2015-06-27

Апошні сняданак суботы...

Вітаю!
Так складваецца жыццё, што сёння апошні мясцовы сняданак суботы для нас на нашай вёсцы.
Праходзіць ён не як звычайна, а таропка, са збіраннем рэчаў, планаваннем пераезду.
Хачацца верыць, што гэта не дарэмна, што гэта крок наперад, але сумна...


Я стрымлівала сябе да апошняга, не дазваляла думаць пра тое, што адбываецца. Гэта была аўтаматычная праца па арганізацыі гаспадаркі, рэчаў, якія не спатрэбяцца, планавання таго, як дзейнічаць далей.
І вось сёння, калі засталося аддаць Тора і Рысіка, стала вельмі сумна...
Сумна, таму што пэўны этам жыцця заканчваецца, а новы мы яшчэ не пабудавалі...
Сумна, таму што гэты дом быў для нас першым "сваім" домам, гэта быў home sweet home. І развітвацца з чымсьці сваім заўжды складана. Тут свая гісторыя, свая атмасфера, сваё жыццё...
Праходзячы сёння каля пустога курніку адчула нейкую пустату і ўнутры сябе, нібы частку адрэзалі і схавалі недзе, а дзе - незразумела. Або ходзячы па хаце, збіраючы рэчы, пастаянна прыслухвалася, ці не крычаць куры-качкі аб небяспецы... Дзіўна, дзіўна, дзіўна...
І вось я гляджу на рэчы, якія былі раней патрэбныя, і разумею, што ў бліжэйшыя некалькі год яны ўвогуле не спатрэбяцца. Толькі самае асноўнае, толькі самае важнае. Але жыццё складаецца ня толькі з гэтага, але і з тых дробязяў, якія напаўняюць хату, дораць нейкія ўспаміны... Можа яны і не такія важныя, раз непатрэбныя?! Дзіўна...


Застаецца гарод, садок, кветкі... Гэта ўсё будзе ў мінулым, я нават ня ведаю, як атрымаецца сачыць за тым, што было зроблена ўвесну, а зроблена было шмат, шмат працы і сіл, шмат планаў і жаданняў... І ўсё застаецца, а мы рухаемся далей, рухаемся наперад... Хочацца верыць...
Застаецца Тор і Рыська... Рыську неяк не так шкада, ён быў вулічны кот, сам па сабе, гуляў па наваколлі, лавіў мышак, а прыходзіў пачухацца і паласціцца, паесці кашы. І паспаць на лазні :) У яго было сваё жыццё, якое мала закранала нас, але гэта быў наш кот, наш маленькі сябра, які ахоўваў ад мышэй сараі, а пра хату ня думаў :)))) Няхай жывуць, няхай будуць свае мышы! :) Гэта быў кот, які памеціў вясной усе вуглы, што можна было згубіць прытомнасць ад "водараў", але ж гэта была яго тэрыторыя і яго праца... Ён адчайна ахоўваў сваю тэрыторыю ў той час, як не было плоту, ганяў сабак, якіх пускаў Тор. І гэта праўда, у нас адчайны асёл кот! Кот, які падчас кармлення, выядаў у Тора з талеркі ўсё мяса, пакуль мы накладалі есці, а потым ішоў есці сваё (проста ў гэты час Тор смірна сядзіць і чакае, пакуль яму дазволяць есці, каб не выбіваў талеркі з рук). Але яны сябравалі між сабой, гэта таксама праўда.
А вось Тор... Наш маленькі-маленькі Торушка, вось яго вельмі шкада, ён едзе да бацькоў, але ўсё адно шкада. Тор залежаў ад нас поўнасцю: цяпер нас ня будзе побач, мы не пагуляем з ім, не паганяем качак з ракі, якія кожны раз уцякалі. Не сходзім у лес ў грыбы-ягады... Мы будзем сумаваць, і ён таксама, ён усё разумее і адчувае. Ён вельмі разумны і адданы сабака, сапраўдны ахоўнік і смяшарык: застаўся шакаладны крэм ад "Шакаладніцы", ну ўжо не маглі з'есці, пачаставала Тора. І што Вы думаеце, з'еў, а потым насіўся як не ў сваім розуме, шукаючы нешта ў саломе, вакол хаты. Напэўна, гармоны радасці зайгралі :))))

Але трэба ня думаць пра ўсё гэта, таму што вельмі цяжка становіцца на душы, вельмі-вельмі сумна...

Жыццё мяняецца на 360 град. І будзе добра ці дрэнна цяжка сказаць, таму што шмат нявырашаных пытанняў застаецца, шмат думак, шмат спраў... Але гэта ня лёгка, і вельмі шкада, што не атрымліваецца пакінуць усё так як ёсць...

Сумны аповед атрымаўся, але такі настрой на душы, такі настрой жыцця.
Я ня ведаю як складзецца далей гэтае жыццё, але пакуль гэта апошні аповед блогу.
Кветачка застаецца там, дзе нарадзілася, а мы рухаемся далей...
Бывайце!
І няхай Ваш настрой будзе заўжды квяточным і цудоўным, 
а навокал будзе цёпла і ўтульна :)

З павагай,
Kvietachka!


2015-06-21

Торт "Шакаладніца"

Вітаю!
Вось бывае так, што чагосьці так хочацца вельмі-вельмі, а як атрымліваеш, то ўжо і перахацелася :)
Так у мяне сёння: рэцэпт гэтага найсмачнейшага торту вісеў на лядоўні можа больш месяцу, шукала падзею, каб прыгатаваць. І вось сёння ўсесь дзень ішоў дождж, вольнага часу столькі, што ня толькі торт прыгатаваць...
Вось і прыгатавала гэты шакаладны шакалад з шакаладам. Ну і што Вы думаеце, з'ела адзін кавалачак, і тое не да канца. І больш ня хочацца, муж гэтаму вельмі рады :)


Торт - фантастычны, вельмі смачны, шакаладны і "мокры". Проста нейкае неверагоднае цуда з натуральных інгрыдыентаў і сваімі рукамі, таму вельмі крыўдна, што ня вельмі хочацца есці :) Таму з ня вельмі прыгожымі фотаздымкамі напішу тут рэцэпт, каб прыгатаваць яшчэ раз і не забыцца на яго...


Што і як:
  • 150 г сметанковага масла - мяккага, пакаёвай тэмпературы;
  • 280 г мукі;
  • 3 ст.л. какава;
  • 1 ч.л. пітной соды;
  • некалькі каменчыкаў солі;
  • 125 г шакаладу - паламаць на кавалкі;
  • 200 г цукру - можна меньш, атрымалася вельмі салодкім;
  • 2 хатнія яйкі - аддзяліць жаўткі ад бялкоў;
  • 140 г хатняга ёгурту
Крэм:
  • 175 г сметанковага масла;
  • 80 г какава;
  • 135 г малака (малака не было, былі вяршкі 32%);
  • 100 г цукровай пудры (я ж рабіла па рэцэпце, у якім, я думаю, была памылка - 700 г цукру, я паклала 200 - і тое зашмат. Думаю, што трэба было 70, а не 700 О_о)
1. Падрыхтоўка: нагрэць духоўку да 180 град. С. Змазаць сметанковым маслам тры формы d=20 см, прысыпаць мукой.
2. Прасеяць муку з какава, содай і соллю. Шакалад растапіць, пакінуць астываць (у мяне электраплітка, таму я не пакідала астываць, таму што шакалад нават не нагрэўся).
3. Сметанковае масла расцерці з цукрам у крэм. Далей узбіць жаўткі і бялкі, дадаць па чарзе ў масла+ па 1 ст.л. мукі (пункт 2). Затым дадаць вадкі шакалад (пункт 2), ёгурт, частку мукі. Перамяшаць. Затым дадаць усю муку, якая засталася. Акуратна перамяшаць, каб не было камячкоў (я проста ўвесь час працавала міксерам).
4. Выкласці цеста ў формы (прыблізна каля 340 г на кожную), разраўняць лыжкай. Пекчы каля 20-25 хвілін. Прыверыць печыва шпажкай, утыкнуўшы яе ў цэнтр, калі будзе чыстая, то можна даставаць. 
5. Крэм: паставіць на нагрэў (іначай вадзяная "баня") масла, какава, малако і цукровую пудру. Варочаючы лыжкай, грэць, пакуль ня стане аднастайны крэм. Пакінуць астываць. Крэм павінен быць густаваты, каб не сцякаў з каржэй.
6. Класці каржы адзін на другі, намазваючы на кожны крэм. Бакі таксама звазаць крэмам.
Калі крэм будзе загусты, можна яго разагрэць.

Мы елі торт пасля таго, як ён пастаяў у лядоўні некалькі гадзін.
Атрымалася, як я і пісала, вельмі смачна і шакаладна :) Але для мяне занадта, я ня вельмі люблю шакаладныя печыва, тарты. Лепш шакалад асобна, усё астатняе асобна. Ня ведаю чаму так :))) А вось муж мой вельмі любіць такі шакалад на шакаладзе, таму гэты торт стаў у яго пакуль фаварытам. Значыць, буду гатаваць яшчэ :) Адзінае, што дадам, гэта садавіну, каб быў больш сакавіты. І меньш цукру ў крэм, бо вельмі салодкі.



Шакаладнага настрою і лёгкага працоўнага тыдню :)
А тым, хто на адпачынку - прыемнага і вітаміннага :) І шакаладнага, як жа іначай!

2015-06-20

Аўсяная каша, або мясцовы сняданак суботы

Вітаю-вітаю!
Вось, нарэшце, у нас з'явіліся смачныя ягады, з якімі можна зрабіць самы просты і смачны сняданак: аўсяную кашу :)


Цудоўных выходных :)

2015-06-18

Маладыя гуркі+свежы мёд=смак з дзяцінства/Cucumbers with honey

Вітаю!
Гэта будзе, напэўна, самі яркі смакавы ўспамін пасля суніц з майго дзяцінства :)
Гуркі з мёдам, што можа быць прасцей і смачней?!
Вясення-летні мёд, калі шмат узятка, выкачваюць якраз у той час, як пачынаюцца гуркі. І яшчэ вадкі мёд паліць на свежы агурок - гэта вясковая клясыка :) Гэта проста і смачна, гэта традыцыйна...
А пакуль мы жывем на вёсцы, і ў нас выраслі свае, такія духмяныя, такія самыя сапраўдныя гуркі, ня будзем адыходзіць ад гэтых традыцый :) Тым больш, што людзі, у якіх мы набываем хатняя малако, выкачалі мёд і сёння раніцай прапанавалі нам адну шклянку. Здораўскае супадзенне, ці не так!
Гэта так прыемна, калі смакі або водары аднаўляюць нейкія прыемныя моманты з мінулага. І так цікава адчуваць гэта, гэта як нейкае чараўніцтва :)

Hello!
This is, probably, the brightest tasty experience from my childhood, after wild strawberries :)
Cucumbers with honey – what can be simpler and more delicious?!
People pump out spring-summer honey when bees find honey flow in abundance. It is right the time when cucumbers appear in the garden. To pour honey, which is still liquid, onto a fresh cucumber is country classics :) It’s easy and tasty, it’s traditional…
And while we live in the country and so fragrant, so true cucumbers appear on our vegetable beds, let’s live according to the tradition :) The people who sell us home milk have just pumped out fresh honey and offered us a honey jar. What a wonderful coincidence, isn’t it?
It is so nice when tastes or flavours bring back the pleasant moments from the past. And so interesting to feel it, it’s like magic :)


Летняга настрою і прыемных успамінаў :)
P.S. А якія смачныя ўспаміны з дзяцінства засталіся ў Вас?

I wish you a summer mood and nice memories :)
P.S. What tasty memories have you kept from your childhood?

Першы ўраджай

Вітаю!
Як здорава на вёсцы (гэта вярнуўся мой звычайны настрой :)!
Можна выйсці ў гарод і знайсці штосьці або прыгожае, або тое, што можна з'есці. Цудоўна!
Вось і сёння раніцай, блукаючы па сваіх градах, заўважыла, што паднялася морквачка, адну выцягнула, другую, трэцюю... наццатую...
І такі водар... Добра, што своечасова спынілася, а то ад такога мая, і так невялікая, града стала бы зусім ніякай :)
Памятаю ў дзяцінстве мама прарывала моркву, і агромісты венік аддаваўся нам, дзецям, на ежу. Канешне, морква, была тонкая, але яе было шмат. Прамыем пад вадой, і цярэбім, адное лісце застаецца. Такой смачнай морквы нідзе не купіш, паўсюль нейкая незразумелая, як учарашнія суніцы.
А вось свая морква - гэта ўспамін дзяцінства, гэта водар адтуль...
Прыемна...


Прыемных успамінаў і смачных вітамін :)

2015-06-17

Салата з суніцамі і гурком

Вітаю!
Вось так незаўважна пайшла другая палова чэрвеня. Тэмпература ноччу каля 8-10 град. С. Што гэта? Як што вырасце, я не разумею: днём гарыць, ноччу мерзне... Карацей, калі проста паласавацца, то штосьці будзе, а вось аб тым, каб нарыхтаваць на зіму, я вельмі сумняюся і сумую, таму што столькі працы пакладзена, засталося толькі пачакаць ураджаю, а яго можа і не быць.
Карацей, замест хатніх суніц, якія патрошку зрэюць і напалову зялёнымі з'ядаюцца малымі качанятамі-гусянятамі, набыла сёння на кірмашы. 
Сказаць, што ня вельмі, нічога не сказаць. З'елі адну сваю, дык такі смак і пах, а тут не зразумела што. І гэта за 2 эўра/літр. Сумна...
Вось нічога іншага не засталося, як прыгатаваць з яе салату.
Запрашаю :)))


Выпадкова трапіла на цудоўны сайт Марыі, дзе і трапіла мне гэтая салата. І сайт такі цудоўны, абавязкова паглядзіце! Дзяўчына так цікава апісвае свае падарожжы, рэцэпты, усё на высокім роўні, прыемна чытаць, неяк утульна :)
Таму дзякую аўтару за ідэю і цудоўную атмасферу блогу :)
Працэс выглядаў неяк так :)


Што і як:
  • суніцы - памыць, пачысціць;
  • гуркі - памыць, парэзаць на вельмі тонкія кружочкі;
  • лісце салаты - памыць, прасушыць на рушніку ад вады;
  • маладая цыбулька - памыць, парэзаць на кружочкі;
  • сыр Джугас - настругаць невялікімі кавалкамі :);
  • каб запраўляць салату: змяшаць 1 ч.л. мёду, аліўкавага алею і соку лімона. Дадаць насенне кунжуту. 
  • Усе інгрыдыенты перамяшаць, заправіць. І можна частавацца :)


Гэтая салата была нам з мужам сёння вячэрай :) Яшчэ была, канешне, яешня з хатніх яек, але яна была незаўважнай у параўнанні з гэтай салата...




Смачна есці!
І прыемных  і смачных вячэраў :)

2015-06-16

Для настрою: марэлі-безэ-тварожны крэм

Вітаю!
Сумны сёння дзень. Халодны і сонечны, зусім не летні...
Вось каб падняць настрой прыдумаўся дэсэрт марэлі-безэ-тварожны крэм, выкладзеныя слаямі.

Дэсэрт скончыўся, настрой трошкі падняўся, пайду працаваць :)


Цудоўнага дню і смачных дэсэртаў :)

2015-06-15

Пра індыкаў, або новыя жыхары :)

Вітаю!
Гэтым годам дзіцячы садок у курніку вельмі зацягнуўся :) Вось новы "гарох" - індыкі.
У мамы індыкі высядзелі толькі двух ідзюшаткаў, прыйшлося дакупіць яшчэ пяць штук. Везлі машынай без індычкі, таму што везлі раней качку, дык лятала па салоне, нейкая дзікая трапілася. Вось таму я ізноў за маму для малых:))))
Такія пацешныя гэтыя індыкі, амаль ручныя, нават Тору яны спадабаліся, таму што мы ставім драўляны кораб на траву, выпускаем туды малых, зверху нацягваем сетку, каб не павыскаквалі. І Тор суне сваю пысу туды, каб пагледзець, а індзюшаткі не ўцякаюць, як гусі ці качкі, а падбягаюць і клююць ягоны нос, а Тору гэта вельмі падабаецца :) Ён падскоча, і ізноў нос суне. Маленькія сабачыя радасці :)


Вось такое яно, жыццё на вёсцы, раніцай яшчэ няма садку, а пад вечар няма куды ступіць :)
Цудоўнага настрою!

Новая паркалёвая сукенка

Вітаю!
Гэты год у мяне ўраджайны на абноўкі, адпачываю за шыццём ад гаспадаркі, вельмі мне падабаецца гэтая справа. Таму і сшыла ўжо дзве прыгожыя спадніцы, штаны, кофту з рукавамі і некалькі саколак. А вось лёгкай і простай сукенкі з паркалю не было, а ўжо ёсць :)


Выкрайкі брала з часопісу Бурда нумар 7/2014, сукенка 119.
Змяніла толькі даўжыню, каб не была вельмі доўгай для мяне :)


У часопісе ёсць поўны МК па шыццю гэтай сукенкі, таму сшыла яе за некалькі гадзін і паехала да бацькоў у госці :) Вось вельмі зручна, спадабалася сукенка, выбрала тканіну і праз некаторы час рэч зроблена. І адносна танна :) Адзін мэтр гэтага паркалю шырынёй 150 см у мясцовай краме каштуе каля 1 эўра, на сукенку пайшло каля 2 м. Засталіся рэшкі на хустачкі :)
Плюс нітачкі Coats і эластычная стужка для куліскі.

Мне дык вельмі прыемна апранаць гэтую сукенку, лёгкая, проста незаўважная да скуры, самае тое для лета :)


Прыгожых сукенак і цудоўнага настрою :)

Каля Вілейкі, або пра нашае маленькае падарожжа

Вітаю!
Працягваючы аповед пра сваё маленькае падарожжа, дапоўню яго апошнім прыпынкам, які быў каля Вілейкі. Калі ехаць па дарозе, то з абодвух бакоў ёсць невялічкае азярцо. Вось на ім мы пазнаёміліся з гэтай цудоўнай сям'ёй Лебядзяў.


Спачатку мы праехалі гэтае возера, але я заўважыла там Лебедзя-маму з маленькімі лебедзямі, такое прапусціць было нельга. Я ня памятаю, але гэта, магчыма, першы раз у маім жыцці, калі я іх (малых) бачу ў рэальнасці, а не з манетору ці часопісу.


Былі яны на іншым канцы ад дарогі. А іхні бацька ў цэнтры. Я стала фатаграфаваць, размяўляць, і ён пачаў падплываць. Я спужалася, думала, што накінецца на нас, абараняючы сваё сямейства (так было ў адным з паркаў Лондану, калі мы там былі. Праўда, гэта была птушка падобная да пелікана. Былі напісаты аб'явы, што іх нельга карміць, але нейкі мужчына карміў. Дык на яго і напрыгнула гэтая птушка. З таго часу я іх баюся, бо мы праходзілі побач у той самы час, як гэта адбывалася :) І дзівіліся, што вось, нават самі замежнікі парушаюць свае правілы, але пад час нападзення мужчына пачаў лаяцца на расейскай мове :))) Таму ўсё стала зразумела)


За бацькам падплыла і маці з дзетварой. Муж прынес хлеб з машыны і пачаў іх карміць.


Напэўна, ня толькі мы спыняліся для гэтага. Лебедзі зусім не баяліся, я падыйшла амаль да вады, было вельмі зручна фатаграфаваць: мы ім хлеб, яны нам фотаздымкі :)


Але бацька загарожваў сваё сямейства ад нас. Вось які мужны!
Так блізка першы раз іх бачу :)))


І дзетвара. Шэранькія, напэўна такія ж пухлякі, як і качкі з гусямі.


Я думала, што малых толькі трое. Але са спіны прачнуўся яшчэ адзін.
Муж пажартаваў, што ён прачнуўся ад таго, што ўсе астатнія чвакалі клювамі :) А ён прапускаў свой ланч :)
Калі прыгледзецца да фотаздымка, то можна заўважыць ужо галаву.


Вось ён, напэўна самы маленькі.
А я ўсё назірала і думала, вось як мама іхняя адрозніваецца ад бацькі: крылы трымае высока, прыгожа так выглядае.
Але калі выпаўз апошні, то і яна апусціла крылы і стала падобнай да свайго мужа :) Цікава так...


Мы аддалі апошні хлеб, яны пашыпелі на нас, напэўна дзякавалі. І паплылі назад, у глыб возера, далей ад дарогі, а мы паехалі далей, але ўжо да самай хаты без прыпынкаў.
Вось такое нашае маленькае падарожжа!
Прыемных уражанняў, цудоўнага настрою і сонейка :)

2015-06-14

Мядзел, або пра нашае маленькае падарожжа

Вітаю!
Працягваючы сваю дарогу да хаты, заехалі ў Мядзел. Там вельмі шмат азёраў, мы ж шукалі месца для ланчу, таму што ўжо згаладаліся з раніцы.
Завіталі ў дэндралагічны сад, які месціцца ў пары км ад Мядзела. Квіткі каштуюць каля 1-1,2 эўра на чалавека.
Вельмі цікавае і прыгожае месца, запрашаю!


Першай справай знайшлі месца, дзе можна было сесці, і з апетытам з'елі свае бутэрброды...


А затым пайшлі на шпацыр. 
Столькі розных прыгожых дрэў, кветак, шмат птушак лятае-спявае-скача...
Цудоўнае месца, вельмі спакойнае і прыгожае.


Бэз ужо адцвіў, саступіўшы месца агромістым ірысам...





Вельмі духмяная шыпшына. 
І белая...


І ружовая.


На тэрыторыі саду ёсць балотца і невялічкае азярцо з Nymphaéa.


Розныя колеры, прыгожыя-прыгожыя!


Толькі і фатаграфавала іх :)


Над азярцом невялікі масток. Можна пастаяць, пагледзець на рыбак, якіх там вельмі шмат. Можна іх і пакарміць. У нас толькі не было чым :) 


Разам з намі былі і іншыя наведвальнікі, у іх было чым карміць - пярлоўкай.
І таму падплылі большыя рыбы.


І вось якую мадэльку там спаткалі
Сядзіць і просіцца, каб яе сфатаграфавалі :)


Прыгажуня, ці не так?!


І проста кветкі, кветак вельмі шмат.
Адзінае, што не каля ўсіх раслін стаяць надпісы. Часам прыгожае дрэўца, а як называецца не зразумела.






І ружа, там было шмат ружаў, але цвіла толькі гэтая. 
Такі прыемны водар - нейкай салодкай садавіны :)


А ў канцы шпацыру сустрэлі котку - галоўную ахоўніцу садку, прыгажуню з зялёнымі вачамі.
Пачаставалі кавалкам сыру, яна з'ела, завурчэла і давзоліла сябе паласчыць :)
І адпусціла дахаты :) 


Так прайшла яшчэ пара гадзін, але вельмі прыемна было гуляць.
Акуратныя сцяжынкі, мноства раслін, кветак. Прыемнейшае месца!
Будзеце ў тых месцах, абавязкова завітайце :)
Прыемнага шпацыру і сонейка!