2017-04-14

Для настрою :)


Вітаю!
Пакуль адсутнічала, мой агарод на падваконні падрос :)
І гэта так радасна! Радуюся кожнаму новаму лісточку, кожнай костачцы лімона, якая ўзышла, а ўзошло іх штук дзесяць 0_о Я буду лімонным магнатам :) Тым больш што ўчора ў квяточнай краме бачыла лімоны па 55 і па 99 эўра. Апошнія былі ў мой рост... Шыкоўныя! Але я з костачкамі пазмагаюся :)

Запрашаю, мой агарод на падваконні, калі ласка!

 
Паўсюль анюціны вочкі. Сем такіх кусцікаў прапаноўваюць за пяць эўра. Але мне сем не патрэбны, патрэбны толькі тры, на кожны пакой :) І цяпер маленькая вясна пасялілася ў нашым доме...

 
 


А вось і лімончыкі... Ня ведаю, колькі прыйдзецца чакаць, пакуль яны вырастуць, але так цікава назіраць за імі. Натыркала ў кожны гаршчок, цяпер толькі паспявай сачыць, дзе ўзышлі, а дзе не :) Садзіла костачкі з экалягічных лімонаў. Вось думаю, можа ананас паспрабаваць?! У той жа квяточнай краме бачыла за 25 эўра гаршчкі з кустамі ананасаў, нават маленькія ананасікі віселі на кожным... Чаго цяпер толькі няма, усё ёсць, на любы густ і грошы.

 
Базілік - маленькі, зялёненькі, тоўсценькі :) Кранаеш і прыемны водар напаўняе пакой... А потым з яго буду рабіць смузі: яблык, банан і базілік. Такі свежы смак атрымліваецца! Абавязкова пакаштуйце, вельмі смачна!

Авакада. Другі раз у сваім жыцці пасадзіла яго. На вёсачцы таксама рос, а потым пераезд і ён неяк знік... Нават ня памятаю, што з ім здарылася :( Утой раз проста ўтыкнула костку ў гаршчок... І ён сам вырас, нават забылася на яго. А гэтым разам падвешвала над вадою, і праз колькі дзён ён праклюнуўся, вось хутка буду перасаджваць у большы гаршчок, іначай караням месца ня хопіць. Што-што, а карані растуць хутчэй, чым верх.

 
Ну і памідорыкі для балкону, маленькія чэрры. Вось як гэта пачыналася.
Паглядзім, што з іх атрымаецца. А далей на фотаздымку бачны перчыкі. Насенне брала са свежага перцу з крамы... Тут увогуле ня ведаю, чаго чакаць :)

Кулічы на Вялікдзень напякла, веганскіх :) Таксама пра іх напішу. Смачныя! І так добра, што ні дрожджаў, ні яек, ні малака ня трэба. У плянах паспрабаваць зрабіць "тварожную пасху", але бяз тварагу :))))) Вось гэта задачка! Але я ўпэўнена, што будзе смачна!

Святочнага настрою, цудоўнага надвор'я і неверагоднасцяў, 
але абавязкова прыемных!

No comments:

Post a Comment