Вітаю!
Сёння ў мяне дзень варэння, варэнны дзень :) Дакладней такі дзень быў у нядзелю, але раз'езды туды-сюды па справах не далі мне магчымасці выкласці аповед адразу.
А пачыналася ўсё як звычайна: у нядзельку я прачынаюся а сёмай раніцы, кармлю птаства, адкрываю цяпліцы і еду на кірмаш. І ўжо каля васьмі раніцы я на кірмашы. Проста пазней ужо амаль няма сэнсу ехаць, усё добрае раскуплена (ну добрае з таго, што шукаю звычайна я :).
У планах было купіць садавіны: бананы, персікі-нектарыны, чарэшні. Агародніны: гуркоў (мае гуркі толькі яшчэ пачынаюць зацвітаць), морквы (свая морква на новых градах ледзьве жывая, стаяла вада ў весну), капусту качанчык-два на галубцы ( у мяне цяпер выраслала кальрабі і пак-чой). Якое-небудзь свежае мяска. І малочка ў краме: малако, кефірчык, тваражок, смятанка. Купляю я прадукты на тыдзень, таму такі спіс. Сярод тыдню мы ў горад ня едзем, таму трэба, каб хапіла да наступнай нядзелькі.
Суніцы свае ў нас толькі на ежу, на варэнне не хапае, таму што я гэтым годам перасадзіла кусты на іншае месца. Але і на новых кустах па адной-дзве ягадкі было.
А варэнні гэтым годам мы вельмі добра пад'елі з хатнім хлебам, таму як толькі я ўбачыла добрыя суніцы, было вырашана: вару варэнне.
Купіла восем (8) літраў суніц з рук, і прыблізна пяць з паловай (5,5) кг у скупшчыкаў брэсцкіх суніц.
Суніцы памыла, перабрала і засыпала цукрам.
Цукар сыплю "на вока" (прыблізна), варэнне атрымліваецца ня вельмі салодкім і добра захоўваецца.
Захоўваецца добра я думаю таму, што я шклянкі, перад тым як разліваць варэнні, стэралізую ў духоўцы (ёсць такая ў маёй духоўцы функцыя). І калі я разліваю варэнне, яно працягвае кіпець у шклянцы. І крышка добра прыклейваецца (я карыстаюся толькі вінтавымі шклянкамі, таму што так прасцей, танней і зручна закрываць і карыстацца. Не люблю "катаць" :).
Праз колькі гадзін вару варэнне. Вару пару гадзін, як толькі ягады разварыліся, пачынаю разліваць па шклянках.
Працэс вельмі прыемны...
Такі водар...
Акрамя суніц купіла яшчэ чорных парэчак 10 л. Парэчкі аказаліся вельмі салодкімі, шкада, што я яшчэ лядоўню не падрыхтавала да марозкі ягад. Звынайна я парэчкі, чарніцы, брусніцы, журавіны марожу і ў зімку вару кампоты, дадаю ў кашы, ёгурты. Смачна!
Калі дзень варэння, то варэнне паўсюль :)
З парэчкамі прасцей, чым з якімі іншымі ягадамі.
Я парэчкі мыю, адначасова перабіраю ад лісточкаў. Затым мялю ў блэндэры ў пюрэ, засыпаю цукрам і праз колькі гадзін вару. Вару вельмі хутка, як толькі пачынае кіпець, разліваю па банках. Атрымліваюцца амаль свежыя ягады. Так вару і чарніцы. Захоўваецца такое варэнне вельмі добра, вару так ня першы год :)
Гэта яшчэ ня ўсё змелена, быў поўны тазік пюрэшкі...
А вось што атрымалася ў выніку...
Запланавана яшчэ наварыць варэння з:
- чарніц;
- брусніц;
- чырвоных парэчак (недзе чытала, што ці-то ў Германіі, ці-то Аўстрыі жыве сям'я, якая трымае патэнт на варэнне з чырвоных парэчак. Косткі дастаюць у ручную гусіным, заточаным неяк спецыяльна, пяром. І ў кожнай банцы пэўная колькасць ягадак. Я, канешне, буду варыць звычайнае варэнне, але цікава, чым толькі людзі не займаюцца :);
- яблыкаў;
- персікаў (у мінулым годзе варыла з нейкіх недазрэлых - такое шыкоўнае варэніца атрымалася, у момант з'елі);
- вішань;
- можна яшчэ што цікавае адкрыю, буду пісаць :)
Лёгкага працоўнага тыдню:)
No comments:
Post a Comment