Добрай раніцы, калі Вы толькі што завіталі!
Як пачынаецца Вашая раніца?
Мая пачынаецца каля 6, калі пашанцуе :) Бывае і раней, вітае ўсіх малявак птаства-качаняства. Затым Тора, дарослых птушак. І потым, у вельмі смачным варыянце, заканчваецца так...
Запрашаю :)
Рэцэпт - імправізацыя, каб атрымаць больш лёгкую страву, чым на сметанковым масле. І сказаць па праўдзе, я да канца не была ўпэўнена, што атрымаецца смачна, але атрымалася. Таму раю прыгатаваць :)
Што і як (ізноў жа, усё на вока, бо ў такія хвіліны не да ўзважвання :):
- 5 яек (курачкі радуюць такімі смачнымі яйкамі!);
- 0,5 шклянкі карычневага цукру (шклянка каля 200 г, можа меньш), калі любіце больш салодкае, то кладзіце поўную шклянку. Я люблю есці з мёдам, муж з варэннем, таму нам салодкасць ня грае значэння. Я кладу толькі пару лыжак;
- 450 г смятаны (тлустасць ня мае значэнне, у мяне была 23%);
- 0,5 ч.л. пітной соды;
- аўсяная мука: я дадавала каля 4-5 шклянак. Трэба глядзець, калі смятана больш вадкая, то трэба больш. Але трэба памятаць, што мука набухне, і галоўнае не дадаць, чым перабольшыць.
- пара галінак сушанага размарыну для водару, можна замяніць ваніллю, мускатам ці цэдрай цытрусавых. У мяне заставаўся апошні сушаны размарын са свайго садку, даў тут прыемную духмянасць :)
- разынкі. У мяне былі замочаныя ў віне, некалькі штук. Больш як сюрпрыз :)
- некалькі сталовых лыжак аліўкавага алею дадаць у цеста, каб пры смажанні не прыліпала да формы. І можна пекчы!
А пазней і ласавацца :)
Я, як і пісала, люблю з мёдам, але гэты мёд дадаю ў хатні тваражок, а затым усю гэтую смакату дадаю да вафляў, можна есці проста з варэннем і смятанай, або з садавінай-ягадамі. Добра тое, што ёсць пад рукой :)
А калі не дадаваць разынкі і цукар, то атрымаюцца вафлі-хлябцы, якія можна выкарыстаць у бутэрбродах з салёнай рыбай, тварожным сырам і свежым памідорам-гурком. Або з кавалкам печанага мяса і міксам са свежага зяленіва. Галоўнае не ленавацца :) І смачны сняданак гарантаваны!
Смачных сняданкаў і ўсмешак :)
No comments:
Post a Comment