2014-07-21

Паляванне на цуды

Вітаю!
Чым больш я жыву на сваёй вёсцы, тым больш мне падабаецца назіраць за прыродай і дзівіцца ёй. Дзівіцца таму, як усё прадумана, як арганізавана. І гэтыя назіранні многаму вучаць. Вучаць, напрыклад, павольнасці, размеранасці жыцця, каб усё было ў свой час. Таму што па жыцці спяшаешся, бяжыш кудысьці, не паспяваеш азірнуцца. А калі рухацца павольна, назіраць за навакольным жыццём, можна сустрэць шмат цудаў, якія хаваліся раней зусім побач.



Вось на такія цуды я і палюю...
І сёння аповед пра прыгожых птушачак :) Нібы папугайчыкі, але мясцовыя, такія яркія, сонечныя. Я нават спецыяльна купіла даведнік пра птушак, каб шукаць імёны. Але вось гэтых прыгажунь пакуль не знайшла. Адзінае, што магу сказаць са сваіх назіранняў, больш яркая птушачка, напэўна, самец, таму што ён вакол цёмненькай усё танцуе і падобных сабе (яркіх) праганяе, а цёмненькіх не кранае :)


Яны такія шпаркія, што мне на некалькі фотаздымкаў спатрэбілася некалькі дзён. Таму што калі прыляталі яны, я была без фотаапарату, а калі была з фотаапаратам, то не прыляталі птушкі. А калі прыляталі, то вельмі хуценька шукалі ежу, бегалі туды-сюды. Прыйшлося насыпаць ім зерня і ціха сядзець, каб яны прывыклі да мяне. І можна было фатаграфаваць.


Сапраўдны цуд...
Ніколі раней ня бачыла такіх птушачак.


Прылятаюць цяпер гэтыя птушкі пастаянна, кормяцца з маім птаствам. 
А я любуюся імі, атрымліваю асалоду :)
І акрамя іх прыляцелі новыя птушачкі, нібы ў чорных акулярах. Таму паляванне працягваецца :)


Цудоўнага настрою :)

No comments:

Post a Comment