2014-08-27

Уражанні дню (аўторак, жнівень-26-2014)

Вітаю!
У нас дажджы, таму нельга зрабіць добрых фотаздымкаў на мой фотаапарат. Таму працую, вяжу, вучуся, гатую, гадую куранятак. Так і праходзяць дні, калі за вакном лье, як з вядра.
І сумна на душы, вельмі сумна, таму што засталіся апошнія дні жніўня... Апошнія дні лета... Восень...
Вось сёння трошкі было сонейка і апошніх летніх фарбаў у выглядзе кветак.
...
Астры - каралеўны восені. Такія прыгожыя кветкі, такія разнастайныя колеры.



Пасля дажджу асабліва прыгожа выглядаюць астры, яны стойкія жаўнерыкі. Іншыя кветкі сапсаваліся ад вады і ветру, а гэтыя толькі папрыгажэлі, набралі фарбаў. Дзіўна!



...
Апошнія нагаткі сонейкам гараць дзе-нідзе у гародзе. Усе астатнія ўжо і насенне скінулі, а вось маладыя, зусім маленькія ўспыхваюць кожны дзень то тут, то там. І прыходзіцца ісці і глядзець "Што там такое вырасла новае, учора не было?!" 

...
Аксаміткі губляюць сваю багатую вопратку ад дажджу, але зіхаць мацней, нібы гэта не дождж намачыў, а нейкі мастак разліў па іх фарбы. Некаторыя кветкі становяцца проста "кіслотных" адценняў. Нават цяжка паверыць, што такое можа вырасці ў садку :)

...
Ружа "Пампанэла" час ад часу ўсё выпускае новыя бутоны. Зусім маладая ружа, пасаджана вясной. Але колькі яна ўжо падаравала радасці. Такія ў яе прыгожыя бутоны, сапраўдныя пампоны. Напэўна таму і такая назва.
Гэтая ружа мне вельмі падабаецца, вельмі прыгожая і незвычайная.

...
Цыніі...
Шмат ужо абляцела кветак, а апошнія такія прыгожыя. Дождж добра іх паліў, а так усё лета сохлі. Не было дажду, і вада ў студні часта заканчвалася, палівала толькі ружы на вуліцы.
А восень прыйшла, і кветкі сталі добра цвісці :)
 
...
І туманы. У нас вельмі моцныя туманы амаль кожны дзень.
Паўзуць павольна з лесу, адразу хочацца схавацца ад іх. Яны нагадваюць дзяцінства, дзіцячы садок, школу. У нас туманы былі на "аселіцы". Так называлі месца, дзе паслі кароў, за сялом. Там цякла маленькая рачулка. Вось там у пачатку верасня можна было бачыць туманы. 
Чаму толькі ў пачатку? Таму што толькі ў верасні раніцай, калі я ехала ў садок або школу, было яшчэ святло і былі бачны туманы. У кастрычніку-лістападзе пазней узыходзіла сонейка і туманаў было ня бачна.
За гэта і не люблю восень, таму што яна пачыналася з вельмі ранніх халодных раніц, калі печкі ў хаце яшчэ не тапілі, дзіцячага садку, дзе былі ня вельмі прыемныя выхавацельніцы. І туманаў...

Прыемна восень пахне мокрым лісцем, яблыкамі і грыбамі. Толькі за апошняе, за грыбы, я цярплю восень. Адзіная радасць пахадзіць па лесе з кошыкам, назіраць, як жаўцее лісце на дрэвах, як аблятае. І шукаць валадара лесу баравіка, або чырвонагаловіка, або падбярозавіка.
Як добра, што ў нас побач лес. У яго свая музыка, свае жыхары, нібы іншая планета, на якой свае законы і правілы. Шкада вельмі, што многія людзі не разумеюць гэтага і парушаюць самы галоўны закон: кідаюць смецце. А гэта шкодзіць, вельмі шкодзіць і лясным жыхарам, і тым, хто проста завітаў у госці. Тор вельмі моцна парэзаў лапу гэтым годам з-за таго, што нехта кінуў шкляную бутэльку і яна зарасла мохам. А гэта магла быць і мая нага, і нага таго, хто кінуў. Проста колькі часу прайшло, ужо і ня бачна бутэлькі, але яна ёсць і яна шкодзіць. І Тора выратавала добрая мядовая мазь, якую кожны дзень прыкладала да лапы. А ў лесе жывуць лосі, касулі, зайцы. У іх няма мазі, яны могуць моцна парэзацца, з'есці які пакет. І хто іх будзе ратаваць? Ратаваць павінны мы тым, што павінны думаць пра іх і не шкодзіць.
Таму не кідайце смецце!
Беражыце прыроду, яна будзе ўдзячная Вам :)


Ну вось нейкі такі атрымаўся дзень. З аднаго боку добры і сонечны, з другога сумны. Як надвор'е...
Гавораць, што шведы вельмі любяць гаварыць пра надвар'е. Я таксама. А Вы?
Добрага надвор'я і цудоўнага настрою:)

No comments:

Post a Comment