2014-06-19

Яешня з лісічкамі (мясцовыя сняданкі суботы)

Вітаю!
Так склалася, што за апошнія чатыры дні я праехала за рулём каля 700 км. І таму напісаць пра любімы сняданак не паспела...
Але я ізноў тут, і хуценька выпраўляюся :)

Лісічкі і кветкі з лесу...



У пятніцу атрымалася ў мяне выцягнуць мужа ў лес. Лес у нас побач, можна сказаць, што лес вакол нас. Адзін год нават лосі прыходзілі да нашага плоту, дзікі дык пастаянна рыюць палеткі каля нас.



Адна я баюся хадзіць у лес, еду на машыне і з Торам (нямецкая аўчарка, 2 гады). Машыну пакідаю і побач збіраю ягады, а Торушка мяне ахоўвае. Ахоўвае да тых пор, пакуль яму гэта не надакучыць (хвілін 15 :) Затым пачынае бегаць за птушкамі і г.д. Адзінае, што тут мяне выратоўвае - наш Торушка адукаваны, ведае каманды. І тут яму хочацца-ня хочацца, а трэба выконваць: сядзець, побач. І самая для яго страшная каманда, выкарыстоўваю яе толькі я, каманда "Лёша" :))) Лёша - мой муж, ён займаўся і займаецца выхаваннем Тора. І калі Тор ня слухаўся, я клікала Лёшу і ён выхоўваў Тора. Таму цяпер мне дастаткова сказаць "Лёша", і Торушка сядзіць :) Ну, гэта не пра сняданак...

А на сняданак у нас была яешня з лісічкамі, хатнім хлебам і салатам з цыбулі і капусты пак-чой.
Капусту я вырошчваю, пачынаючы з сеяння на расаду. Мне так яна падабаецца, такія прыгожыя колеры: белыя чаранкі і зялёнае лісце.


Капуста вельмі смачная. Мы елі ў салаце і лісце, і чараночкі. Такая сочная салата атрымліваецца, з прыемным гарчычным смакам...


Для яешні я спачатку пасмажыла на патэльні лісічкі. Пакуль лісічкі смажыліся, узбівала яйкі (яйкі ад нашых куронкаў) з соллю, перцам, у апошні момант дадала вяршкі 23 %.
Лісічкі смажыць трэба хвілін 15-20.
Затым заліла грыбы яйкамі, і час ад часу перамешвала лапаткай, пакуль яйкі не прыгатаваліся (таксама хвілін 15).


Хатнія хлеб і яйкі, першыя грыбы, свежыя цыбуля, капуста і кроп...
Хутка і я буду гурманам :)


Смачна есці :)

No comments:

Post a Comment