2017-04-13

Вясенняя салата

Вітаю!
Навокал вясна, сонейка свеціць, птушкі спяваюць, маё нечаканае падарожжа ў Беларусь скончылася і я магу ізноў з'явіцца тут...
Але не з пустымі рукамі, а смачнай салатай, якая вырасла на падваконні :)

 
Мне здаецца, што прасцей не бывае:
- лісце зялёнай салаты і салаты, падобнай да бацвіння чырвоных бурачкоў (назву ня ведаю, а смак прыемны, кіславаты :);
- шчыпяры цыбулькі;
- 1 авакада;
- чырвоны вінаград;
- гарэхі - горстка (я паклала фісташкі, добра будзе пасаваць тут і кешью);
- мяккі сыр (бры, з сіняй цвіллю або тварожны);
- дэсэртны воцат - дэсэртная лыжка, сок паловы лімону і алей - 3-4 вялікіх лыжкі (у мяне, як звычайна, што-небудзь прападае, тут прападаў алей ад кансервы з тунцом, яго і выкарыстала. Можна ўзяць аліўкавы, з ільну ці кунжуту... Які ёсць, такі і добра). Змяшаць да аднароднага стану;
- сушаныя і змеленыя кервель і салодкая папрыка.


Лісце памыць, абсушыць, парваць, калі вельмі вялікае і ня змесціцца ў рот (як кажа мой муж, а ён на кожную салату так скардзіцца :). Шчыпяры скрышыць дробненька. Авакада парэзаць на кавалкі, вінаград - на дзве часткі (калі ёсць косткі, то дастаць іх. Калі гэта ня мае для Вас значэння, то можна пакінуць :). Скласці ў талерку, прысыпаць горсткай гарэхаў.
Сыр парэзаць на малыя кавалкі. Як варыянт, пакласці парцыйна, калі вельмі крохкі (з казінага малака).
Паліць заліўкай, прысываць кервелем і папрыкай на свой густ. Перамяшаць... І можна частавацца :)


Я клала ўсе інгрыдыенты "на вока". Хацелася мне больш сыру, я кінула больш... Хацелася больш салодкі смак, я падкінула вінаграду... Мне падабаецца, што ёсць у такіх рэцэптах свабода. Дастаткова глянуць на фотаздымак у сеціве ці рэклямнай абвестцы, як рэцэпт сам з'яўляецца ў галаве... І ня важна, што, можа быць, там не было воцату, ці фісташак, але яны шыкоўна спеліся ў гэтай страве :)

Смачнага настрою і цудоўнага надвор'я!
І творчай свабоды :)

No comments:

Post a Comment