2014-09-12

Грыбны дзень, або ўражанні дню (чацвер, верасень-11-2014)

Вітаю!
У мяне сёння ізноў грыбы.
Вельмі шмат грыбоў, што было вялікай, але прыемнай нечаканкай :)


Звычайна ў лес я не хаджу адна: або з мужам, або мама мая гасцюе ў нас, і мы з ёю ходзім у грыбы-ягады.
Але ўчора (чацвер, 11 верасня) мне так захацелася схадзіць у грыбы, таму што толькі прайшоў дождж, нават раніцай быў. І ніхто, дакладна ніхто, ня пойдзе туды, куды пайду я. І я пайшла. І Тор разам са мною. Вельмі добра ён пільнаваў мяне, ахоўваў, за што атрымаў шмат смачных костак, калі мы вярнуліся дахаты.

Дык вось, збіраюся я ў лес. У лесе ў нас шмат дзікоў. Думаю, будзе страшна ісці адной, на машыне неяк ня так страшна. Але туды, куды я збіралася ісці, на машыне не даедзеш. Думаю, трэба ўзяць што-небудзь, каб можна было абараніцца :) Вырашыла, што лепш узяць нож, чым сякеру :)))) Сапраўды, такія думкі былі...
Узяла я нож, Тора, кошык, тэлефон, фотаапарат, літровае вядзёрка на брусніцы і пачэпала ў грыбы.
Фатаграфаваць не было часу, таму што грыбоў было вельмі шмат: 24 баравіка і 45 чырвонагаловікаў, не лічаная колькасць падбярозавікаў, паўлітры маслякоў...



І цэлы кош апеняк.
І вось я хаджу, збіраю грыбы. А вялікі нож, які я брала на ўсялякі выпадак, ляжаў у кошыку, пад грыбамі. І вось я спакойна хаджу-хаджу, і мне прыходзіць думка, як я буду абараняцца, калі што здарыцца, калі нож пад грыбамі ?!:)))) Карацей, намучалася я з гэтым нажом. Добра, што ён не спатрэбіўся. Але бяспека на першым месцы!
Перад самай хатай знайшла апенькі. У гэты час несла грыбы ў кошыку, у сваёй вязанцы, у вядзёрку. Стойка трымалася, каб не тэлефанаваць мужу, не адрываць яго ад працы. Але калі знайшла апенькі, дзесяць парасонікаў, то прыйшлося выклікаць мужа на дапамогу...


Насмажыла цэлую патэльню парасонікаў, зварыла суп з баравікоў, зрабіла пірог з грыбамі. Пра гэта ўсё падрабязней у наступны раз, таму што  сёння (пятніца, 12 верасня) я ізноў хадзіла ў грыбы, назбірала цэлы кошык баравікоў, маслякоў, польскіх грыбоў. І вось усё гэта чакае, калі я перабяру і перапрацую. Таму пажадайце мне поспехаў :)
Цудоўных выходных і грыбнога настрою :)

No comments:

Post a Comment