2014-07-31

Уражанні дню (чацвер, ліпень-31-2014)

Ку-ку-ку :) Замест звычайнага "Вітаю"...
Проста настрой вельмі добры, таму што зрабіла шмат спраў, можна сказаць, што нават адпачыла добра за гэтымі справамі, ад чаго яшчэ больш прыемна.
І знайшла пару добрых фотаздымкаў, якія вельмі ўдала перадаюць мой настрой і ўражанні ад апошняга дню ліпеня.
І вось застаўся апошні месяц лета, так шкада...
Ну вось патлумачце мне, калі ласка, ну калі - калі былі гэтыя два месяцы? Вы заўважылі? Я не, зусім-зусім нееее... Я бы так і жыла ў гэтых двух месяцах, а потым бы адразу баццц, і снег, Новы год, зіма, без восені. Я так не люблю восень, ня ведаю чаму ну недзе ў глыбіні душы здагадваюся, што ня вельмі хацелася ідці ў школку раней...
Але восень яшчэ толькі будзе праз месяц, мне надакучыць спёка і я буду радая, што прыйшла восень, а пакуль ёсць кветкі, настрой будзе і ў гарачае лета! Калі ласка:)
...
Ружы вельмі радуюць гэтым летам.
Адныя ўжо адцвілі, другія толькі-толькі пачынаюць. Прыемна...

...
Лілеі гэтым годам былі перасаджаныя, таму кветак і колераў мала.
І я яшчэ выбрала восем гатункаў лілей, якія прыедуць да мяне восенню, а наступным годам, я спадзяюся, будуць цвісці :)

...
І лабелія нагадвае маленькае мора ў садку, такі ў яе прывабны колер.
Наступным годам абавязкова буду садзіць гэтыя кветкі, толькі значна больш, чым гэтым годам.
Я і не чакала, што атрымаецца прыгожа і проста адначасова.


Заўтра пятніца, а значыць хутка выходныя, хутка сняданак суботы :)
Цудоўнай пятніцы :)
І дажджу, так яго даўно не было, што вада ў студні скончылася :(

Уражанні дню (серада, ліпень-30-2014)

Вітаю!
Дні не проста ідуць, а імчаць. Паспявай толькі рабіць тое, што запланавана. Сказаць па праўдзе на ўражанні часу зусім не хапае, на жаль.
Толькі на ўспаміны, таму што калі сядзіш за працай увесь дзень, то хочацца ціха адпачыць, пачуць мора, убачыць заход сонца, адчуць лёгкі марскі вецярок...
І зразумець, што такое ўжо было ў жыцці... Пяць год таму... Паланга...


Хутка выходныя, якія падораць новыя ўражанні :)
Цудоўнага дню!

2014-07-29

Уражанні дню (аўторак, ліпень-29-2014)

Вітаю!
Сёння быў у мяне звычайны працоўны дзень, які, нарэшце, скончыўся. Скончылася спёка, і можна спакойна пасядзець з кубачкамі гарбаты ў садку...


Гарбата ў нас незвычайная проста! Свае зёлкі з гароду: кветкі нагаткоў і пару галінак мяты (нейкая мята дзіўная ў нас, не падобная на простую мяту).
Такі прыемны водар і смак! Гэты водар - водар лета для мяне. Раней сушыла гэтыя зёлкі, каб было што варыць зімой, але больш не сушу. Проста водар зімы для мяне - гэта гарбата з ліпы. І іначай не магу чамусьці :)


А да гарбаты смачныя трубачкі з кунжутам.
Рэцэпт той жа, што і для вафляў :) Толькі пекчы на іншай прыладзе...



А гэта проста для настрою...
Проста падумала, што жыццё як лесвіца, па якой бывае проста падымацца, а бывае ня вельмі. Але кожная прыступка так ці іначай застаецца ў мінулым, а ў будучым чакае шмат іншых прыступак... Так і жывем...



Добрага настрою і лёгкага працоўнага дню заўтра!

Уражанні дню (панядзелак, ліпень-29-2014)

Прывітанне:)
Я са спазненнем (выбачаце:) хачу распавесці пра тое, што ўчарашні панядзелак быў не проста днём уражанняў, а днём адкрыццяў...
...
Аказваецца, што лапаткі маладога гароху, смажаныя з яйкам - гэта ня проста смачна, гэта вельмі-вельмі незвычайна!


У нядзельку я нарвала гароху, памыла, парэзала на кавалкі і паставіла ў лядоўню (папярэдне пакаштавала адзін кавалак, ці дакладна ён салодкі і мяккі). Муж пачаў крыўдзіцца: "Ну што ты мой гарох сапсавала! Тут жа няма чаго есці..."
Ну такія разважанні перад тым, як я штосьці гатую, бываюць часта. "Я ня думаю, што атрымаецца смачна", - і праз колькі часу каля амаль пустога посуду, -"Ммммм... Вельмі смачна! Я такі здзіўлены, што так атрымалася..." Карацей, Вы зразумелі сэнс :)

І вось гэты гарох, з узбітымі яйкамі (дзякуй курачкам, што радуюць) і некалькімі каменчыкамі марской солі смажыліся на патэльні. 
Я спачатку смажыла на аліўкавым алеі гарох (хвілін 15-20 пад крышачкай), дадала 1 ці 2 ст.л. вады. Узбіла яйкі з соллю, выліла на патэльню з гарохам і закрыла крышачкай. І яйкі не смажыліся, а нібы запякаліся пад крышачкай.


Пасыпала яйкі з гарохам цертым сырам. Зрабіла салату са свежых памідораў і белай цыбулі, дадала смятану. І можна вячэраць у цянёчку пад яблынькай...


...
Другое адкрыццё было каля кампосту (месца, куды мы кідаем рэшткі ежы, яблыкі, якія цяпер нападалі, рознае лісце-траву, якія гніюць і ператвараюцца ва ўгнаенне). І як бы не было смешна, але на кампосце вырас гарбуз. Напэўна, трапіла насенне ад тых гарбузоў, што елі.
Ды такі шыкоўны гарбуз, столькі маленькіх гарбузікаў на ім завязалася... Больш, чым на тых кустах, што растуць у гародзе.
Вось як яму тут падабаецца!

...
Маленькія ўраджаі...
Я разумею, што штосьці магу не заўважаць, таму што зрок дрэнны (і першае, што я раблю раніцай - гэта надзяю лінзы). Але як маглі такія "коні" схавацца ад мяне... Я ня ведаю :) 

...
Сунічкі дораць невялікую, але прыемную асалоду амаль кожны дзень.

...
І астры дораць сваю прыгажосць. Пішу аповед, а побач стаяць гэтыя прыгожыя кветкі і нібы ўсміхаюцца мне. Такія простыя кветкі. Але ў кожнай сваё хараство, свая прыгажосць. На першы погляд здаецца, што кветкі аднолькавыя. Але кожная адрозніваецца адценнем колераў, пялёсткамі... Колькі я сачу за гэтымі прыгажунямі, столькі дзіўлюся ім, іх незвычайнасці.

 ...
Канешне, дзень не ідэальны. І без суму не атрымалася.
Тут тое, што засталося пасля Тора ад маёй прыгожай ружы...
Атрымалі і Тор, і гаспадар :) 

Добрага настрою :)

2014-07-27

Уражанні дню (нядзеля, ліпень-27-2014)

Вітаю-вітаю!
Сёння выходны дзень, але гэты дзень нічога асабліва цікавага не прынес, таму што вельмі-вельмі горача на вуліцы. Нельга выйсці і пасядзець нават пад яблыняй, духата. Таму і на кірмаш не ездзіла. І сёння ўвесь дзень вышывала, палівала кветкі, планавала справы на тыдзень, карацей займалася хатнімі справамі.
І адзінае, што сёння можна было зрабіць на вуліцы і сфатаграфаваць - вячэра. Духата трошкі спала і з'явіўся вецярок. І мы з мужам змаглі пасядзець у цянёчку, адпачыць ад спёкі і павячэраць. Таму калі ласка з намі і з нашымі смачнымі ўражаннямі.

Печаныя персікі з вяршкамі                                            Макароны з гароднінай



Як звычайна, дзень пачаўся са збору маленькага ўраджаю:

  • два яйкі (бедненькія куры таксама ня вельмі лёгка пераносяць спёку. І за тое ім дзякуй :), 
  • тры маленькія кабачкі, 
  • два гуркі (такія салодкія і сакавітыя, што былі  проста з'едзены), 
  • жменька зяленіва сялеры (сельдэрэя), 
  • цыбуля парэй і шалот, 
  • лапаткі гароху (пакінула на заўтра, каб спекчы яешню на сняданак).


На вячэру было запланавана прыгатаваць гародніну...

  • Спачатку пасмажыла цыбулю на аліўкавым алеі (смажыла ў патэльні з высокімі борцікамі).
  • Дадала рэзаныя на кавалкі баклажаны і кабачкі. Пасаліла. Закрыла крышачкай і тушыла хвілін 10-15, час ад часу перамешвала.
  • Затым дадала рэзаныя на кавалкі памідоры.


Але адной гароднінай мужа не пракорміш :) 
Таму дадала яшчэ макароны. Гародніна аказалася вельмі сакавітай, што макароны тушыліся ў соку гародніны.
Калі, напрыклад, гародніна не дае столькі соку, то можна дадаць палову шклянкі вады. І тушыць.


10-15 хвілін пасля таго, як закінула макароны і можна вячэраць. Пасыпаць сырам на свой густ...
І атрымалася вельмі-вельмі смачна, макароны атрымаліся масляністымі і поўнасцю праняліся сокамі гародніны. Вельмі незвычайны і прыемны смак.
Муж сказаў, што я, нарэшце, навучылася гатаваць баклажаны. Але ёсць адзін маленькі сакрэцік...


І сакрэцік гэты - чорны цукар.
Гэты незвычайны цукар быў прывезены з Вільні. Вытворца Бразілія. Мае вельмі моцны пах патакі. І хоць называецца цукрам, але не такі салодкі, калі параўноўваць са звычайным белым цукрам.
Вось яго я дадаю, калі тушу гародніну, ён дае прыемны смак і змяньшае кіслату памідораў.


А з персікамі ўсё вельмі проста было. Магчыма Вы памятаеце пірог з марэлямі, вось тут тое самае, толькі без цеста. Атрымалася выдатна!
І скончыўся вечар праглядам Грунчыка (Гадкий я). Мой любімы мульт. Калі Вы не глядзелі, абавязкова паглядзіце, вельмі-вельмі прышпільны і смешны :)
А як у Вас праходзяць выходныя?
Лёгкага працоўнага панядзелку :)

2014-07-26

Наліснікі з тварагом і сырам (Мясцовы сняданак суботы)

Добрай суботняй раніцы!
Сёння такая спёка ў нас, што з ценю не хацелася сыходзіць. Але справы не чакаюць...
І адна з галоўных спраў суботы - сняданак.
Сёння ў нас на сняданак наліснікі з тварагом і сырам. Калі ласка :)


Пісаць пра тое, як пекчы наліснікі ня буду, таму што ў кожнай гаспадыні ёсць свой рэцэпт, добра правераны гадамі і хатнімі жыхарамі.


Напішу толькі пра начынне:
  • адныя наліснікі (квадрацікі на фотаздымках) з салодкім тварагом+кавалкі персікаў, якія далі сакавітасць і лёгкую кіслінку.
  • другія (доўгія) - мае любімыя - з сырам. Сыр я выкарыстоўваю цвёрды, рэжу на кавалкі і заварочваю ў наліснік. І трошкі грэю на патэльні, каб сыр плавіўся. Можна есці са смятанкай, калі сыр салёны. З усіх сыроў, якія мы каштавалі, у блінах самы смачны сыр фінскі Альтэрман, такі сметанковы саланаваты смак, добра плавіцца. Карацей, самае тое, што трэба для начыння наліснікаў. 
Снедалі, як звычайна, на свежым паветры. Толькі збеглі ад дому пад яблыньку, таму што вельмі-вельмі горача з раніцы. Хочацца схавацца пад дрэва і не вылазіць. Там хоць які вецярок бывае ў адрозненні ад хаты, дзе адчынены вокны і працуе "дзьмухаўка" (вентылятар:)



На сняданак прыйшлі ўсе хатнія жыхары.
Рыська правярае, што сёння за страва...


І калі нічога не атрымліваецца сцягнуць, проста любуецца кветкамі...


Торушка таксама быў бы ня супраць паласавацца, але такая спёка загнала яго ў сваю буду, якую ён выкарыстоўвае вельмі-вельмі рэдка: адзін раз улетку, калі спёка, і адзін раз узімку, калі моцны мароз і завіруха... Сёння якраз такі дзень.


Таму паснедаўшы без канкурэнтаў, запланаваўшы дзень, мы пайшлі па справах. Чаго і Вам жадаю...
Цудоўных выходных :)

2014-07-25

Уражанні дню (пятніца ліпень-25-2014)

Вітаю-вітаю сонечным днём, дакладней вечарам!
Напэўна летнія вечары - самыя цудоўныя, якія можна толькі прыдумаць. А самы-самы лепшы вечар - гэта вечар пятніцы... Таму што заўтра будзе субота, і будзе сняданак... Ммммм... :)
Але сёння пятніца, і я, як звычайна, дзялюся тут сваімі ўражаннямі, якія паспела назбіраць за дзень у адзін са сваіх прыгожых кошыкаў...
...
І першай настрой падняла прыгожая ружачка. На жаль, я ня ведаю, як называецца гэты сорт. Была прывезена з Вільні пару год таму. У яе такі прыгожы колер пялёсткаў, адзін не падобны да другога.

...
А вось адзін з новых жыхароў садку  - ружачка "Леанарда да Вінчы".

...
Пятуніі не перастаюць здзіўляць сваімі колерамі і пахамі...

...
А вось і самы прыемны момант дню: маленькія ўраджаі :)
Памідорыкі "Залаты кароль".

...
Цікавы сорт памідорыкаў "Tigerella".


Памідорыкі гэтым годам ня вельмі ўдалыя, яны вельмі сапсаваліся ў траўні, калі надвор'е вельмі скакала то ў адзін бок, то ў другі. Але тое, што вырасла, таксама радуе...
...
Круглыя кабачкі. Вельмі прышпільныя!
Праз колькі дзён можна будзе зрэзаць, каб начыніць мяскам і запекчы. Чакайце навін :) 

...
Гарохі ўжо маюць шмат лапатак, якія таксама можна зрэзаць яшчэ малодзенькімі і стушыць са смятанкай...

...
Ііііііі... Першыя гурочкі... Такія салодзенькія, такія сакавітыя і пахучыя... Вось яно, шчасце!

...
А вось каляровая капустачка, першая капуста ўжо адышла, вось ужо другі ўраджай можна збіраць...

...
Прыемнай нечаканкай сталі ў гародзе сунічкі, кусцікі якой я купіла вясной.
Яны і цяпер цвітуць і частуюць вельмі салодкімі і духмянымі ягадкамі...


...
Як Вы ўжо ведаеце, для гароду ў мяне ёсць кошычак, каб збіраць цуды, якія выраслі на градах.
Але сёння ўсё, што знайшла, было вялікай нечаканкай, таму ўраджай у хату прыехаў у такім выглядзе :) Ну добра, часта так бывае...

...
А вось тут маё ўлюбёнае месца ў садку: яблынька і лаўка. Так прыемна сядзень у цянёчку, калі спёка. Бывае і вецярок заскочыць у госці, каб перабраць ніткі, якімі я там вышываю, або пакаштаваць квас, які муж прынясе, турбуючыся ці няма ў мяне смагі... І яблынька ўважліва сочыць за ўсім і шэпча свае гісторыі, якія бачыла раней. І тады слухаю яе я... І сказаць па праўдзе, гэта самая прыгожая мелодыя, якую толькі можна пачуць...
Паспрабуйце таксама паслухаць, гэта тое, чаго бывае вельмі не хапае ў паўсядзённым жыцці...


Цудоўных выходных!
Няхай яны пройдуць так, як пра гэта марыце Вы :)

Уражанні дню (чацвер, ліпень-24-2014)

Вітаю!
Але так хацелася сказаць ку-ку, таму што такі сёння цудоўны настрой:) Атрымалася шмат зрабіць спраў, скончыць тое, што вісела некалькі дзён, зрабіць яшчэ адно прыгожае месца ў садку, якое пакажу пазней. І гэта пры тым, што спаць легчы атрымалася ўчора каля паловы чацвёртай раніцы. Але дзень атрымаўся сонечным, прыемным і сакавітым ад кавуна (уууу, кавун ужо трэці купляем і трэці раз кавун атрымліваецца проста цукар).
Напэўна настрой на ўвесь дзень мне паднялі мае прыгожыя кошычкі. Пра іх і пойдзе аповед, таму што гэта адзінае, што атрымалася сфатаграфаваць сёння...


Кошычкі мне вельмі падабаюцца. Ёсць для грыбоў, для ягад, для зёлак, для свянцонага на Вялікдзень, для яек. І вось цяпер у мяне на два кошычкі больш. Я проста скачу ад захаплення :)

Кошычкі, якія больш за ўсё падабаюцца...


Самы вялікі кошык на фотаздымку прывезенены з Вільні. Ім карыстаюся, калі еду на кірмаш. Шмат можна пакласці садавіны, якая цэлай даедзе дахаты. Вельмі зручны кошык. Нават з ім ходзім да ракі (нясем у ім розныя смачнасці для ланчу).

Адзін з новых кошычкаў мне падаравалі бацькі мужа. Прывезены з Латвіі.
Такі прыгожы кошычак, шкада нават карыстацца :) Але вельмі зручны, ручкі рухаюцца, шмат што можна пакласці ў яго. Не кошычак, а прыгожая плеценая торбачка...


Другі - белы - быў замоўлены ў мясцовага майстра, ён пляце з нейкіх лентаў. Часта бачыла на кірмашы, але колеры там такія былі, што проста жах. А мне так хацелася белага колеру, спытала, майстар згадзіўся. І вось у мяне такая прыгажосць, вельм-вельмі зручная...
Нават Торушка ўсміхаецца. Сабе, напэўна, хоча такую :)


А гэты маленькі кошычак - агародны:) З ім я хаджу за зёлкамі для гарбаты, зяленівам на салату...


Ну вось так прыемна скончыўся яшчэ адзін летні дзянёк, а іх так мала засталося...
Таму шукайце і захоўвайце ўражанні і цуды жыцця, іх вельмі шмат навокал...
Цудоўных уражанняў :)

2014-07-24

Уражанні дню (серада, ліпень-23-2014)

Прывітанне, шаноўнае спадарства!
Учора так закруцілася, што своечасова не паспела выкласці аповед пра дзень:) Але цяпер ёсць трошкі вольнага часу, таму я тут, і тут мае ўражанні...


Як я пісала раней, асаблівае задавальненне мне дораць кветкі. Кожную раніцу я шпацырую па сваім садку і гародзе, правяраю, што яшчэ нарадзілася за ноч. І вось сёння дару маленькі букецік кветак стаціца...


Паставіла ў шклянку без вады, каб яны засушыліся і захавалі колеры :)

Але самай галоўнай падзеяй былі дранікі...


І дранікі былі з бульбы, якую я вырошчвала сама на гародзе, збірала жукоў, палола. Карацей, без хімічных сродкаў, што вельмі радуе :) Бульба вырасла самая натуральная і экалагічная.
І вось ужо збіраем ураджай. Было пасаджана 3 ці чатыры кошыкі, а капаю я ўжо ў трэці раз і атрымліваю пяцілітровае вядро.

Але як жа гэта было смачна! 
Што і як:
  • пяцілітровае (5 л) вядро бульбы
  • 4 яйкі (курачкі дораць кожны дзень, за што ім вялікая ўдзячнасць ад нашага маленькага сямейства :)))
  • 3-4 ст.л пшанічнай мукі
  • соль (некалькі каменчыкаў марской солі дадала ў яйкі, калі ўзбівала)
Усе мы бульбашы, усе ведаем як рабіць дранікі :) Таму далей без каментараў...

Мой муж вельмі любіць дранікі. Нават першая страва, якой ён мяне частаваў, калі мы сустракаліся, былі дранікі, якія сам і прыгатаваў. Праўда, пасля гэтага больш нічога не гатаваў за пяць год сумеснага жыцца, але смак тых дранікаў я буду памятаць вечна :)
Ну а гэтыя дранікі са свежай бульбы атрымаліся проста ўлётнымі, салодзенькімі, мяккімі... Так і прасіліся на вячэру на вуліцы...
І варэнне з персікаў...


Атрымалася не варэнне, а мёд!
Муж прывез 12-15 кг персікаў, прыйшлося варыць варэнне. Такія пахі напаўнялі хату, што не хацелася выходзіць з кухні. Звычайна калі я штосьці гатую, нічога не каштую не аблізваю лыжкі... Але тут было цяжка стрымацца :)

Што і як:
  • Персікі памыла, парэзала на кавалкі, змалола блэндэрам на пюрэ, засыпала цукрам ( цукар звычайна суплю "на вока", тут пайшло прыблізна па 0,5 кг на 2-2,5-3 л пюрэ з персікаў)
  • Варыла каля пары гадзін, пакуль усё пюрэ не пачало кіпець
  • Разліла ў гарачыя шклянкі і закрыла крышачкамі
  • Паставіла пад коўдру на ноч
  • І можна ласавацца...

Варэннага настрою Вам, сябры!
А я паскала за новымі ўражаннямі...