Дзень добры, шаноўнае спадарства!
Закруцілася я, не паспела ўчора напісаць пра сняданак. Але сняданак быў, ды такі прыемны і смачны лянота напала і не да аповеду...
Гэта я жартую, проста ў нас папаўненне: курыца прывяла чатырох чорных чарнушак (калі глядзелі мульт "Тоторо", то ўяўляеце, як мае кураняткі выглядаюць). Ну вось я і боўталася каля іх, як квактуха :) Так на іх прыемна глядзець, такія смешныя-пацешныя.
Але бліжэй да сняданку.
Раніца пачалася з суніц...
Сунічкі працягваюць радаваць і дарыць свае смачныя ягадкі. Адныя з'ядаем, а на іх месцы цвітуць новыя кветкі, завязваюцца новыя ягадкі. Прыемна і смачна!
І пірог з каляровай капустай
Што і як:
Для цеста:
- Мука: 100 г ячменнай мукі, 100 пшанічнай мукі
- 100 г сметанковага масла
- некалькі каменчыкаў марской солі
- 5 ст.л. вады
Сметанковае масла расцерці з мукой і соллю, дадаць ваду і замясіць цеста. Сабраць цеста ў адзін камяк і пакласці на 20-25 хвілін у лядоўню. Затым выкласці ў круглую форму з высокімі борцікамі. Насыпаць гарох і выпякаць 10-15 хвілін пры 200 градусах С.
Для начыння:
- каляровая капуста (адварыць)
- свежыя памідоры і перац (парэзаць на кавалкі)
- свежая пятрушка
- 400 г смятаны
- 2 ст. л. мукі
- цвёрды сыр (у мяне быў джугас)
Каляровую капусту вару ў цудоўнай каструлі-параварцы. Пакідаю астываць, а затым разбіраю на суквецці.
Пакуль капуста стыне, рэжу перац і памідоры, дадаю чорны цукар, каб не атрымалася кісла з-за памідораў.
У форму з печаным цестам выкладаю капусту, затым памідоры і перац. Пасыпаю часткай цертага сыру.
Да смятаны дадаю дзве лыжкі пшанічай мукі і рэзаную пятрушку. Выліваю на гародніну. І пасыпаю цертым сырам, які застаўся.
Пяку пры 200 градусах С 30-40 хвілін. І можна снедаць :)
Смачна есці!
No comments:
Post a Comment