Добрай раніцы!
Перад тым, як напісаць пра сняданак суботы, спяшаюся падзяліцца смачнымі рэцэптамі гатавання грыбоў. Гэта вельмі актуальна цяпер, таму што грыбоў у лесе вельмі шмат :))
Я ў пятніцу хадзіла ў грыбы ізноў, ізноў назбірала цэлы кош, чысціла, сушыла, гатавала. І вось, нарэшце, у мяне ёсць вольны час у суботы, каб паспець пра ўсё расказаць.
Таму запрашаю ў госці...
Перад тым, як напісаць пра сняданак суботы, спяшаюся падзяліцца смачнымі рэцэптамі гатавання грыбоў. Гэта вельмі актуальна цяпер, таму што грыбоў у лесе вельмі шмат :))
Я ў пятніцу хадзіла ў грыбы ізноў, ізноў назбірала цэлы кош, чысціла, сушыла, гатавала. І вось, нарэшце, у мяне ёсць вольны час у суботы, каб паспець пра ўсё расказаць.
Таму запрашаю ў госці...
Суп з баравікоў
Пару слоў: гады два таму мы з мужам былі ў Чэхіі. І ў адным з рэстаранаў Прагі на вячэру я замовіла суп з лясных грыбоў. Сказаць па праўдзе, амаль ва ўсіх рэстаранах я замаўляю супы, бо вельмі мне яны падабаюцца. І падабаецца каштаваць штосьці новае.
Дык вось, гэта быў вельмі смачны грыбны суп, які я толькі каштавала ў сваім жыцці. Вельмі духмяны. Баравічкі маладыя, парэзаныя тоненькімі пласцінкамі. Вельмі прыгожа гэта выглядала на вялізнай талерцы (супа быў можа адзін чарпачок). Адзінае, што сапсавала настрой - валасок чыйсці, які я знайшла ў талерцы. Было не прыемна, есці больш не хацелася. Канешне, за суп мы не аплочвалі. Але есці астатнія стравы ўжо было ня так прыемна.
Дык вось, той суп быў сапраўды грыбны. І колькі разоў я не спрабавала зварыць суп у хаце, такога не атрымлівалася. Але ў чацвер (11 верасня), амаль у пятніцу :) гэта атрымалася...
Аказваецца ёсць пару сакрэцікаў, якія дазваляюць атрымаць той самы водар грыбоў, які не выварваецца, а застаецца ў талерцы, у кожнай лыжцы, у кожнай кроплі супу.
Сакрэцік 1:
- баравікі нельга мыць, перад тым як гатаваць. Іх трэба чысціць пэнзлікам, ганучкай ад пясочку і розных забруджванняў. Вада псуе грыб, ён губляе водар, губляе смак.
Сакрэцік 2:
- баравікі ня трэба варыць асобна, вымочваць у вадзе (раней я такое і не рабіла, але чула, што так некаторыя робяць).
Сакрэцік 3:
- усю гародніну, якая ідзе ў суп разам з баравікамі трэба смажыць на алеі 10-12 хвілін, затым заліваць булёнам і гатаваць хвілін 20-30 на маленькім нагрэве, каб суп павольна кіпеў.
І атрымаецца проста шыкоўны грыбны суп. Тут можна выкарыстаць баравікі, чырвонагаловікі, падбярозавікі.
Патрэбна каструля з тоўстым дном, каб можна было ў ёй спачатку пасмажыць, а потым заліць булён і варыць суп.
Гародніна:
- 2 бульбіны;
- 1 белая цыбуліна;
- 1 цыбуля-парэй (толькі белая частка);
- карэньчык пастарнаку;
- карэньчык сэльдэрэю;
- 1 морква.
Баравікі, бульбу і цыбулю парэзаць на кавалкі, карэнне і моркву сцерці на тарцы.
Нагрэць прыблізна 4 ст.л. аліўкавага алею, выкласці адначасова гародніну і грыбы. Мяшаючы, смажыць хвілін 10-12. Я дадала 1 ст.л. белага віна, але можна і не дадаваць.
Я смажыла спачатку бяз крышкі, затым з крышкай.
Булён: курыны, з гародніны, можна проста вада - 1,5 л.
У мяне быў курыны булён, але ён быў замарожаны. Я выклала яго замарожаным у каструлю, дзе гатавала суп. Ён таяў, а гародніна і грыбы працягвалі гатавацца.
Пасля таго, як суп закіпеў, я зменшыла нагрэў, і суп гатаваўся яшчэ хвілін 20, павольна булькаючы.
Гатавала ў ночы, бо трэба было тэрмінова разабрацца з грыбамі. Таму выключыла нагрэў, пакінула суп на плітцы, не закрываючы крышкай (як дадала булён, то крышкай больш і не закрывала). І пайшла спаць. І раніцай чакала нас такая смаката...
Гэта было першае прыемнае ўражанне пятніцы :)
Смачна есці!
Суп атрымаўся проста фантастычным, абавязкова пакаштуйце. Тым больш такая грыбная восень у гэтым годзе :)
...
Ну і пра парасонікі скажу пару слоў.
Знайшла я парасонікаў штук дзесяць. У дзяцінстве мы часта збіралі такія грыбы. Смажылі іх. Атрымлівалася вельмі смачна.
Хтосьці параўноўвае гэтыя грыбы з курыным мясам.
Як іх гатавала я:
- у кіпні варыла каля адной-двух хвілін;
- адразу перакладала на сіцечка, каб сцякла вада і грыбы астылі.
Гэта дазваляе зменьшыць памер грыбоў, таму што бываюць такія гіганты, што не змяншаюцца на патэльню.
Затым рабіла сумесь з мукі-яек-смятаны, каб смажыць грыбы:
- 3 яйкі (змагаюся з адной курыцай, якая ўсе які забірае сабе. Але штосьці атрымліваецца адваяваць, і за тое дзякуй:);
- прыблізна 3-4 ст.л. аўсянай мукі (можна пшанічнай, мне падабаецца аўсяная);
- столькі ж лыжак смятаны.
Атрымалася нібы яешня :)
Смажыла на патэльні на аліўкавым алеі пад крышкай. Так прапякаюцца вельмі добра грыбы, атрымліваецца нібы грыбы ўнутры аладак.
І вось тут было бы добра паказаць вынік...
Але яго ня будзе, таму што была ўжо ноч з чацвярга на пятніцу, хацелася што-небудзь з'есці. І грыбы зніклі ня проста хутка, а вельмі хутка. Застаўся толькі водар ад іх :)
Гэта быў успамін дзяцінства, дакладней смак з дзяцінства.
У той мясцовасці, дзе жывуць бацькі, парасонікаў вельмі шмат. Мы імі аб'ядаліся. Мне дык вельмі падабаліся проста звараныя. Бяз солі, перцу. Яшчэ гарачыя, абпякалі рот, але такія смачныя. І таксама ў ночы, таму што пакуль перабярэш мех грыбоў, пакуль зварыш-пасмажыш ужо і цёмна на вуліцы. А ў хаце паліцца печка, варацца-смажацца грыбы. Пах па ўсёй хаце...
І цяпер мне здаецца, што гэта быў пах утульнасці, сямейнасці нейкай. У гэты час усе разам, усе працуюць, штосьці робяць, а потым каштуюць тое, што атрымалася спачатку знайсці, перабраць і прыгатаваць...
Смачных выходных і прыемных успамінаў :)
No comments:
Post a Comment