Вітаю-вітаю!
Вырашыла я пачаць пісаць у сваім блогу пра ўражанні, якія дорыць мне дзень. Бываюць дні багатыя на ўражанні, бываюць ня вельмі. Але тое, што ў кожным дні ёсць штосьці, што здзіўляе і захапляе мяне, гэта праўда. Таму гэтым хачу падзяліцца :)
Уражанні падарыў мне панядзелак, 21 ліпеня...
|
Прыемная навіна - пачынаюць зацвітаць астры. |
Мая раніца пачынаецца са шпацыру да птаства і агароду. Птаства было зацікаўлена толькі ў ежы, таму фатаздымкі не атрымаліся :) А вось кветкі прыемна парадавалі.
Але першае моцнае ўражанне я атрымала ад тэмпературы, якую за вакном паказваў тэрмометар а восьмай раніцы...
|
Я працерла адно вока, паказвае 40 градусаў С. Я працерла другое вока, усё тое ж. Я пайшла памыла твар, памыла вочы... Ну Вы здагадаліся, што тэмпература ўсё адно не змянілася :) |
|
Першымі мяне сустрэлі лілеі. Цыбуліна была куплена ў мінулым годзе, але Тор яе зламаў і яна не цвіла. Я ўжо думала, што нічога ня будзе з кветкі. А гэтым годам такая прыгажосць вырасла. |
|
Прыгожая ружачка падаравала прыемны водар. Вельмі мне падабаюцца кветкі, якія маюць водар. |
|
Вельмі духмяныя флёксы. Правы ніжні расце ў маім садку ўжо трэці год. А вось тры іншыя навасёлы, купіла ў мінулую нядзельку на мясцовым кірмашы. Пакуль ехала дахаты яны мяне сваімі водарамі дурманілі :) |
|
Яшчэ адзін новы жыхар майго садку. Ня ведаю як называецца гэтая кветка, але вельмі прыгожая і высокая, а галоўнае - белая. Апошні час вельмі мне падабаецца белы колер: у посудзе, у кветках, у мэблі, у вопратцы. Карацей, белы і зялёны мае фаварыты, а яшчэ аднекуль узяўся ружовы :) |
|
Нібы штучная гартэнзія ўразіла сваімі колерамі. Так прыемна разглядаць пялёсткі, чым я, сказаць па праўдзе, і займалася, седзячы ў птаства... |
|
А вось тут была прыемная нечаканка, таму што пакуль я зразумела, што мае такі мяккі квяточны водар, прайшло шмат хвілін. А гэта была мацярдушка (Origanum L). |
|
Нагаткоў нарасло ў гародзе, што добра, вельмі шмат. Буду сушыць на гарбату. Прама цэлыя жоўтыя аблокі. Цікава таксама тое, што гэтым годам я іх не сеяла, гэта яны самі з мінулага году насеяліся і вось радуюць мяне. |
|
Прыгожыя аксаміткі, на жаль, узышлі вельмі дрэнна. А аксаміткі, якія павінны былі быць крэмавага колеру, ўвогуле зацвілі жоўтым. Але прыгажосць і раскоша тых, што цвітуць, вельмі радуюць мяне. |
|
А гэтая кветка - стаціца (Кермек). Я звычайна купляла гэтыя кветкі ў краме, мая вербачка была ўпрыгожана такімі кветкамі. Гэта cухацветы. І вось яны выраслі ў маім садку, што вельмі-вельмі прыемна. Сеяла праз расаду вясною. |
|
Пятуніі, мой гонар :) Другі год сама вырошчваю гэтыя цудоўныя кветкі. Мінулым годам сеяла простую сумесь колераў. Яны яшчэ і самі насеяліся, і цвітуць гэтым годам. І мелі вельмі моцны і прыемны салодкі водар. Гэтым годам вырашыла сеяць штосьці больш разнастайнае, але гэта аказалася больш складаным, таму што насення ў пакунках было па 5 шт, і яны ня вельмі добра ўзышлі, а затым і тое, што ўзышло, сапсавалася. Таму захаваліся толькі жоўтыя і чырвоныя пятуніі. Ну і сумесь колераў (белы, ружовы, фіялетавы), таксама прыгожых і духмяных. |
|
Напэўна, галоўнай прычынай, чаму я вырашыла пісаць пра ўражанні, стаў гэты французскі торт з грушамі. Проста ён быў такім смачным, ну вельмі-вельмі смачным, што знік вельмі-вельмі хутка... Застаўся толькі адзін фотаздымак і прыемны пах мігдалаў і печаных груш. А як пісаць тады аповед пра пірог?! Вось так і прыйшла ідэя пра ўражанні :) І як сказаў муж, настрой быў дрэнны пасля цяжкага працоўнага дню, а тут такія водары і смакі... Што сказаць, праца ў мяне такая, ствараць добры настрой... |
|
А дзякаваць за рэцэпт трэба адной з гэтых кніг Ірыны Чадзеевай:) Ейныя кнігі вельмі класныя, столькі прыгожых фотаздымкаў, добрых рэцэптаў. Ірына, дзякую за прыгажосць і смакату :) |
Спадзяюся, што і ў Вас настрой стварыўся сонечны і квяточны!
Цудоўнага дню :)
No comments:
Post a Comment