2015-03-04

Снег

Вітаю-вітаю!
Пакуль я так чакала вясну, вярнулася зіма :) Не надоўга, праўда, але гэта дазволіла зрабіць некалькі добрых фотаздымкаў. Калі ласка :)


Рыська наш нашкоднічаў, пачаў меціць у хаце вуглы. І цяпер, ужо каля пары тыдняў, мы яго не пускаем у хату. Вось ён разам з Торам і вартуе дзверы :)
Добра, калі кот з сабакам раслі разам: ні сварбы, ні кіпцюроў. Адно сяброўства.


Рыська - вельмі ласкавы каток, любіць ласціцца, абдымацца, бадацца ў руку, у шыю. І вось іду я па сцяжынцы да хаты, а ён бяжыць за мною, каб яго пагладзілі, пашкадавалі, небараку.
Шкадаваць - шкадуем, але ў хату не пускаем :)


І вось такі сняжок сёння быў. Я думала, што атрымаецца папрацаваць у гародзе - лепшае лякарства ад суму і дрэннага настрою - але не атрымалася. Снег усю працу сапсаваў, а было запланавана вельмі шмат...


Адзінае, што добра, курачкі пачалі па трошку несці яйкі. Сказаць па праўдзе, такіх салодкіх яек я ў жыцці не ела ні разу. А ўсё ад таго, што курачкі ядуць чырвоныя бурачкі, моркву, бульбу...
Карацей, натуральнай ежай харчуюцца, бяз розных там хімікатаў. І смачна, я скажу, есці на сняданак такое яйка, варанае або смажанае, галоўнае, каб жаўток быў вадкім. І настрой гарантаваны на ўвесь дзень :) Ня верыце?! Запрашаю частавацца :)
Цудоўнага настрою і смачных яек!

No comments:

Post a Comment