2017-01-31

Сустрэча 2017 году

Пакуль студзень ня скончыўся, спяшаюся распавесці аповед пра сустрэчу новага году.

Усё дзяцінства мы сустракалі новы год каля тэлевізара і багата сэрвіраванага стала. Елі смачныя салаты, слухалі словы прэзідэнта, кідалі кавалачкі шакаладу ў шклянкі з шампанскім і загадвалі жаданне пад куранты...

Першы новы год пасля вяселля мы з мужам сустракалі разам... Ні стала, ні тэлевізара, а тым больш прэзідэнта не было...Былі толькі мы ўдваіх, мы гулялі па вуліцы ў адзіноце, слухалі рыпенне снегу пад нагамі, усміхаліся будучыні... А прыход новага году аб'весцілі фейерверкі...


Новы 2017 вырашылі сустракаць каля гарадской елкі...
І гэта было вельмі правільным рашэннем :)
Увесь снежань у горадзе Турку была святочная атмасфера! Усё навокал так прыгожа! Шмат агеньчыкаў...
Мы кожны вечар хадзілі гуляць, а па дарозе разглядалі, як упрыгожылі дамы мясцовыя жыхары. Так добра што побач з кватэрнымі будынкамі шмат прыватных дамоў. Гэта казачна!
Агні на дрэвах-кустах каля гэтых дамоў, вяночкі на дзверах...
Раней такое я бачыла толькі ў фільмах або часопісах. Мне вельмі падабалася гэта ўсё назіраць!


Ну а сама сустрэча новага году для нас пачалася каля пяці гадзінаў вечара, мы павячэралі, заварылі гарбату ў тэрмасы, сабралі хатнія пончыкі з шакаладам і на раварах паехалі ў горад :)
Надвор'е было марозным, але прыемным. Дарожкі чыстыя, ехаць адно задавальненне. Да елкі нам ехаць трэба было каля шасці км. Але гэта ня страшна :)


Пачаўся канцэрт, хтосьці спяваў, хтосьці танчыў, развучваліся танцы з гледачамі :)
Было вельмі здорава! Шмат людзей, шмат дзетак. Больш нейкая сямейная атмасфера...
Было таксама вогненнае шоў. Казачна, гэта проста казачна!





Затым па праграме быў навагодні фільм пра Санта Клаўса, дакладней пра фінскага Нікалаўса :) на вялікім экране. На фінскай мове :))) Я глядзе яго раней, таму мужу тлумачыла пра што там была гаворка. Фільм трошкі сумны, але такі добры! Называецца "Рождественская история". Раю пагледзець.
Пасля ўсяго быў перапынак на гадзіну, пад час якога мы папілі гарбаты, паласаваліся пончыкамі і схадзілі прагуляцца ўздоўж ракі, якая працякае ў горадзе...

У кавярнях сядзелі людзі, чакалі новага году. Усе прыгожыя, у касцюмах і святочных сукенках. Шмат людзей, як і мы, гулялі, фатаграфаваліся, забаўляліся, хтосьці сядзеў на лавачках каля вады таксама з тэрмасамі, а хтосьці з бутэлькамі шампанскага.
Усе чакалі новага году і фейерверкаў...





Праз раку праходзяць некалькі мастоў, адзін з іх быў упрыгожаны елкамі і агеньчыкамі. І калі ідзеш, то там грае музыка, я бы магла назваць яе музыкай лесу: там і нешта булькала час ад часу, і ваўкі завывалі, і птушкі спявалі, і такія прыемныя мелодыі сустракаліся.
Адна жанчына танчыла ў цэнтры, магчыма, яна была ў нейкім сваім свеце, дзе гэта сапраўдны лес і сапраўдныя гукі...


Караблі на вадзе большую частку году пустуюць, летам там дыскатэкі і бары, а на новы год там адкрываюцца кавярні, дзе можна святочна яго сустрэць :)





У саборы, каля якога стаяла галоўная елка гораду, быў бясплатны канцэрт арганнай музыкі, пра які мы даведаліся толькі пад канец гэтага канцэрту. Напэўна і добра, што так, іначай бы не пагулялі :)
А пасля пагулянкі мы вярнуліся да елкі, яшчэ раз пагледзелі вулічны канцэрт і вогненнае шоў. Аказваецца, там быў паўтор некаторай часткі. Але нам было ня сумна.
Да новага году заставаліся нейкіх 15 хвілін, мэр гораду зачытаў ліст да жыхароў з віншаваннем. Гарадскі хор з невялікім аркестрам праспяваў гімн... І сталі чакаць, вядучая абвясціла, што застаецца дзесяць секундаў да новага году... Натоўп пачаў лічыць... віісі, куусі...
І хюювэ ууота вуота :))))))))))))))))) З Новым годам! Стралялі бутэлькі шампанскага, людзі віншавалі адзін аднаго, а ў далечыні над ракою палілі фейерверкі!





Новы год прыйшоў, хацелася бы ведаць, што прынясе ён. Ды нават каля елкі было арганізавана бясплатнае гаданне на картах, але нам не пашчасціла :)))) Гадалка размаўляла толькі на фінскай мове, на жаль :) Таму няхай год будзе непаўторным і казачным, як і яго пачатак :)

Цудоўнага новага году!
Няхай ён падорыць толькі прыемныя моманты!

2017-01-29

Сняданкi 8-14/365

Вiтаю-вiтаю!
Яшчэ адзiн тыдзень скончыўся, а ў мяне засталiся смачныя сняданкi.
Калi ласка!


8. Панядзелак. Грэчневая каша з малiнамi, яблыкам, бананам i цынамонам.

Каша з грэчневых шматкоў/камякоў/("хлопья"). Грэчку нагадвае толькi лёгкiм водарам. Але смак прыемны, лёгкая такая каша :)


9. Аўторак. Традыцыйны бутэрброд/канапка 😄 

Хлеб, авакада, вяленыя памiдоркi i яйка. Нiколi не надакучыць, тым больш, што з гэтым праэктам "365 сняданкаў" есцi яго атрымлiваецца вельмi рэдка. 


10. Серада. Хатняя гранола з хатнiм ёгуртам. 

Вось тут вельмi смачна! I водары такiя, што нiбы ў кавярнi жывеш, а не ў кватэры. Тут некалькi гатункаў зерневых шматкоў/камякоў, цынамонам,  какосавыя чыпсы, сушаныя яблыкi i змеленыя сушаныя чарнiцы. Асобна разагрэтыя пара лыжак алею+пара лыжак мёду+пара лыжак ванiллi, настоеннай на чырвоным вiне. Усё змяшаць i падсушыць у печы каля 30 хвiлiна, 130°С, кожныя 10 хвiлiн варочаць лыжкаю. Пах будзе стаяць незвычайны!!!! Я першы раз падсушвала пры 150°С, але вельмi перасушыла. Пагэтаму трэба сачыць....


11. Чацвер. Суп са шпiнату з яйкам. 

Вось мне цiкава, чаму мне так падабаюцца супы?! Супы-пюрэ, з кiслай капустай, з гарбузом, з рыбай... Пару разоў я ўжо снедала супам з кiслай капусты, пагэтаму падумала,  а чаму суп са шпiнату не падыдзе для сняданку? Ён як каша....
У арыгiнальным рэцэпце павінна было быць малако, але я зварыла на вадзе. Суп лёгкi, смачны, густы, ну для мяне самае тое на сняданак. Дык i гатаваўся на патэльнi 😂 амаль як соўс бешамель, толькi са шпiнатам. I яйка ў талерку, i можна бяз хлеба 😄


12. Пятнiца. Бутэрброд з чырвонай рыбай хатняга засолу з авакада i зялёнай салатай. 

Такi сняданак бывае толькi раз на месяц 😂 Калi знiжкi на свежую рыбу, як учора. Ледзьве адабрала апошнюю ў нейкага араба 😂 
Засалiла, а сёння можна i паснедаць👌 
Чорны хлеб, авакада, зялёная салата i кавалак чырвонай рыбы хатняга "засолу"... Як звычайна вiтамiн С i дэсэрт. 


13. Субота. Тварожная запяканка.

Мне з дзяцiнства падабаюцца тварожныя запяканкi з разынкамi, але ў мяне яны не атрымлiваюцца 😂😂😂 мне проста ня хочацца дадаваць столькi ж мукi, колькi ў школьных сталовых. Але тое, што атрымлiваецца, падабаецца мне больш... Гэта падобна да вялiкага мяккага сырнiку.  Ды i разынак у маёй запяканцы ў разы больш, чым звычайна. Таму я не шкадую, што мае запяканкi зусiм не такiя як у дзяцiнстве 🙄 


14. Нядзелька. Ёгурт з бананам, цынамонам i мёдам; шакаладны пiрог.

Сняданак нядзелi павінен быць смачным 😄 Пагэтаму шведскi шакаладны пiрог i ёгурт з бананам i цынамонам. Я дадаю шмат цынамону, тады такi прыемны насычаны, трошкi саладкаваты смак. Раней для мяне цынамон быў проста водарам, а цяпер стаў смакам 😄
Але такi сняданак для мяне - вельмi шмат. Мне дастаткова або ёгурта, або пiрага 😂

Смачных сняданкаў, 
Цудоўнага настрою i 
Сонечнага надвор'я!


2017-01-27

Naturhuset

Няхай будзе тут спасылка на незвычайны дом - http://naturhuset.blogg.no
Людзi так цiкава прадумалi i пабудавалi...



Вось тут на расейскай мове можна пачытаць.
I невялiчкае вiдэа:

Цудоўнага настрою!

Барахолка

Эх, вiсiць чарнавiк пра новы год. Так мне хочацца пра яго напiсаць... Але на душы вяснааааааа 😂 
Ды ўвогуле сёння такi дзень - такi дзень, што ўсё астатняе пачакае!


А пачалося ўсё з таго, што я вырашыла з'ездзiць на барахолку/блошиный рынок/second-hand. Ёсць побач з намi, ну як побач, кiламетраў шэсць ехаць, а тут амаль вясна пачалася, цякуць ручаiны, сонейка свецiць... Дзеля аднаго гэтага можна было ехаць....
I я паехала, спачатку заехала ў квяточную краму, дзе купляла ўлетку iнжыр. А там такiя квяточныя водары! Там i галiны бэзу цвiтуць, i магнолii, i вiшнi, i нават парэчак... I ўсё гэта пахне... 


I разнастайнага насення... Адразу я засумавала, што агароду няма, кветак няма, патрэбы ў расадзе няма... I купiла насенне сунiц, пасею i буду на балконе вырошчваць, балкон жа ёсць 😂 


Спачатку саромелася фатаграфаваць, а там такiя цiкавыя агромнiстыя талеркi былi з прарошчаным насеннем сланечнiку i крэс-салатай, шкада, што не сфатаграфавала.... Прыгожа!


Ну а далей барахолка... Вось падабаецца мне туды ездзiць, бясплатны музей. I пакранаць можна 😄
А сёння я яшчэ i пафатаграфавала: штосьцi цiкавае, штосьцi прыгожае,  а штосьцi проста смешнае. Але больш за ўсё я думаю пра людзей, якiя гэтае барахло ў свой час куплялi... Пагэтаму я толькi гляджу, купляю рэдка 😂


Дакладна ня ведаю, што церлi гэтай маленькай прыладай, магчыма сыр. Яна рэальна падобная на дзiцячую, але вельмi каларытная!



Гэтая сапраўдная, цяжкая, для мяса... На Беларусi, магчыма, ўжо многiя павыкiдалi iх, электрычныя цяпер папулярныя, а я бы такую купiла. Праста, надзейна, танна i экалагiчна :)))


Ключы, гаршкi, незразумелыя рэчы...


"Вырашылi прыгатаваць слiмакоў, але няма ў чым? Завiтайце да нас, мы дапаможам" :) Ну мне так здаецца, магчыма, гэта для чаго-небудзь iншага... Можа ў акварыўм...


Гэтая рэч мяне здзiвiла. Каму можа спатрэбiцца i для чаго? Здаецца, што цяпер ужо ўсё звязана з кампутарамi, але я магу i памыляцца.



Бiдончыкi... Як яны мне падабаюцца... Кожны раз хаджу i гляджу, гэта такi ўспамiн! У дзяцiнстве ў ягады хадзiлi з такiмi. Малачко суседзям насiлi ў такiх... Яны нейкiя магiчныя! Ну вось для Вас яны што-небудзь азначаюць? А для мяне цэлы свет... Хацелася бы мець хоць адзiн, але для чаго? У ягады менш, чым з пяцiлiтровым няма сэнсу хадзiць... Хатняга малака таксама няма... А проста так навошта?! Няхай лепей гэты бiдончык застаецца ўспамiнам, такiм прыемным, але такiм далёкiм.  




Медны посуд тут на кожным кроку, адзiн больш новы, другi ўжо шмат што бачыў.  Але прыгожы! Раней я такое сустракала толькi ў часопiсах.
А ў Турку, у музеi рамёстваў, можна нават замовiць сабе такi медны iмбрык. Там цэлая майстэрня ёсць, толькi ня ведаю, колькi такая радасць каштуе.






Як я пiсала, шмат прыгожых рэчаў. Вось гэтыя вiдэльцы з прыгожым узорам. I гэта не гравiроўка, а цiсненне... Як скарбы шукаю там 😄 


Нiякiх iдэй наконт гэтага куфару ня маю... Можа толькi гэта дарагi антыкварыят...
А вось астатнiя паходзяць на куфары з пасагам. Толькi там можна захоўваць вышываныя рушнiкi, белыя iльняныя кашулi з карункамi... Можна ж памарыць, праўда? 
У музеi пры школе, дзе я вучылася, менавiта так i было. Кожны раз, калi я праводзiла экскурсii, я даставала адтуль прыгожыя рушнiкi, карункi, бялiзну на ложак, вышываныя кашулi... Усё было такiм святочным i казачным, не падобным да сапраўднасцi. А тут можна купiць сабе такi i што-небудзь трымаць там, цi самае смачнае, цi самае дарагое 😂




Шмат антыкварнай мэблi, якая настолькi ж прыгожая, наколькi дорага каштуе. Але мне здаецца, што гэта не зусiм зручна... Але прыгожа, нiбы ў палацы :) 



Але ёсць мэбля, якая мяне захапляе... Пра яе я марыла, калi жыла на вёсцы, мару цяпер... Спадзяюся, пазней у мяне атрымаецца набыць яе...
А ўсяго-та хочацца вось такi студьчык...


Кошты пачынаюцца ад 20 эўра. Магчыма, ён таксама ня зручны, але гэта як бiдончыкi, толькi не разумею, адкуль такое жаданне...








Тэхнiку можна знайсцi на любы густ... I нават касет, пластынак да яе ёсць шыкоўны выбар.  


А далей простыя рэчы, якiя зачапiў позiрк. Часам таму што ў бабулi былi такiя нажнiцы, а дакладней штук 5 на цвiчках на сцяне вiселi. Яна кожны раз, калi спрабавала iмi што-небудзь рэзаць, казала, што яны "усе тупыя, як ср*ка"😂




Старыя фотаздымкi... Раней былi рэдкасцю i багаццем, а сёння я за дзень зрабiла iх больш, чым маю з дзяцiнства...




Рогi на каўбасы. Памятаю, што ў мамы маёй адзiн такi таксама быў. Потым з'явiлiся механiчныя-электрычныя прылады, а мама ўсё не выкiдвала, а жартавала, што мне ў пасаг падорыць :) Але так i не падаравала, i не выкiнула 😂 


Больш за ўсё мяне здзiўлялi i здзiўляюць розныя бутэлькi, а дакладней iх разнастайнасць... Шкада, што я толькi два фотаздымкi зрабiла. У наступны раз папоўню калекцыю.



Ну i апошнiмi засталiся вось гэтыя размаляваныя каструлькi. Як сёння памятаю сваю першую эмалiраваную каструльку з домiкамi, якая была не падобная да астатнiх незразумелых постсавецкiх кветак, узораў, колераў... А гэтыя ўвогуле адначасова каструля, карцiна i ўпрыгожванне. Шкада толькi, што дорага каштуюць... Але фiнскай вытворчасцi, i, нягледзячы на час, выглядаюць як новыя....



Фух... Гэта першы такi агромнiсты аповед атрымаўся 😥 Але цiкава было паразважаць i падзялiцца ўспамiнамi. 

А як Вы ставiцеся да барахолак?