2014-07-27

Уражанні дню (нядзеля, ліпень-27-2014)

Вітаю-вітаю!
Сёння выходны дзень, але гэты дзень нічога асабліва цікавага не прынес, таму што вельмі-вельмі горача на вуліцы. Нельга выйсці і пасядзець нават пад яблыняй, духата. Таму і на кірмаш не ездзіла. І сёння ўвесь дзень вышывала, палівала кветкі, планавала справы на тыдзень, карацей займалася хатнімі справамі.
І адзінае, што сёння можна было зрабіць на вуліцы і сфатаграфаваць - вячэра. Духата трошкі спала і з'явіўся вецярок. І мы з мужам змаглі пасядзець у цянёчку, адпачыць ад спёкі і павячэраць. Таму калі ласка з намі і з нашымі смачнымі ўражаннямі.

Печаныя персікі з вяршкамі                                            Макароны з гароднінай



Як звычайна, дзень пачаўся са збору маленькага ўраджаю:

  • два яйкі (бедненькія куры таксама ня вельмі лёгка пераносяць спёку. І за тое ім дзякуй :), 
  • тры маленькія кабачкі, 
  • два гуркі (такія салодкія і сакавітыя, што былі  проста з'едзены), 
  • жменька зяленіва сялеры (сельдэрэя), 
  • цыбуля парэй і шалот, 
  • лапаткі гароху (пакінула на заўтра, каб спекчы яешню на сняданак).


На вячэру было запланавана прыгатаваць гародніну...

  • Спачатку пасмажыла цыбулю на аліўкавым алеі (смажыла ў патэльні з высокімі борцікамі).
  • Дадала рэзаныя на кавалкі баклажаны і кабачкі. Пасаліла. Закрыла крышачкай і тушыла хвілін 10-15, час ад часу перамешвала.
  • Затым дадала рэзаныя на кавалкі памідоры.


Але адной гароднінай мужа не пракорміш :) 
Таму дадала яшчэ макароны. Гародніна аказалася вельмі сакавітай, што макароны тушыліся ў соку гародніны.
Калі, напрыклад, гародніна не дае столькі соку, то можна дадаць палову шклянкі вады. І тушыць.


10-15 хвілін пасля таго, як закінула макароны і можна вячэраць. Пасыпаць сырам на свой густ...
І атрымалася вельмі-вельмі смачна, макароны атрымаліся масляністымі і поўнасцю праняліся сокамі гародніны. Вельмі незвычайны і прыемны смак.
Муж сказаў, што я, нарэшце, навучылася гатаваць баклажаны. Але ёсць адзін маленькі сакрэцік...


І сакрэцік гэты - чорны цукар.
Гэты незвычайны цукар быў прывезены з Вільні. Вытворца Бразілія. Мае вельмі моцны пах патакі. І хоць называецца цукрам, але не такі салодкі, калі параўноўваць са звычайным белым цукрам.
Вось яго я дадаю, калі тушу гародніну, ён дае прыемны смак і змяньшае кіслату памідораў.


А з персікамі ўсё вельмі проста было. Магчыма Вы памятаеце пірог з марэлямі, вось тут тое самае, толькі без цеста. Атрымалася выдатна!
І скончыўся вечар праглядам Грунчыка (Гадкий я). Мой любімы мульт. Калі Вы не глядзелі, абавязкова паглядзіце, вельмі-вельмі прышпільны і смешны :)
А як у Вас праходзяць выходныя?
Лёгкага працоўнага панядзелку :)

No comments:

Post a Comment