2014-07-26

Наліснікі з тварагом і сырам (Мясцовы сняданак суботы)

Добрай суботняй раніцы!
Сёння такая спёка ў нас, што з ценю не хацелася сыходзіць. Але справы не чакаюць...
І адна з галоўных спраў суботы - сняданак.
Сёння ў нас на сняданак наліснікі з тварагом і сырам. Калі ласка :)


Пісаць пра тое, як пекчы наліснікі ня буду, таму што ў кожнай гаспадыні ёсць свой рэцэпт, добра правераны гадамі і хатнімі жыхарамі.


Напішу толькі пра начынне:
  • адныя наліснікі (квадрацікі на фотаздымках) з салодкім тварагом+кавалкі персікаў, якія далі сакавітасць і лёгкую кіслінку.
  • другія (доўгія) - мае любімыя - з сырам. Сыр я выкарыстоўваю цвёрды, рэжу на кавалкі і заварочваю ў наліснік. І трошкі грэю на патэльні, каб сыр плавіўся. Можна есці са смятанкай, калі сыр салёны. З усіх сыроў, якія мы каштавалі, у блінах самы смачны сыр фінскі Альтэрман, такі сметанковы саланаваты смак, добра плавіцца. Карацей, самае тое, што трэба для начыння наліснікаў. 
Снедалі, як звычайна, на свежым паветры. Толькі збеглі ад дому пад яблыньку, таму што вельмі-вельмі горача з раніцы. Хочацца схавацца пад дрэва і не вылазіць. Там хоць які вецярок бывае ў адрозненні ад хаты, дзе адчынены вокны і працуе "дзьмухаўка" (вентылятар:)



На сняданак прыйшлі ўсе хатнія жыхары.
Рыська правярае, што сёння за страва...


І калі нічога не атрымліваецца сцягнуць, проста любуецца кветкамі...


Торушка таксама быў бы ня супраць паласавацца, але такая спёка загнала яго ў сваю буду, якую ён выкарыстоўвае вельмі-вельмі рэдка: адзін раз улетку, калі спёка, і адзін раз узімку, калі моцны мароз і завіруха... Сёння якраз такі дзень.


Таму паснедаўшы без канкурэнтаў, запланаваўшы дзень, мы пайшлі па справах. Чаго і Вам жадаю...
Цудоўных выходных :)

No comments:

Post a Comment