2014-08-31

Кекс з размарынам і малінай (мясцовы сняданак суботы)

Добрай раніцы:) А каму і добры дзень!
Сёння распавяду пра наш учарашні сняданак. Учора не паспела, бо было шмат спраў. Таму, калі ласка, сёння частуйцеся смачным і простым рэцэптам кексу з размарынам :)


Рэцэпт знайшла выпадкова ў Ганны Кітаевай. Вельмі мне спадабаўся яе блог. Думаю, што нават куплю кнігі гэтага аўтара пра хлеб, калі знайду, канешне :)
А пакуль, Ганна, дзякуй за рэцэпт!


Я трошкі змяніла рэцэпт, таму прывяду яго так, як пякла я. Я доўга сумнявалася наконт аліўкавага алею. Нават думала, што замяню яго сметанковым маслам, але вырашыла, што трэба пакаштаваць так, як ёсць. І не шкадую :)
А пагледзець крыніцу можна тут.
Што і як:
  • 4 яйкі (куры з пераменным поспехам дзеляцца яйкамі: то мне, то выседжваюць. Але і за гэта дзякуй :);
  • 1 шклянка карычневага цукру (можна і меньш. Я ўзяла столькі, каб не было смаку соды);
  • 1/2 шклянкі аліўкавага алею;
  • 1,5 шклянкі мукі (тры розныя гатункі мукі па 0,5 шклянкі: аўсяная, пшанічная выш. гатунку і пшанічная з цэльнага зерня);
  • 1 ч.л. пітной соды;
  • 1 галінка свежага размарыну (нарэзаць на маленькія кавалкі);
  • пара каменьчыкаў марской солі;
  • пара каменьчыкаў лімоннай кіслаты;
  • змазаная сметанковым маслам форма для печыва;
  • разагрэтая духоўка да 180 градусаў С.
Муку, соль і соду прасеяла два разы праз сіцечка, дадала размарын.
Яйкі з цукрам узбіла ў пену. Затым паступова часткамі дадала алей.
Змяшала сумесь мукі з яйкамі. І выліла ў форму. Кінула некалькі ягад маліны.
Пякла 40 хвілін.



Атрымаўся вельмі смачны кекс. За кошт таго, што тут аліўкавы алей, а не сметанковае масла, кекс вельмі лёгкі, мяккі. Прыемны водар размарыну і лёгкая кіслінка маліны...
Смачна, вельмі-вельмі смачна!
Я ела з хатнім тварагом і мёдам, . Ну і са свежымі малінкамі, як жа іначай :)
Такі прыемны і смачны сняданак даў шмат энэргіі на дзень. І шмат натхнення...
А кампот?
І быў кампот з яблыкаў і груш, вельмі духмяны. Такі кампот бывае толькі восенню, толькі з мясцовых яблыкаў. Восень, дзякуй за гэта!
За такія духмяныя і ўтульныя сняданкі я буду цярпець і дождж, і холад, і мыццё посуду :) Галоўнае, каб было з кім снедаць і каму гатаваць...


Цёплага вечара і добрага настрою :)
Да сустрэчы ў новым аповедзе!

2014-08-30

Уражанні дню (пятніца, жнівень-29-2014)

Вітаю!
Спяшаюся падзяліцца пра ўражанні пятніцы. Проста фантастычны дзень атрымаўся :)
Мы з Торам хадзілі ў лес. Назбіраць грыбоў не атрымалася, таму што іх пакуль ня вельмі шмат. Была ўсё лета спёка, і вось толькі прайшлі дажджы, пачалі расці грыбы. Але ў лесе ўсё адно было вельмі прыемна хадзіць. І я заўважыла за сабой такую змену: раней хадзіла і шукала грыбы-ягады, а цяпер шукаю тое, што можна сфатаграфаваць. Можа таму і знайшла ня вельмі шмат грыбоў? :)
...
Першы грыб: падбярозавік. Яшчэ маленькі, але прыгожы. На адным і тым жа месцы кожны год знаходжу такі грыб.

...
Гэты грыб у нас называюць "порхаўка" (пазней ён становіцца мяшочкам, з якога ляціць ягонае насенне). Гэтыя грыбы мы не збіраем, але сфатаграфаваць прыгожа.

...
Грыбы, якія растуць на дрэве. Нібы кветкі, выглядае незвычайна.

...
Гэтых грыбоў я ня ведаю і не збіраю іх.
Калі мы з Торам хадзілі, то трапілі пад дождж, які ня вельмі пашкодзіў нам, а наадварот, упрыгожыў лес. І гэты фотаздымак таму доказ.

...
І лісічкі. Бяз іх ніяк. Гэта не грыбы, калі не знайсці лісічку ў нашым лесе :)
Увогуле мы з Торам знайшлі толькі тры лісічкі, два падбярозавіка, штук дзесяць маслякоў і... Два маленькіх баравічка, я ад радасці іх хутчэй зрэзала, а толькі потым падумала, што трэба сфатаграфаваць. Вось так грыбнік перамог фатографа :))))

...
Лес вельмі прыгожы: свае колеры, свае кветкі, свае пахі, свае жыхары.
Аднаго жыхара мы сустрэлі - вялікага зайца з прыгожым хвастом. Чаму з хвастом? Таму што толькі хвост я добра разглядзела, Тор пачаў ад радасці так скавытаць, што заяц даў такога драпака... Так мы яго і бачылі...
А Тор, бедны, толькі аблізаўся: "Што ж ты, Тор, так сябе не трымаеш?! Так усе збягуць ад твайго істэрычнага лаю..."
...
Вераск так і прываблівае і мяне, і шмялёў. А Тор, вар'ят, ловіць іх (шмялёў і пчол, і нават шэршняў) і есць. Яны яго кусаюць за язык, а ён рычыць і есць :) Можа яму вітамін не хапае?


...
І тое, што лес асобная планета, Вы паверыце, убачыўшы наступныя фотаздымкі...
У нашым лесе шмат старых пянькоў. І вось на іх і жыве сваім жыццём іншая планета, адрозная ад таго, што мы бачым кожны дзень.

...
Тут свае жыхары, свае дрэвы і кусты.
Нібы "марсіяне" тырчаць асобныя часткі моху - махавічкі...

...
А тут махавічкі ідуць па сваіх справах, проста фотаздымак захаваў толькі момант, а я назірала іх жыццё :) І так гэта цікава...

...
Нібы з мора каралы...

...
Гэты фотаздымак мне больш за ўсё падабаецца. Калі я глядзела ў лесе на гэты пень, то чырвоны колер не заўважыла. А на кампутары ўсё выразна бачна.
Сапраўды, асобны нейкі мохавы народ. І на кожным пні свой, адрозны ад іншых...

...
Гэты мох рос проста на зямлі. Ён нагадвае мне расліны, якія растуць на дне акіянаў. Іх можна ўбачыць толькі на фотаздымках з падводнага плавання. І знайсці ў лесе...

...
Чым не марское багавінне?

...
Што сказаць, восень упрыгожвае лес фарбамі. 
І гэтыя фарбы часам бываюць нават ярчэйшымі, чым летам. 
І дорыць пацеркі з даждынак...
І гэтыя ўпрыгожванні вельмі прыемна сустракаць.


Вось так і прайшла апошняя пятніца лета...
Пра сняданак суботы напішу пазней, цяпер шмат спраў. Забягаючы наперад скажу, што сняданак быў смачным і вельмі прыемным...
Таму жадаю добрага адпачынку і сонечнага настрою, як у мяне сёння :)
Да сустрэчы ў новым аповедзе!

2014-08-29

Уражанні дню (чацвер, жнівень-28-2014)

Вітаю-вітаю!
Сёння я са спазненнем хачу распавесці пра прыемныя нечаканкі ўчарашняга дню :)
...
Кветкі працягваюць радаваць, дажджы добра паліваюць.
І колеры такія насычаныя, такія сакавітыя.


...
Баклажан "Карлсан".
Я ўжо і не чакала, што штосьці вырасце, таму што ўсё лета куст даваў кветкі, якія абляталі. Вады паліваць кожны дзень не было, была спёка. І вось пайшлі дажды, гляджу, штосьці чорнае вісіць (без акуляраў і лінз дрэнна бачу). Падыходжу бліжэй, а тут вось што вырасла :) Прыемна.

...
У маргарытак сваё жыццё, яны самі насейваюцца, самі растуць і "глушаць" зелле, самі цвітуць тады, калі ім хочацца. У мінулым годзе кветкі былі да студзеня. Побач з імі была ружа, закрытая галінамі елкі. Вось яны і красаваліся да новага году.

...
З белымі рамонкамі асобая гісторыя. Яны нагадваюць мне той час, калі мы з мужам яшчэ толькі сустракаліся. Тады ён на кожную сустрэчу прыходзіў з кветкамі: півоні, белыя рамонкі, астры...
Гэта былі вельмі прыгожыя букеты.
Асабліва міленькімі былі букецікі з палявых кветак. 
Я так і ня ведаю, дзе ён іх (палявыя кветкі) знаходзіў у Менску :) 

...
Назву гэтай кветкі ня ведаю, прывезла ад мамы. Але кветка прыгожая ўсе тры сезоны, і кожны раз розная. Вось цяпер яна зайграла нечаканымі проста колерамі...

...
Аксаміткі здзіўляюць сваёю непаўторнасцю. Двух аднолькавых не бывае проста :)


Цудоўнага настрою і добрага адпачынку :)

2014-08-27

Уражанні дню (аўторак, жнівень-26-2014)

Вітаю!
У нас дажджы, таму нельга зрабіць добрых фотаздымкаў на мой фотаапарат. Таму працую, вяжу, вучуся, гатую, гадую куранятак. Так і праходзяць дні, калі за вакном лье, як з вядра.
І сумна на душы, вельмі сумна, таму што засталіся апошнія дні жніўня... Апошнія дні лета... Восень...
Вось сёння трошкі было сонейка і апошніх летніх фарбаў у выглядзе кветак.
...
Астры - каралеўны восені. Такія прыгожыя кветкі, такія разнастайныя колеры.



Пасля дажджу асабліва прыгожа выглядаюць астры, яны стойкія жаўнерыкі. Іншыя кветкі сапсаваліся ад вады і ветру, а гэтыя толькі папрыгажэлі, набралі фарбаў. Дзіўна!



...
Апошнія нагаткі сонейкам гараць дзе-нідзе у гародзе. Усе астатнія ўжо і насенне скінулі, а вось маладыя, зусім маленькія ўспыхваюць кожны дзень то тут, то там. І прыходзіцца ісці і глядзець "Што там такое вырасла новае, учора не было?!" 

...
Аксаміткі губляюць сваю багатую вопратку ад дажджу, але зіхаць мацней, нібы гэта не дождж намачыў, а нейкі мастак разліў па іх фарбы. Некаторыя кветкі становяцца проста "кіслотных" адценняў. Нават цяжка паверыць, што такое можа вырасці ў садку :)

...
Ружа "Пампанэла" час ад часу ўсё выпускае новыя бутоны. Зусім маладая ружа, пасаджана вясной. Але колькі яна ўжо падаравала радасці. Такія ў яе прыгожыя бутоны, сапраўдныя пампоны. Напэўна таму і такая назва.
Гэтая ружа мне вельмі падабаецца, вельмі прыгожая і незвычайная.

...
Цыніі...
Шмат ужо абляцела кветак, а апошнія такія прыгожыя. Дождж добра іх паліў, а так усё лета сохлі. Не было дажду, і вада ў студні часта заканчвалася, палівала толькі ружы на вуліцы.
А восень прыйшла, і кветкі сталі добра цвісці :)
 
...
І туманы. У нас вельмі моцныя туманы амаль кожны дзень.
Паўзуць павольна з лесу, адразу хочацца схавацца ад іх. Яны нагадваюць дзяцінства, дзіцячы садок, школу. У нас туманы былі на "аселіцы". Так называлі месца, дзе паслі кароў, за сялом. Там цякла маленькая рачулка. Вось там у пачатку верасня можна было бачыць туманы. 
Чаму толькі ў пачатку? Таму што толькі ў верасні раніцай, калі я ехала ў садок або школу, было яшчэ святло і былі бачны туманы. У кастрычніку-лістападзе пазней узыходзіла сонейка і туманаў было ня бачна.
За гэта і не люблю восень, таму што яна пачыналася з вельмі ранніх халодных раніц, калі печкі ў хаце яшчэ не тапілі, дзіцячага садку, дзе былі ня вельмі прыемныя выхавацельніцы. І туманаў...

Прыемна восень пахне мокрым лісцем, яблыкамі і грыбамі. Толькі за апошняе, за грыбы, я цярплю восень. Адзіная радасць пахадзіць па лесе з кошыкам, назіраць, як жаўцее лісце на дрэвах, як аблятае. І шукаць валадара лесу баравіка, або чырвонагаловіка, або падбярозавіка.
Як добра, што ў нас побач лес. У яго свая музыка, свае жыхары, нібы іншая планета, на якой свае законы і правілы. Шкада вельмі, што многія людзі не разумеюць гэтага і парушаюць самы галоўны закон: кідаюць смецце. А гэта шкодзіць, вельмі шкодзіць і лясным жыхарам, і тым, хто проста завітаў у госці. Тор вельмі моцна парэзаў лапу гэтым годам з-за таго, што нехта кінуў шкляную бутэльку і яна зарасла мохам. А гэта магла быць і мая нага, і нага таго, хто кінуў. Проста колькі часу прайшло, ужо і ня бачна бутэлькі, але яна ёсць і яна шкодзіць. І Тора выратавала добрая мядовая мазь, якую кожны дзень прыкладала да лапы. А ў лесе жывуць лосі, касулі, зайцы. У іх няма мазі, яны могуць моцна парэзацца, з'есці які пакет. І хто іх будзе ратаваць? Ратаваць павінны мы тым, што павінны думаць пра іх і не шкодзіць.
Таму не кідайце смецце!
Беражыце прыроду, яна будзе ўдзячная Вам :)


Ну вось нейкі такі атрымаўся дзень. З аднаго боку добры і сонечны, з другога сумны. Як надвор'е...
Гавораць, што шведы вельмі любяць гаварыць пра надвар'е. Я таксама. А Вы?
Добрага надвор'я і цудоўнага настрою:)

2014-08-24

Паста з крэветкамі пад сметанковым соўсам (Мясцовы сняданак суботы)

Добрай раніцы!
Чамусьці сняданкі цяпер, бліжэй да восені, сталі больш утульнымі. Магчыма часу стала больш, магчыма дождж на вуліцы так збліжае, але снедаць у суботу стала яшчэ прыемней і смачней :)
...
І вось учора на сняданак была прыгатаваная паста з крэветкамі пад сметанковым соўсам.


Што і як:
  • Макароны адварыць так, каб былі яшчэ трошкі цвёрдымі.
  • Крэветкі адварыць у кіпні 5 хвілін, абдаць халоднай вадой і пачысціць (мае крыветкі трэба было чысціць).
  • На патэльні нагрэць аліўкавы алей, дадаць некалькі маленькіх кавалачкаў цертага мускатнага гарэху і чорнага перцу. Смачыць крэветкі хвілін 5-7.
  • Крэветкі перакласці ў глыбокую міску, дадаць некалькі рэзаных на чацвярцінкі памідораў.
  • На патэльні, дзе смажыліся крэветкі, зрабіць соўс: выліць на патэльню 300-350 г вяршкоў (у мяне былі 10% тлустасці), дадаць 50 г тварожнага сыру (быў сыр "Натура"). Пастаянна мяшаць лыжкай. Так гатаваць, пакуль соўс не пачне гусцей: хвілін 5. Затым адразу выкласці макароны, каб яны маглі датушыцца ў вяршках. Гэта зойме меньш 5 хвілін. Як толькі соўс стаў вельмі густым (або макароны ўсю вадкасць ўзялі ў сябе), можна здымаць з вагню.
  • І перакласці макароны ў міску з крэветкамі і памідорамі. Добра перамяшаць.
  • Можна снедаць.
І як звычайна, сняданак дапоўніў сок з аранжыкаў. Смачныя вітамінкі :)
Ну а я паскакала далей, трэба разабрацца з 40 кг грушаў, каля 20 кг яблыкаў. Добра, што памідоры ўжо скончыліся. І апошнія загатоўкі вось-вось таксама пераедуць з хаты на холад у склеп.
Цудоўнага настрою і добрага адпачынку!
Застаўся апошні тыдзень лета...



2014-08-22

Уражанні дню (чацвер, жнівень-21-2014)

Вітаю!
Справы, паездкі, праца - вось мае ўражанні апошніх дзён. Хочацца толькі ўпасці на ложак і адпачыць.
Але сёння ўпасці атрымалася толькі са спартыўнага мячыка. Цудам проста нічога сабе не зламала...
Але адпачынак сёння быў актыўны, карысны і прыемны: хадзілі ў ягады. Вось і ўсе ўражанні :)
...
Быў дождж. І лес проста ўздыхнуў пасля спёкі.



...
Назбіралі амаль дзесяць літраў брусніц. Шкада, што шмат ягадаў пасохла. Але тое, што мы знайшлі, вельмі смачнае і сакавітае :)

...
Вось неяк так і прайшоў яшчэ адзін дзень...
Ад Тора прывітанне :)
Нібы кажа: "Ну калі ўжо адпачынак?!"


Лёгкай пятніцы :)

2014-08-17

Уражанні дню (нядзеля, жнівень-17-2014)

Вітаю:)
Сёння фантастычны дзень. Чаму? Ня ведаю, не хачу ведаць. Хачу толькі, каб добры настрой быў заўжды, былі моц і жаданне працаваць і ствараць штосьці новае і прыгожае, час ад часу і смачнае. Вось сёння быў такі дзень, проста цудоўны дзень быў...
...
Пачаўся дзень з кветак.
Астры


Кветкі вельмі добра падымаюць настрой, такая прыгажосць!
Асабліва мне падабаюцца астры. Прыгожыя ў букетах, прыгожыя па адной кветцы. 



...
Цыніі.
Адныя адцвілі, другія толькі пачынаюць радаваць сваёй прыгажосцю. І прыемна назіраць, як з маленькай кветачкі вырастае вялізны бутон.


Прыгожы і незвычайны колер у гэтых цыній.
Увогуле вельмі цікава выглядаюць кветкі, якія маюць палоскі, кропелькі іншых колераў. І кожны пялёстак розны, няма аднолькавых.
Шмат замовіла лілій "у гарохі", чакаю :) Наступны год павінен быць багатым на новыя кветкі.


...
І сонечныя аксаміткі. Вось такім быў мой дзень і настрой як на гэтым фотаздымку.
Сакавіты і багаты на прыемнасці :)
...
І як жа не расказаць пра кураняткаў і качанятка.
Пасля няўдалага сядзення на яйках, качкі-бегункі праз месяц пачалі несці яйкі. Я назбірала іх яек і паклала пад курыцу, якая ўжо хацела выседжваць яйкі. І неяк не заўважыла, што пад курыцай з'явіліся пяць курыных яек. 
І вось курыца сядзела, і праз дзён дваццаць-дваццаць тры выйшлі чатыры кураняткі. 
Мы былі ў Менску, прыехалі, а курыца ўжо ходзіць з імі па вуліцы. Кінула качыныя яйкі, водзіць куранятак. 
Добра, што ў гэты час села другая курыца. Я хуценька перанесла яйкі пад яе, але ўжо не спадзявалася, што штосьці атрымаецца. Яйкі былі халодныя. Але праз некалькі дзён з'явілася адно куранятка і адно качанятка. Я забрала іх у хату, каб курыца сядзела на яйках. Але больш нічога не было.
І вось цяпер дзве курыцы-мамулі водзяць сваіх маляваначак :)


Ноччу сядзяць побач, а днём кожная водзіць сваіх.


Вось якая прыгажуня. І куранятка яенае падобна на яе па колеру :)
А качанятка будзе, напэўна, дзяўчынка. Пару прыкмет ад першых я заўважыла. Калі так будзе, напішу падрабязней.


Ну вось так і прайшлі выходныя. Заўтра ізноў праца, маленькае падарожжа і новыя ўражанні.
Таму лёгкага працоўнага тыдню і добрага настрою :)