2014-03-26

Жыццё на вёсцы

Вітаю!
Сёння ў мяне аповяд проста пра жыццё на вёсцы. Пачынаецца гарачая пара, трэба шмат што паспець зрабіць, каб атрымаць ураджай і не згубіць тое, што ўжо расце ў агародзе-садку.


8 гадзін раніцы.

Але галоўная навіна ў мяне: качкі-бегункі.
Тры жаўнерыкі.
Гэтыя качкі адрозніваюцца ад сваіх суродзічаў тым, што іх тулава размешчанае вертыкальна. Як у пінгвіна. І бегаюць яны так жа, як пінгвіны :)


Вельмі пацешныя!!! Я так люблю назіраць за імі!


Адразу бачна, што гэта не мясныя качкі. Але ў сеціве напісана, што яны добра нясуць яйкі. Як на самой справе будзе, пакажа час.
Цяпер жа яны дораць мне сваё гагатанне (мама казала, калі пачула ў тэлефоне, што ў нас "цэлы кірмаш"), вельмі гучнае!
А калі я пачынаю з імі размаўляць, то яны нахіляюць галаву, слухаюць колькі хвілін і ўцякаюць у хатку :) Першым уцякае качур, а дзяўчынкі за ім :)


Мы набылі сабе дзвюх качак і аднаго качура. Вось ён, прыгажун, з чорнай галоўкай і белым калечкам на шыі. Гэта іхняя, качуроў, адметнасць.
Качачкі паўсюль следуюць за сваім качуром, гуськом бегаюць уздоўж агароджы, ды так хутка бегаюць! Толькі і паспявай за імі...


У першы дзень, як мы іх прывезлі, я запусціла качак адразу ў хатку, якую муж падрыхтаваў заранёў. Так яны адразу адчулі сябе ў бяспецы.
У качак, як сказала прадавачка, першыя пару дзён-тыдзень будзе акліматызацыя. Таму яны хуценька прабягаюць ад хаткі сваёй да тазіка з вадой, палошчуцца і хуценька назад, баязліўцы маленькія.


Спачатку яны не выходзілі, калі хтосьці быў побач. Баяліся.
Але я прыдумала ім рэжым дня (дакладней пачалі яны яго самі: адкінулі агароджу праходу роўна а 8 гадзіне раніцы і пабеглі да вады). Цяпер я сама а 8 раніцы адчыняю іх і стаю побач, чакаю, калі яны пабягуць да вады.
І тут яны вырашаюць: альбо бегчы і атрымаць асалоду ад купання, альбо баяцца і хавацца...
І яны бягуць :)
І вось цяпер яны сталі меньш мяне баяцца, разумеюць, хто іх корміць і мяняе кожны дзень вадзічку.
А я тым часам любуюся імі, сваімі маленькімі пінгвінёнкамі :)

Рыська пакуль што абыходзіць качак трэцімі дарогамі. Баіцца іхняга гагатання.


Толькі здалёк назірае за імі, а калі яны падыходзяць блізка за агароджы, то кот уцякае прэч, а качкі бягуць ў хатку. І чаму ў нас усе такія страшкі?!


Яшчэ ў нас пачаўся сезон пеларгоній. Так прыемна!
Тры цвітуць, а яшчэ 4 стаяць з бубешкамі, вось-вось парадуюць.



А на вуліцы ва ўсю красуюцца крокусы. Нават нейкія веліканы ў параўнанні з астатнімі цвітуць.
Ну што тут яшчэ можна дадаць...





Пасля дажджу...


І самае прыемнае, у агародзе ўжо можна збіраць першае зяленіва!
Шчаўе...


Зімовая цыбулька.
Гэтая цыбулька мае вельмі прыемны смак і водар. І расце яна, як часнок, не баіцца маразоў і вельмі рана вылязае з зямлі. І цвіце прыгожымі фіялетавымі кветкамі, з якіх насейваецца яшчэ больш цыбулінак.
Здымаць ураджай шчыпяроў можна 3-4 разы на сезон. Можна ўжываць як шчыпяры, так і цыбулькі.
На адным месцы расце 4-5 год. Але я яе рассаджваю, каб было болей :)


Так і жывем :) Вітамінак Вам!

No comments:

Post a Comment