Пакуль студзень ня скончыўся, спяшаюся распавесці аповед пра сустрэчу новага году.
Усё дзяцінства мы сустракалі новы год каля тэлевізара і багата сэрвіраванага стала. Елі смачныя салаты, слухалі словы прэзідэнта, кідалі кавалачкі шакаладу ў шклянкі з шампанскім і загадвалі жаданне пад куранты...
Першы новы год пасля вяселля мы з мужам сустракалі разам... Ні стала, ні тэлевізара, а тым больш прэзідэнта не было...Былі толькі мы ўдваіх, мы гулялі па вуліцы ў адзіноце, слухалі рыпенне снегу пад нагамі, усміхаліся будучыні... А прыход новага году аб'весцілі фейерверкі...
Новы 2017 вырашылі сустракаць каля гарадской елкі...
І гэта было вельмі правільным рашэннем :)
Увесь снежань у горадзе Турку была святочная атмасфера! Усё навокал так прыгожа! Шмат агеньчыкаў...
Мы кожны вечар хадзілі гуляць, а па дарозе разглядалі, як упрыгожылі дамы мясцовыя жыхары. Так добра што побач з кватэрнымі будынкамі шмат прыватных дамоў. Гэта казачна!
Агні на дрэвах-кустах каля гэтых дамоў, вяночкі на дзверах...
Раней такое я бачыла толькі ў фільмах або часопісах. Мне вельмі падабалася гэта ўсё назіраць!
Ну а сама сустрэча новага году для нас пачалася каля пяці гадзінаў вечара, мы павячэралі, заварылі гарбату ў тэрмасы, сабралі хатнія пончыкі з шакаладам і на раварах паехалі ў горад :)
Надвор'е было марозным, але прыемным. Дарожкі чыстыя, ехаць адно задавальненне. Да елкі нам ехаць трэба было каля шасці км. Але гэта ня страшна :)
Пачаўся канцэрт, хтосьці спяваў, хтосьці танчыў, развучваліся танцы з гледачамі :)
Было вельмі здорава! Шмат людзей, шмат дзетак. Больш нейкая сямейная атмасфера...
Было таксама вогненнае шоў. Казачна, гэта проста казачна!
Затым па праграме быў навагодні фільм пра Санта Клаўса, дакладней пра фінскага Нікалаўса :) на вялікім экране. На фінскай мове :))) Я глядзе яго раней, таму мужу тлумачыла пра што там была гаворка. Фільм трошкі сумны, але такі добры! Называецца "Рождественская история". Раю пагледзець.
Пасля ўсяго быў перапынак на гадзіну, пад час якога мы папілі гарбаты, паласаваліся пончыкамі і схадзілі прагуляцца ўздоўж ракі, якая працякае ў горадзе...
У кавярнях сядзелі людзі, чакалі новага году. Усе прыгожыя, у касцюмах і святочных сукенках. Шмат людзей, як і мы, гулялі, фатаграфаваліся, забаўляліся, хтосьці сядзеў на лавачках каля вады таксама з тэрмасамі, а хтосьці з бутэлькамі шампанскага.
Усе чакалі новага году і фейерверкаў...
Праз раку праходзяць некалькі мастоў, адзін з іх быў упрыгожаны елкамі і агеньчыкамі. І калі ідзеш, то там грае музыка, я бы магла назваць яе музыкай лесу: там і нешта булькала час ад часу, і ваўкі завывалі, і птушкі спявалі, і такія прыемныя мелодыі сустракаліся.
Адна жанчына танчыла ў цэнтры, магчыма, яна была ў нейкім сваім свеце, дзе гэта сапраўдны лес і сапраўдныя гукі...
Караблі на вадзе большую частку году пустуюць, летам там дыскатэкі і бары, а на новы год там адкрываюцца кавярні, дзе можна святочна яго сустрэць :)
У саборы, каля якога стаяла галоўная елка гораду, быў бясплатны канцэрт арганнай музыкі, пра які мы даведаліся толькі пад канец гэтага канцэрту. Напэўна і добра, што так, іначай бы не пагулялі :)
А пасля пагулянкі мы вярнуліся да елкі, яшчэ раз пагледзелі вулічны канцэрт і вогненнае шоў. Аказваецца, там быў паўтор некаторай часткі. Але нам было ня сумна.
Да новага году заставаліся нейкіх 15 хвілін, мэр гораду зачытаў ліст да жыхароў з віншаваннем. Гарадскі хор з невялікім аркестрам праспяваў гімн... І сталі чакаць, вядучая абвясціла, што застаецца дзесяць секундаў да новага году... Натоўп пачаў лічыць... віісі, куусі...
І хюювэ ууота вуота :))))))))))))))))) З Новым годам! Стралялі бутэлькі шампанскага, людзі віншавалі адзін аднаго, а ў далечыні над ракою палілі фейерверкі!
Новы год прыйшоў, хацелася бы ведаць, што прынясе ён. Ды нават каля елкі было арганізавана бясплатнае гаданне на картах, але нам не пашчасціла :)))) Гадалка размаўляла толькі на фінскай мове, на жаль :) Таму няхай год будзе непаўторным і казачным, як і яго пачатак :)
Цудоўнага новага году!
Няхай ён падорыць толькі прыемныя моманты!
No comments:
Post a Comment