2014-07-12

Пірагі з марэлямі і капустай (Мясцовы сняданак суботы)

Усім добрай суботняй раніцы!
Няхай гэтыя выходныя будуць сонечнымі і прыемнымі :)
А ў нас сняданак суботы (забягу наперад і скажу - такія водары сёння напаўнялі хату... Слінкі цяклі :)
Пірог з капустай  і пірог з марэлямі (Prunus armeniaca або абрыкос).



Ужо збіраю ўраджай :)
Капуста пак-чой ужо адышла, заканчваецца кальрабі (вару супы, раблю салаты), квяцістая капуста толькі-толькі пачынаецца. І некалькі качанчыкаў будзе тыпу "ранняй", але ў мяне яна ўжо не такая і ранняя :) І яшчэ пасаджана брокалі і брусэльская, але гэта значна пазней будзе.


Цеста рабіла па гэтым рэцэпце, але не пакідала на ноч, а на паўгадзіны паклала ў лядоўню. І вынік вельмі парадаваў, цеста атрымалася вельмі мяккім, смак вельмі адрозніваецца ад таго, калі пакідаць на ноч у лядоўні.

Так, спачатку прыгатавала цеста, паклала ў лядоўню і пачала рабіць начынне. І ўключыла духоўку на 200 градусаў С (ф-цыя "верхняе і ніжняе награванне").
Першы пірог (як асноўная страва сняданку) з капустай кальрабі і квяцістай капустай (выраслі капусты на маім гародзе, што вельмі прыемна і экалагічна :).

Што і як:
  • адзін качанчык кальрабі
  • адзін качанчык квяцістай капусты (і тую, і тую капусту або адварыць (закінуць у кіпень на 5 хвілін, або на ф-цыі "параварка" запекчы ў духоўцы. Разабраць на суквецці квяцістую, а кальрабі парэзаць на кавалкі)
  • дзве цыбуліны (таксама з гароду)
  • 4 яйка (дзякуй курачкам)
  • некалькі галінак чабору (тимьян) (таксама з гароду)
  • 350 г вяршкоў 35% тлустасці (сливки)
  • 300 г сыру
  • 80 г белага віна
  • змелены чорны перац і соль на свой густ
На патэльні... Дарэчы, у мяне новая шыкоўная патэльня! Як мне яна падабаецца, такая зручная, вельмі прыемна на ёй гатаваць. Чугунная, таму вельмі цяжкая, наліснікі на ёй не пасмажыш, а вось штосьці іншае - лёгка. Асабліва мне падабаецца драўляная ручка, такая прыгожая: нагадвае тую патэльню, якой карысталася мая мама ў дзяцінстве.
Патэльня ад Le Creuset, прывезена з Вільні. Там яшчэ столькі каструлькаў шыкоўных, але вельмі дарагіх. Затое гатаваць на такім посудзе адно задавальненне...
 


Дык вось, на патэльні грэю алей і кавалачак сметанковага масла. Закідаю рэзаную цыбульку і смажу да мяккасці. Затым дадаю белае віно, смажу, пакуль віно ня выкіпіць. Здымаю і пакідаю стыць.


Тым жа часам стаўлю ў каструльцы вяршкі на павольны нагрэў, тру сыр і сыплю да вяршкоў. І чакаю, пакуль сыр топіцца, час ад часу варочаю лыжкай. У гэты ж час ўзбіваю яйкі. Як толькі вяршкі загусцелі, заліваю часткамі ў яйкі, пастаянна памешваючы. Дадаю да вяршкоў-сыру-яек чабор, перац, соль, перамешваю. Дадаю смажаную цыбулю і стаўлю ў бок. Цяпер праца з цестам.

Чабор свой, вырошчвала з насення.
Таксама расце ў гародзе размарын, маяран і лаванда.


Дастаю цеста з лядоўні, дзялю на два роўных кавалкі, катаю і выкладаю ў дзве круглыя формы з высокімі борцікамі. Наколваю відэльцам (працэс можна пагледзець тут, тая ж спасылка, што была вышэй).
Для пірага з капустай выкладаю кальрабі і квяцістую капусту на цеста, заліваю сумессю вяршкоў-сыру-яек-цыбулі. І стаўлю пекчы ў духоўку на 40-50 хвілін.


На свой кавалак, як звычайна, дадаю сыр з цвіллю. І можна снедаць :)
Пірог атрымаўся нібы суфле, вельмі лёгкі. Ясі і не заўважаеш. І цеста вельмі смачнае атрымліваецца па гэтым рэцэпце, крохкае і тонкае. Вельмі добра для сняданку.


Для пірага з марэлямі:
  • форма з цестам
  • марэлі (дастаць косткі, выкласці ў форму столькі, колькі змесціцца - самы першы фотаздымак)
  • 350 г смятаны (23% тлустасці ў мяне была)
  • 100 г цукру (мой цукар стаяў ў шклянцы з галінкамі натуральнай ванілі)
  • 50 г мукі
Як я ўжо пісала вышэй, у форму выкласці цеста і накалоць відэльцам. З марэлі дастаць косткі і разрэзаць на кавалкі, выкласці на цеста так, каб зрэз быў зверху (так цеста не размокне ад соку).
Прыгатаваць крэм, якім заліць марэлі: змяшаць смятану, муку і цукар. Пачакаць, пакуль цукар растворыцца. І выліць на марэлі. Пекчы хвілін 40-50. 



І можна ласавацца.


Пры запяканні марэля становіцца больш кіслай, таму ўлічвайце гэта, калі будзеце гатаваць.
Але вось водар такі смачны ад гэтага пірага, такі салодкі: водар натуральнай ванілі і печанай марэлі!!!
Я думаю, што калі гатаваць такі дэсэрт бяз цеста, то атрымаецца таксама вельмі добра. Магчыма нават лепш, чым з цестам.
Ну я пайду... а то пірог прападае ад сняданку... І ходзяць тут розныя, пад'ядаюць... Мала ці што...


Смачна есці :)

No comments:

Post a Comment