2017-01-27

Барахолка

Эх, вiсiць чарнавiк пра новы год. Так мне хочацца пра яго напiсаць... Але на душы вяснааааааа 😂 
Ды ўвогуле сёння такi дзень - такi дзень, што ўсё астатняе пачакае!


А пачалося ўсё з таго, што я вырашыла з'ездзiць на барахолку/блошиный рынок/second-hand. Ёсць побач з намi, ну як побач, кiламетраў шэсць ехаць, а тут амаль вясна пачалася, цякуць ручаiны, сонейка свецiць... Дзеля аднаго гэтага можна было ехаць....
I я паехала, спачатку заехала ў квяточную краму, дзе купляла ўлетку iнжыр. А там такiя квяточныя водары! Там i галiны бэзу цвiтуць, i магнолii, i вiшнi, i нават парэчак... I ўсё гэта пахне... 


I разнастайнага насення... Адразу я засумавала, што агароду няма, кветак няма, патрэбы ў расадзе няма... I купiла насенне сунiц, пасею i буду на балконе вырошчваць, балкон жа ёсць 😂 


Спачатку саромелася фатаграфаваць, а там такiя цiкавыя агромнiстыя талеркi былi з прарошчаным насеннем сланечнiку i крэс-салатай, шкада, што не сфатаграфавала.... Прыгожа!


Ну а далей барахолка... Вось падабаецца мне туды ездзiць, бясплатны музей. I пакранаць можна 😄
А сёння я яшчэ i пафатаграфавала: штосьцi цiкавае, штосьцi прыгожае,  а штосьцi проста смешнае. Але больш за ўсё я думаю пра людзей, якiя гэтае барахло ў свой час куплялi... Пагэтаму я толькi гляджу, купляю рэдка 😂


Дакладна ня ведаю, што церлi гэтай маленькай прыладай, магчыма сыр. Яна рэальна падобная на дзiцячую, але вельмi каларытная!



Гэтая сапраўдная, цяжкая, для мяса... На Беларусi, магчыма, ўжо многiя павыкiдалi iх, электрычныя цяпер папулярныя, а я бы такую купiла. Праста, надзейна, танна i экалагiчна :)))


Ключы, гаршкi, незразумелыя рэчы...


"Вырашылi прыгатаваць слiмакоў, але няма ў чым? Завiтайце да нас, мы дапаможам" :) Ну мне так здаецца, магчыма, гэта для чаго-небудзь iншага... Можа ў акварыўм...


Гэтая рэч мяне здзiвiла. Каму можа спатрэбiцца i для чаго? Здаецца, што цяпер ужо ўсё звязана з кампутарамi, але я магу i памыляцца.



Бiдончыкi... Як яны мне падабаюцца... Кожны раз хаджу i гляджу, гэта такi ўспамiн! У дзяцiнстве ў ягады хадзiлi з такiмi. Малачко суседзям насiлi ў такiх... Яны нейкiя магiчныя! Ну вось для Вас яны што-небудзь азначаюць? А для мяне цэлы свет... Хацелася бы мець хоць адзiн, але для чаго? У ягады менш, чым з пяцiлiтровым няма сэнсу хадзiць... Хатняга малака таксама няма... А проста так навошта?! Няхай лепей гэты бiдончык застаецца ўспамiнам, такiм прыемным, але такiм далёкiм.  




Медны посуд тут на кожным кроку, адзiн больш новы, другi ўжо шмат што бачыў.  Але прыгожы! Раней я такое сустракала толькi ў часопiсах.
А ў Турку, у музеi рамёстваў, можна нават замовiць сабе такi медны iмбрык. Там цэлая майстэрня ёсць, толькi ня ведаю, колькi такая радасць каштуе.






Як я пiсала, шмат прыгожых рэчаў. Вось гэтыя вiдэльцы з прыгожым узорам. I гэта не гравiроўка, а цiсненне... Як скарбы шукаю там 😄 


Нiякiх iдэй наконт гэтага куфару ня маю... Можа толькi гэта дарагi антыкварыят...
А вось астатнiя паходзяць на куфары з пасагам. Толькi там можна захоўваць вышываныя рушнiкi, белыя iльняныя кашулi з карункамi... Можна ж памарыць, праўда? 
У музеi пры школе, дзе я вучылася, менавiта так i было. Кожны раз, калi я праводзiла экскурсii, я даставала адтуль прыгожыя рушнiкi, карункi, бялiзну на ложак, вышываныя кашулi... Усё было такiм святочным i казачным, не падобным да сапраўднасцi. А тут можна купiць сабе такi i што-небудзь трымаць там, цi самае смачнае, цi самае дарагое 😂




Шмат антыкварнай мэблi, якая настолькi ж прыгожая, наколькi дорага каштуе. Але мне здаецца, што гэта не зусiм зручна... Але прыгожа, нiбы ў палацы :) 



Але ёсць мэбля, якая мяне захапляе... Пра яе я марыла, калi жыла на вёсцы, мару цяпер... Спадзяюся, пазней у мяне атрымаецца набыць яе...
А ўсяго-та хочацца вось такi студьчык...


Кошты пачынаюцца ад 20 эўра. Магчыма, ён таксама ня зручны, але гэта як бiдончыкi, толькi не разумею, адкуль такое жаданне...








Тэхнiку можна знайсцi на любы густ... I нават касет, пластынак да яе ёсць шыкоўны выбар.  


А далей простыя рэчы, якiя зачапiў позiрк. Часам таму што ў бабулi былi такiя нажнiцы, а дакладней штук 5 на цвiчках на сцяне вiселi. Яна кожны раз, калi спрабавала iмi што-небудзь рэзаць, казала, што яны "усе тупыя, як ср*ка"😂




Старыя фотаздымкi... Раней былi рэдкасцю i багаццем, а сёння я за дзень зрабiла iх больш, чым маю з дзяцiнства...




Рогi на каўбасы. Памятаю, што ў мамы маёй адзiн такi таксама быў. Потым з'явiлiся механiчныя-электрычныя прылады, а мама ўсё не выкiдвала, а жартавала, што мне ў пасаг падорыць :) Але так i не падаравала, i не выкiнула 😂 


Больш за ўсё мяне здзiўлялi i здзiўляюць розныя бутэлькi, а дакладней iх разнастайнасць... Шкада, што я толькi два фотаздымкi зрабiла. У наступны раз папоўню калекцыю.



Ну i апошнiмi засталiся вось гэтыя размаляваныя каструлькi. Як сёння памятаю сваю першую эмалiраваную каструльку з домiкамi, якая была не падобная да астатнiх незразумелых постсавецкiх кветак, узораў, колераў... А гэтыя ўвогуле адначасова каструля, карцiна i ўпрыгожванне. Шкада толькi, што дорага каштуюць... Але фiнскай вытворчасцi, i, нягледзячы на час, выглядаюць як новыя....



Фух... Гэта першы такi агромнiсты аповед атрымаўся 😥 Але цiкава было паразважаць i падзялiцца ўспамiнамi. 

А як Вы ставiцеся да барахолак?

No comments:

Post a Comment