2015-03-17

Свежыя вітаміны або прарошчваем насенне

Вітаю-вітаю!
Вось у маім агародзе на падваконні гэтым годам з'явіліся цікавыя навінкі, пра якія спяшаюся распавесці.
Запрашаю :)

Апошні дзень  прарошчвання... :)


Першы дзень.




Я ўжо і ня памятаю, калі першы раз пакаштавала прарошчанае зерне, гэта была пшаніца. І было вельмі смачна. Вось тады і падумала, што ўсё гэта не абавязкова купляць, а можна зрабіць самой.
Таму цяпер мы кожны дзень ямо вітамінны мікс :)
Я купляю насенне, зерне, крупы, якія спецыяльна пазначаныя для прарошчвання. Так у пакунках больш насення.
Прарошчваю: гарох, нут, грэчку, ячмень, пшаніцу, жыта, крэс-салату, люцэрну, капусту брокалі, фасолю, насенне сланечніка, радыску, чырвоныя буракі.

Спачатку насенне замочваю ў чыстай пітной вадзе на некалькі гадзін. Як на фотаздымку.
Затым ваду зліваю і прамываю насенне. І пакідаю прарастаць з няшчыльна закрытай крышкай, каб паступала паветра. Галоўнае, каб гэта было не пад прамым сонцам.
І затым прамываю раніцай і ўвечары вадой, каб не "закісала".


Вось так выглядае люцэрна на трэці дзень...


А вось так гарох.


Шосты дзень як прарастае авёс.


Шосты дзень гароху.
Гарох у такім выглядзе па смаку нагадвае свежы. Вельмі салодкі і сакавіты. Мы з мужам з'ядаем яго проста так, як перакус паміж сняданкам і ланчам.
Салодкі і хрусткі :)


А вось гэта шосты дзень люцэрны.
Люцэрна наш фаварыт для бутэрбродаў, хутка расце, дае шмат зеляніны. І мае вельмі прыемны смак, грае асаблівую нотку.


І вось так гэтае прарошчванне выглядае ў бутэрбродах :)


Для посту:

  • спелае авакада раздавіць відэльцам, дадаць сок лімону, пару каменчыкаў солі. Пакінуць на некалькі хвілін;
  • хатні багет парэзаць на кавалкі, затым самі кавалкі разрэзаць на дзве часткі. На ніжнюю частку намазаць расцертае авакада. Выкласці некалькі кружочкаў памідораў (або перцу), шчыпяры цыбулі (вось ужо растуць на падваконні), прарошчаную люцэрну. І закрыць зверху другім кавалкам багету. І можна перакусіць паміж працай :)
У іншыя дні можна на хлеб намазаць мяккі тварожны сыр, дадаць пару кавалкаў чырвонай рыбы. Будзе больш тлуста і падыдзе для ланчу.

І так, багет хатні, пякла першы раз. Было вельмі цікава назіраць, як ён "рос" у духоўцы з тонкіх жгуцікаў у тоўстыя багеты. І так прыемна было адламаць скарынку, запіхнуць яе ў варэнне з персікаў... І няхай усё чакае, усё навокал ня мае значэнне, толькі тут і цяпер. Толькі home made :)

Смачных бутэрбродаў, вітамінак і сонечнага настрою, а сонейка апошнія дні радуе :)

No comments:

Post a Comment