2014-03-24

Крэплі, альбо хрушчы, з тварагу

Вітаю!
Вось так часта бывае, што што-небудзь у лядоўні "прападае". Альбо нейкі кавалачак сыру, альбо яйкі, альбо яшчэ што-небудзь не зусім да посту. Вось так выпадкова ў нас "прападаў" тварог. І есці яго проста так з варэннем не хацелася...
Вось і вырашыла я напекчы хрушчоў да гарбаты (гарбата ў нас з ліпы, такі водар!!!)


Што і як:
  • 200 г тварагу (у мяне быў з крамы, 9% тлустасці)
  • 200 г смятаны (таксама з крамы, 14 % тлустасці)
  • 1 шклянка цукру (савецкі гранёны стакан :)
  • 1 д.л. пітной соды (дэсэртная лыжачка)
  • 3 яйкі
  • 5 шклянак мукі (той жа савецкі гранёны стакан) + прысыпаць, калі катаць цеста
Цеста:
Змешваем ўсё па парадку, як напісана вышэй: тварог, смятана, цукар, сода. Замясілі, даем пастаяць 10-15 хвілін (з'явіліся бурбалкі).
Яйкі ўзбілі, дадалі да асновы з тварагу-смятаны-цукру-соды. Затым па адной шклянцы дадаем муку.
Цеста трэба пакінуць ў цёплым месцы на 1-1,5 г, каб паднялося  трошкі.
Раней я пякла хрушчы з хатняга тварагу і смятаны. Падымалася цеста значна хутчэй і вышэй. І смак быў лепшы, гэта на мой асабісты густ :) Хатняе ёсць хатняе :)

Далей, адрэзаем кавалак цеста, катаем яго. Я звычайна катаю на паперы для печыва. Вельмі зручна. Меньш бруду пасля прыбіраць. І ня ліпне, і мукі амаль ня трэба.


Разразаем на палосачкі.


Затым яшчэ раз разразаем.
Пасярэдзіне палосачак робім маленькі разрэз. Перакручваем.



Жарым на аліўкавым алеі, папярэдне моцна разагрэўшы яго.




Калі адзін бок прапячэцца, пераварочваем. Па часе гэта займае пару хвілін.


Затым я выкладваю хрушчы на талерку з папяровай сурвэткай, каб сцёк лішні алей.


Пасыпаем пудрай з цукру.


Вельмі зручна карыстацца маленькім сіцечкам.


І можна частавацца!
Атрымліваюцца хрушчы вельмі смачнымі. Яны падобныя на аблокі, так падымаюцца пры гатаванні. І не "такія цяжкія", як дражджавыя.
У мяне з аднае порцыі цеста атрымаліся дзве міскі хрушчоў. І як тут посціць?!


Смачна есці :)



No comments:

Post a Comment