2014-10-12

Сняданак суботы, грыбы і кірмаш (субота, кастрычнік-11-2014)

Добрай раніцы, добры дзень, добрай ночы!
Спяшаюся падзяліцца ўражаннямі суботы :)
Тут быў і смачны сняданак, фотаздымкаў якога няма. Тут ізноў грыбы. І тут маленькае папаўненне ў маім птастве.
Таму запрашаю...



У кожнага нармальнага чалавека дзень пачынаецца са сняданку, я так думаю. Але ў нас субота пачалася з кірмашу. Мы з мужам паехалі на мясцовы кірмаш-выставу сельска-гаспадарчай прадукцыі.
Там было шмат гародніны, сажанцаў, кветак, кур, трусаў і рознай дробязі, якая нам была не цікавая.
Ехалі мы за: капустай, каб квасіць. буракамі-морквай для кур, курамі, сажанцамі.
І вось мае прыгажунькі-навасёлы:
дзве карычневыя курачкі
Якая назва кур я не памятаю. Адзінае памятаю, што звязана назва з нейкім горадам :)



І дзве беленькія
Здаецца, што гэта "Ленінградскія". Так сказаў прадавец.
Яны такія прыгожанькія, зусім не баяцца мяне, падыходзяць, ядуць, капашацца :)



Купілі мы 64 кг капусты, качкі таксама дапамагаюць есці. Дзве сеткі чырвоных буракоў (прыблізна 34 кг), тры сеткі морквы. На зімку хопіць, я думаю :)
Яшчэ набылі маліну жоўтую гатунку "Жоўты гігант". Сажанцы дрэў з Самахвалавіч: Каштэля, Белы наліў, Антонаўка (доўга я яе шукала, нарэшце знайшла), адну познюю яблыню і нейкую вішню, гатункаў таксама не памятаю. Дзявочая памяць :)

Затарыліся і паехалі да хаты снедаць.
А на сняданак, 11-12.00 раніцы, ў нас была бульба з тушонкай з хатніх качак. Ну што тут фатаграфаваць, бульба ёсць бульба :) Проста вельмі згаладаліся і ўсё хутка з'елі.
Тушонка проста аб'ядзенне, такая смачная. Качкі абсмаленыя на адкрытым вагні, лёгкі водар дыму. Ну што тут казаць, вельмі смачна і па-вясковаму проста і хутка, і натуральна...

Ну а пасля сняданку я пабегла ў лес, таму што час збіраць зялёнкі. І не памылілася, таму што ніхто ў лес не хадзіў, грыбоў было шмат.
...
Першым сустрэў мяне апошні баравічок гэтага году. 
На дзіва вялікі і цэленькі, ніводнага чарвячка.

...
А пасля амаль цэлы кош назбірала падзялёнак, некалькі штук зялёнак.
Шкада, што шмат чарвівых.


Грыбы гэтыя можна знайсці з канца верасня і да лістапада, калі снегу няма :)
Любяць сухі сасновы лес, асабліва пясок.
 Маюць яны прыемны пах... 



Самі шэранькія, а ніз белы з зялёным адценнем. 
 

Вось якую сямейку атрымалася знайсці.


А вось і вынік паходу: тры літры грыбоў на зіму.
Вельмі гэтыя грыбы смачныя, з прыемным водарам.
Такія грыбы заўжды гатавала мая бабуля. І на Куццю, 6 студзеня, частавала імі.
Куцця з макам, сухія посныя аладкі і гэтыя грыбы - адзіныя стравы, якія я ела на Куццю.
Гэта смак і ўспамін дзяцінства.
І вось гэты ўспамін у марынадзе будзе чакаць мяне ў слоіку :)


Ну і проста прыгожая сыраежка сустрэлася на дарозе.
На гэтым мае грыбныя паходы ў 2014 годзе скончыліся.



Усё? Усё?! Усё-ўсё-ўсё...
Нібы пытанне ад Тофслы (стаў вельмі падобны да Тэадора).


Цяпер дакладна ўсё :)
Цудоўнага настрою і прыгожай восені, яна цяпер самая залатая!

No comments:

Post a Comment