2014-09-06

Наліснікі з мёдам і тварагом (мясцовы сняданак суботы)

Вітаю-вітаю!
Спяшаюся Вас пачаставаць гарачымі танюсенькімі наліснікамі з проста шыкоўным мёдам і тварагом.
Ну што, калі ласка :)

Наліснікі - самы любімы сняданак. І калі так атрымліваецца, што я прачынаюся раней, а муж тым часам яшчэ спіць, то смажу наліснікі. Тым больш, што ўчора атрымалася набыць свежага хатняга малака (мммм, вельмі смачнага, учора было зварана какава) і смачнага тваражку.
Што і як:
  • тры яйкі (курачкі радуюць, за што ім вялікі дзякуй :)
  • малако (я ўсё кладу на вока, няма нейкага рэцэпту. Тут пайшло каля 1,5 літры. Але гэта прыблізна)
  • мука (шкада, але таксама на вока. Сыплю адразу з пакунку)
  • некальмі грам цукру, можа 1/4 ч.л.
  • столькі ж грамаў пітной соды (1/4 ч.л.)
  • аліўкавы алей - 2-3 ст.л. (дадаю прама ў цеста, тады атрымліваецца смажыць на патэльні бяз масла. Але з умовай, што патэльня добрая)
У кожнай гаспадыні свой рэцэпт. Таму я проста пералічыла тое, што кладу ў цеста.
Замешваю так: 
- спачатку ўзбіваю яйкі з цукрам і содай.
- дадаю малако. Не ўсё адразу. Часткамі.
- затым дадаю муку. Амаль усю, цеста ў гэты момант атрымліваецца вельмі густым, як на аладкі. І дадаю малако, цяпер цеста павінна быць ня вельмі густым, каб атрымалася смажыць тонкія наліснікі. Гэта дазваляе зрабіць цеста без камячкоў.
Пітная сода з цукрам дае дзірачкі ў налісніках. Яны атрымліваюцца лёгкімі, ажурнымі :)
Ну а з чым есці?
У кожнага сваё любімае начынне. Я вельмі люблю з сырам, з грыбамі, з тварагом.
Але сёння мне захацелася асобна тваражок з мёдам, асобна наліснік. І смятана. 
Ну так смачна атрымалася...


Муж спачатку еў з сунічным варэннем. Але потым, пагледзеў, як мне смачна (а мне было вельмі смачна, а калі смачна, то як тут маўчаць. Мммм...) таксама стаў есці з мёдам.
І мёд свежы, і тваражок свежы і смачны, і цёплыя наліснікі... Карацей, субота пачалася вельмі добра...


Чаго і Вам жадаю :)
Смачных сняданкаў! Сняданкі - пачатак дня :)

No comments:

Post a Comment