2014-08-31

Кекс з размарынам і малінай (мясцовы сняданак суботы)

Добрай раніцы:) А каму і добры дзень!
Сёння распавяду пра наш учарашні сняданак. Учора не паспела, бо было шмат спраў. Таму, калі ласка, сёння частуйцеся смачным і простым рэцэптам кексу з размарынам :)


Рэцэпт знайшла выпадкова ў Ганны Кітаевай. Вельмі мне спадабаўся яе блог. Думаю, што нават куплю кнігі гэтага аўтара пра хлеб, калі знайду, канешне :)
А пакуль, Ганна, дзякуй за рэцэпт!


Я трошкі змяніла рэцэпт, таму прывяду яго так, як пякла я. Я доўга сумнявалася наконт аліўкавага алею. Нават думала, што замяню яго сметанковым маслам, але вырашыла, што трэба пакаштаваць так, як ёсць. І не шкадую :)
А пагледзець крыніцу можна тут.
Што і як:
  • 4 яйкі (куры з пераменным поспехам дзеляцца яйкамі: то мне, то выседжваюць. Але і за гэта дзякуй :);
  • 1 шклянка карычневага цукру (можна і меньш. Я ўзяла столькі, каб не было смаку соды);
  • 1/2 шклянкі аліўкавага алею;
  • 1,5 шклянкі мукі (тры розныя гатункі мукі па 0,5 шклянкі: аўсяная, пшанічная выш. гатунку і пшанічная з цэльнага зерня);
  • 1 ч.л. пітной соды;
  • 1 галінка свежага размарыну (нарэзаць на маленькія кавалкі);
  • пара каменьчыкаў марской солі;
  • пара каменьчыкаў лімоннай кіслаты;
  • змазаная сметанковым маслам форма для печыва;
  • разагрэтая духоўка да 180 градусаў С.
Муку, соль і соду прасеяла два разы праз сіцечка, дадала размарын.
Яйкі з цукрам узбіла ў пену. Затым паступова часткамі дадала алей.
Змяшала сумесь мукі з яйкамі. І выліла ў форму. Кінула некалькі ягад маліны.
Пякла 40 хвілін.



Атрымаўся вельмі смачны кекс. За кошт таго, што тут аліўкавы алей, а не сметанковае масла, кекс вельмі лёгкі, мяккі. Прыемны водар размарыну і лёгкая кіслінка маліны...
Смачна, вельмі-вельмі смачна!
Я ела з хатнім тварагом і мёдам, . Ну і са свежымі малінкамі, як жа іначай :)
Такі прыемны і смачны сняданак даў шмат энэргіі на дзень. І шмат натхнення...
А кампот?
І быў кампот з яблыкаў і груш, вельмі духмяны. Такі кампот бывае толькі восенню, толькі з мясцовых яблыкаў. Восень, дзякуй за гэта!
За такія духмяныя і ўтульныя сняданкі я буду цярпець і дождж, і холад, і мыццё посуду :) Галоўнае, каб было з кім снедаць і каму гатаваць...


Цёплага вечара і добрага настрою :)
Да сустрэчы ў новым аповедзе!

No comments:

Post a Comment