2014-03-20

Ільняная сукенка (рыхтуюся да сехону Ч.3)

Вітаю!
На вуліцы яшчэ ня так цёпла, каб працаваць у агародзе. Таму рыхтуюся да вясенне-летняга сезону і шыю сабе вопратку.
Вось і сёння сшылася ў мяне сукеначка са льну.


Ідэя сукенкі з беларускай вышыўкай была ў мяне ў галаве даўно. Нават сукенку я раскройвала перад Новым годам (і памер тады быў большы, чым цяпер. У мяне часта так здараецца :)
Але сшылася яна толькі цяпер.



Што і як:
  • лён 100%
  • сіцец
  • ніткі Coats Cotton
  • ніткі Anchor
Я вельмі люблю вопратку са льну, люблю працаваць са льном. Але адзінае, што мне ня вельмі падабаецца, што лён вельмі хутка мнецца. І вось тут вельмі добра гэта бачна.
Нахілілася абуцца, і вось сукенка памялася.
Сукенка мае кішэні.



Працаваць з тканінай было вельмі прыемна. Вышаваць па льну, канешне, значна складанней, чым па канве. Але гэта таго каштуе. Атрымліваецца вельмі прыгожа!


Сукенка з падкладам. Яе можна і цяпер апранаць, думаю будзе ня вельмі халадно. І летам.
Увогуле лён вельмі прыемны да скуры. Самае тое для лета.

Шалік вязаны пруткамі (спіцамі). Нітачкі, як звычайна, King Cole. На гэты раз Galaxy DK 732.


Як я і пісала вышэй, памер сукенкі (40 па часопісу BURDA) быў абраны яшчэ перад НГ. І цяпер я стала крышачку "меньшай" :) І вось сукенку было бы добра таксама сшыць на памер меньш. Але ўжо была падрыхтавана тканіна і вышыўка. Прыйшлося шыць!


Торушка дапамагае :) Рыська быў у хаце, таму і не засвяціўся на гэты раз. У нас хатнія жыхары вельмі актыўныя і цікаўныя асобы :)
Тут трэба праверыць...


Тут трэба паляжаць...


"І галінку аддай! Яна на фотаздымку не патрэбная!"


Торушка пабег хаваць ад мяне сваю галінку. Можна і далей працягваць.
Вышыўка ўзята з кніг "Беларускі арнамент", "Беларускі народны касцюм".
Ніткі Anchor 167.

Назва "Узор жыцця" (ромб у цэнтры). Узор мае дзве часткі:
  • ромб з адросткамі-прамянямі - сонца;
  • такі ж ромб, але прамяні накіраваны ўнутр, - зямля.
 Сімвал сонца змяшчаецца ў сімвал зямлі, і ўзор выказвае ідэю росквіту прыроды, жыцця.

Дакладнае тлумачэнне зорак у кнізе я не знайшла. Адзінае, што магу сказаць, што падобныя зоркі з'яўляюцца сімвалам ураджаю.



Як выглядае спіна ў сукенцы.
Засцежка-маланка пад колер вышыўкі (молнія).



На торбе можна і пасядзець :)


Торба таксама са льну, але тут лён "грубы".
Мне падабаецца з такой торбай хадзіць на йогу. Шмат што змяшчаецца!


Вось як сукенка выглядала ў часопісе.
Часопіс BURDA 12/2013.



Сонечнага надвор'я :)


No comments:

Post a Comment