2015-05-10

Суботні шпацыр

Вітаю!
Прыемна так перад сняданкам схадзіць у лясок, нагуляць апетыт :)
Тым больш, што наваколле такое прыгожае, так усё пачынае квітнець, прыгажэць. Што тут скажаш, гэта трэба бачыць...
Садок на месцы старой хаты
Ад хаты засталіся толькі камяні і разваленыя сараі, а вось тое, што стварае прырода, пастаяна. І толькі чалавек гэтую прыроду сапсаваць.
Беражыце прыроду, бо мы толькі яе невялікая частка...


У садку цвітуць яблыні, грушы...
Прыгожа з дарогі выглядае гэтае месца. Вось і захацелася падысці і пагледзець, што там такое цвіце і адкуль узялося.


Прыгожа, ці не так?


І першыя грыбы, шкада што нельга есці :)


Лясная фіалка
Такая маленькая, што не адразу і заўважыш, а калі заўважаеш, то адкрываецца такое хараство, што цяжка паверыць, што гэта нашая прырода так пастаралася. Непатрэбны архідэі і  іншая экзотыка, дастаткова проста завітаць у лес...


Чарнічнік
Павінна быць шмат ягад, калі не будзе моцнай спёкі.
У мінулым годзе было вельмі мала чарніц у нас, назбіралі толькі паесці,
а вось да аўсянкі на сняданак намарозіць не хапіла :(
Думаю, што гэтым годам выправім такую сітуацыю :)


Усю зімку агромістыя лесавозы вазілі дрэвы, сапсавалі дарогі. 
Вось як гэта выглядае...


Добрая лужа для Тора, адзіная радасць ад іхняй працы...


Але лес вельмі сапсавалі, амаль праз кожныя 20 м у лесе нейкія крывыя дарогі.
І гэта ў месцах, дзе былі шыкоўныя ягаднікі і грыбніцы. Шмат дрэў нейкіх пакарэжаных, шмат тоўстых галін проста валяецца.
Сэрца проста рвалася на часткі ад такога!!!
Ці можна так?
І столькі смецця ў лесе пасля гэтых працаўнікоў, што хадзі і збірай замест грыбоў.
Я проста не разумею такіх людзей: у лес нёс поўную бутэльку, пакунак прысмакаў, гэта ж цяжэй, чым забраць назад пустое.
Але ж  не, усё застаецца бездапаможнай прыродзе. Яна не паскардзіцца і не адпомсціць.
І гэта вельмі вялікая шкода, бо такое смецце доўга не гніе, а значыць жывёлы могуць праглынуць які цалафан, ці, як наш Тор, парэзаць лапы бітымі шклянкамі...
Гэта проста нейкія дзікія людзі, не выхаваныя і не зусім разумныя. Іначай і не прыдумаеш.


Лятае шмат матылькоў, такія незвычайныя колеры :)
Шкада, што складана сфатаграфаваць, так хутка лятаюць і не сядзяць на месцы.


Вось толькі адзін сеў на руку, але не раскрыў крылаў. Блакітны.


Гэта працяг садку, калі вярталіся назад.
Нейкія кусты, прыгожыя кветкі будуць.
Хачу каля хаты іх пасадзіць.


Яблыня
У нас каля хаты толькі лісце з'яўляецца, а там ужо кветкі зацвітаюць.


Прыгожа, што тут скажаш :)



Груша
Ды столькі пчол на ёй, дрэва гудзе ў прамым сэнсе :)




Чаромуха
Якраз каля гэтага месца сустрэлі ядавітага гада :) І я пабегла, скачучы з нагі на нагу, было не да фотаздымкаў, было страшна...


У самым канцы нашага невялічкага падарожжа была вось такая дарога.
Прыгожа, па вясковаму проста і неяк утульна ад гэтага.
Ня ведаю чаму...


Каля суседняга дому расце вось гэтая прыгажуня чаромуха.
Прыемны водар даносіцца і да нас. 
Асабліва пасля дажджу паветра было насычана рознымі пахамі: кветак, зямлі, лісця. 
Нібы газаваны напой, гэтыя пахі ўзрываліся ў носе маленькімі бурбалкамі.
І пачуццё такое, што не дыхаеш, а п'еш гэтае паветра. І яно пачынае цячы паўсюль унутры. 
І становіцца вельмі лёгка, вельмі радасна. І нібы крылы вырастаюць...


І паляцеў бы куды-небудзь, проста для таго, каб вярнуцца назад.
Бо тут добра і казачна, часам складана, але пасля адпачынку, як пасля дажджу, дыхаецца іначай. І зусім іншыя думкі і адчуванні :)


Адпачывайце, каб жыццё было весялейшым :)))
Цёплага надвор'я і магчымасці адпачыць :)

No comments:

Post a Comment