2014-10-28

Пра хлеб, або ўражанні дню (панядзелак, кастрычнік-27-2014)

Вітаю!
Што можа быць лепшым за водар духмянага хлебу, гарачай печы, ласкавага рыжага ката і смачнай гарбаты з ліпы ў марозны вечар панядзелку, калі вяртаешся з вялікага гораду стомлены і галодны?
Толькі хатні духмяны хлеб, цёплы муж, можна і без ката, але без гарбаты ніяк...



Хлеб - нашае ўсё. Бяз хлеба я не ўяўляю ні сняданак, ні ланч, ні вячэру.
На сняданак пшанічны хлеб з вотруб'ем, хатнім сметанковым маслам і козім сырам і гарачай гарбатай або малінавым кампотам...


На ланч можна гарачы булён з курыцы, хлеб з іржаной мукі з мяккім сырам...


А на вячэру пшанічны хлеб з вотруб'ем, варэнне з персікаў і гарачае какава :)
Але ў любым выпадку хлеб павінен быць хатнім, зроблены сваімі рукамі, з любоўю і пяшчотай замешаны і спечаны. І хата тады напаўняецца ўтульнасцю і духмянасцю. У такой хаце хочацца жыць, займацца творчасцю, дарыць цеплыню і каханне...

І вось едзеш ты ўжо соты кіламетр, і марыш, як увойдзеш у хату, дзе пахне хлебам, дзе цёпла ад печы, дзе рыжы кот і вялікі сабака шчыра чакаюць гаспадароў...
І марыш пра тое, як адламаеш скарынку духмянай буханкі... 
Чуеш, як пачынае граць музыка хлеба...
Мажаш скарынку сметанковым маслам, і кідаеш у рот, і адчуваеш лёгкую кіслінку хлеба, салодкасць масла і прыемны хруст...
І становіцца цёпла і ўтульна, ты дома, ты ў хаце, ты ў цеплыні...

Свежага хлеба і цудоўнага настрою :)

No comments:

Post a Comment