заўважыла там Лебедзя-маму з маленькімі лебедзямі, такое прапусціць было нельга. Я ня памятаю, але гэта, магчыма, першы раз у маім жыцці, калі я іх (малых) бачу ў рэальнасці, а не з манетору ці часопісу.


Былі яны на іншым канцы ад дарогі. А іхні бацька ў цэнтры. Я стала фатаграфаваць, размяўляць, і ён пачаў падплываць. Я спужалася, думала, што накінецца на нас, абараняючы сваё сямейства (так было ў адным з паркаў Лондану, калі мы там былі. Праўда, гэта была птушка падобная да пелікана. Былі напісаты аб'явы, што іх нельга карміць, але нейкі мужчына карміў. Дык на яго і напрыгнула гэтая птушка. З таго часу я іх баюся, бо мы праходзілі побач у той самы час, як гэта адбывалася :) І дзівіліся, што вось, нават самі замежнікі парушаюць свае правілы, але пад час нападзення мужчына пачаў лаяцца на расейскай мове :))) Таму ўсё стала зразумела)


За бацькам падплыла і маці з дзетварой. Муж прынес хлеб з машыны і пачаў іх карміць.


Напэўна, ня толькі мы спыняліся для гэтага. Лебедзі зусім не баяліся, я падыйшла амаль да вады, было вельмі зручна фатаграфаваць: мы ім хлеб, яны нам фотаздымкі :)


Але бацька загарожваў сваё сямейства ад нас. Вось які мужны!
Так блізка першы раз іх бачу :)))


І дзетвара. Шэранькія, напэўна такія ж пухлякі, як і качкі з гусямі.


Я думала, што малых толькі трое. Але са спіны прачнуўся яшчэ адзін.
Муж пажартаваў, што ён прачнуўся ад таго, што ўсе астатнія чвакалі клювамі :) А ён прапускаў свой ланч :)
Калі прыгледзецца да фотаздымка, то можна заўважыць ужо галаву.


Вось ён, напэўна самы маленькі.
А я ўсё назірала і думала, вось як мама іхняя адрозніваецца ад бацькі: крылы трымае высока, прыгожа так выглядае.
Але калі выпаўз апошні, то і яна апусціла крылы і стала падобнай да свайго мужа :) Цікава так...


Мы аддалі апошні хлеб, яны пашыпелі на нас, напэўна дзякавалі. І паплылі назад, у глыб возера, далей ад дарогі, а мы паехалі далей, але ўжо да самай хаты без прыпынкаў.
Вось такое нашае маленькае падарожжа!
Прыемных уражанняў, цудоўнага настрою і сонейка :)

No comments:

Post a Comment