Добрай сонечнай раніцы!
У нас сёння лёгкі марозік, сонейка. Вельмі прыгожа на вуліцы раніцай!
А ў хаце лятаюць водары мядовага хлебу, цынамону і шакаладу.
Сёння смачны сямейны сняданак, запрашаю!
У нас сёння лёгкі марозік, сонейка. Вельмі прыгожа на вуліцы раніцай!
А ў хаце лятаюць водары мядовага хлебу, цынамону і шакаладу.
Сёння смачны сямейны сняданак, запрашаю!
На сняданак сёння ў нас: мядовы хлеб з козім сырам, варанае яйка (курачкі стараюцца, малайчушы), маркоўны кекс з тварагом і персікавым варэннем і какава з цынамонам (але бяз цукру, такая прыемная гарчынка).
Мядовы хлеб мае прыемны водар Калядаў, дадала духмяных прысмак: гваздзічкі, духмяны гарох, некалькі гарошынак каляндры, мускатны гарэх, цынамон. Такі водар у хаце, проста слінкі адныя :)
Што і як:
- 300 г мёду
- 220 г пшанічнай мукі (цэльназерневая)
- 30 г ржаной мукі
- 50 г гарэху пекан
- 100 мл малака
- 1 яйка
- 2 ч.л. пітной соды
- пару каменьчыкаў марской солі (мае гарэхі пекан былі з соллю, таму не клала)
- прысмакі: 1 ч.л. цынамону, некалькі гарошын каляндры, 4 гваздзічкі, 3 гарошыны духмянага перцу (змелена ўсё ў мельнічцы), 1/8 частка мускатнага гарэху (сцерці), цэдра лімону (лімоны мае амаль засохлі, таму дадала пару ст.л. соку лімона).
- Мёд з малаком паставіла на плітку, на самы маленькі нагрэў. Галоўнае не кіпяціць! У мяне проста мёд растварыўся ў малацэ, нават не нагрэўся.
- У кубак блэндэра (насадка нож) паклала гарэхі, муку, соду, цэдру (сок), прысмакі. Перамяшала.
- Затым пераліла мёд з малаком, дадала яйка. Замяшала цеста.
- Пераклала ў папярэдне змазаныя сметанковым маслам формы. Пякла каля 40-50 хвілін пры 180 градусах С, нагрэў: гарачае паветра.
Калі ня вельмі падабаюцца духмяныя прысмакі, то можна спыніцца на цынамоне і мускатным гарэху.
Пякла ўчора ў вечары. Дык такія пахі не давалі спаць, хацелася пакаштаваць кавалачак. І хацелася хутчэй раніцы і сняданка... Можа трэба больш есці днём?!
На сняданак трэба есці карысную ежу, такой быў маркоўны кекс, амаль не салодкі, з тварагом і варэннем! Сакавіты і смачны...
У каторы раз муж сказаў, што "аказваецца, з морквай вельмі смачнае печыва атрымліваецца"...
Што і як:
- 200 г сметанковага масла
- 4 яйкі (вось калі б не курачкі мае, то не такі і смачны быў кекс. Яйкі з крамы зусім ня тое)
- 70 г карычневага цукру (калі хочацца салодкага, то можна 150 г. Я рабіла на сняданак не салодкі)
- 150 г пшанічнай мукі з цэльнага зерня
- 50 г амарантавай мукі (сняданак павінен быць карысным!)
- 1 ч.л. пітной соды
- 150 г цертай морквы (вядома-невядомым была скрадзена з талеркі спачатку адна счышчаная морквіна, затым другая. Але венікам атрымалася адбіцца ад памочнічка-мужа :)
- 1 ст.л. ружовага віна
- Сметанковае масла павінна быць цёплым, каб лёгка можна было ўзбіць з цукрам.
- Да масла з цукрам дадала па адным яйку, працягваючы ўзбіваць.
- Затым дадала муку-соду. Перамяшала.
- Дадала цертую моркву і віно. Перамяшала.
- Выклала ў падрыхтаваную форму, якую змазала сметанковым маслам. Так вельмі лёгка даставаць печыва пасля таго, як яно прыгатавалася.
- Пякла каля адной гадзіны пры 180 градусах С.
- Пакінула астываць.
- А тым часам гатавала крэм:
- 600 г тварагу
- 250 г смятаны
- 2-3 ст.л. карычневага цукру (можна больш, бо так атрымалася амаль не салодкім. але так і было запланавана, каб можна было есці з персікавым варэннем). Калі тварог вельмі сухі, то смятаны можна і больш дадаць.
- Усё перамяшала блэндэрам. І вельмі добра такі тварожны крэм замешваць у кубку блэндэра з нажом. Ніякіх камячкоў, нож добра ўсё меле.
- Абмазала кекс крэмам і пакінула на ноч у лядоўні.
- Раніцай адрэзала кавалак, паліла варэннем і з какавай снедалі...
І хто яшчэ так пакорміць, як сам сябе пакорміш :) Таму смачна есці!
Цудоўных выходных!
І смачных сняданкаў!
Частуйце родных толькі карыснымі і смачнымі стравамі :)
No comments:
Post a Comment