2014-06-29

Нядзельны ўлоў

Вітаю!
Сёння ў нас атрымаўся насычаны і ўраджайны дзень. Мы з мужам схадзілі ў грыбы-ягады.
Надвор'е было вельмі прыемным, цёплым, трошкі дажджлівым, магчыма нават рамантычным...
Вельмі прыемна крочыць па лясной сцяжынцы, слухаць птушак, адчуваць водар лясных суніц, грыбоў, мокрай травы, духмяных зёлак. Незабыўна!


Пачыналася ўсё таксама рамантычна, са смачнага сняданка.
Купілі мы сабе колькі дзён таму столік і стульчыкі для вуліцы з IKEA, і вось цяпер сняданкі ў нас праходзяць на свежым паветры.

І для нядзельнага сняданка была прыгатавана pizza з сырам мацарэла і свежымі памідоркамі. Мммм... Нібы прыляцела з Італіі :) Жартую, прыляцела яна з маёй духоўкі...

Для цеста:
  • 600 г мукі
  • 15 г солі
  • 20 мл аліўкавага алею
  • 15 мл малака
  • 410 мл вады
  • 10 г дражджэй
Цеста мясіла хлебапечка, вельмі хутка і зручна. Дзякуй за хлебапечку бацькам мужа :)
На бляху выклала тоненька раскатанае цеста (атрымалася дзве бляхі з гэтага цеста), на цеста - кавалкі мацарэлы і свежыя памідоркі. Пякла 30 хвілін на функцыі pizza, затым пасыпала зверху свежым базілікам. І можна снедаць...



Добра паснедаўшы, пачэпалі ў лясок...
І першымі сустрэлі нас лісічкі. Нібы крычалі сваім аранжавым колерам: "Мы тут, мы тут..."


"А мы тут..."


"І мяне забярыце!"


"І мяне..."
І так шмат было жадаючых, што аказаўся малы кошых наш, што прыемна.


Прыемнай нечаканасцю было сустрэць чырвонагаловіка - вялікага і цэлага...
Сядзеў такі дзелавы ў траве, напэўна загараў на сонцы, а мы яму гаворым:
 "Давай з намі, на патэльні цяплей! Што ты тут будзеш сядзець адзін, у нас кошык лісічак, з імі весялей будзе..."
" Ну ня ведаю, ваш кошык нейкі малы для мяне..."
Прыйшлося несці пана гэтага ў руках нібы парасонік, але ён быў, напэўна, вельмі шчаслівым. Упершыню ўбачыў лес з вышыні :)


Не было часу фатаграфаваць усё, што мы бачылі і збіралі, прыемна было збіраць.
Чарнічак было шмат, такія буйныя і салодкія...


Торушка, канешне, побач быў...
Але нядоўга, збег з нейкім зайчыкам. Добра, што праз паўгадзіны вярнуўся ўвесь змучаны. Дрыхнуў, пакуль мы збіралі ягады, а дахаты плёўся апошнім, звычайна першым бяжыць.


Ну і на вячэру атрымалася печаная бульба са смажанымі лісічкамі.


Карацей, дзень атрымаўся смачным :)
Смачнага працоўнага тыдню!

No comments:

Post a Comment