2014-06-29

Нядзельны ўлоў

Вітаю!
Сёння ў нас атрымаўся насычаны і ўраджайны дзень. Мы з мужам схадзілі ў грыбы-ягады.
Надвор'е было вельмі прыемным, цёплым, трошкі дажджлівым, магчыма нават рамантычным...
Вельмі прыемна крочыць па лясной сцяжынцы, слухаць птушак, адчуваць водар лясных суніц, грыбоў, мокрай травы, духмяных зёлак. Незабыўна!


Пачыналася ўсё таксама рамантычна, са смачнага сняданка.
Купілі мы сабе колькі дзён таму столік і стульчыкі для вуліцы з IKEA, і вось цяпер сняданкі ў нас праходзяць на свежым паветры.

І для нядзельнага сняданка была прыгатавана pizza з сырам мацарэла і свежымі памідоркамі. Мммм... Нібы прыляцела з Італіі :) Жартую, прыляцела яна з маёй духоўкі...

Для цеста:
  • 600 г мукі
  • 15 г солі
  • 20 мл аліўкавага алею
  • 15 мл малака
  • 410 мл вады
  • 10 г дражджэй
Цеста мясіла хлебапечка, вельмі хутка і зручна. Дзякуй за хлебапечку бацькам мужа :)
На бляху выклала тоненька раскатанае цеста (атрымалася дзве бляхі з гэтага цеста), на цеста - кавалкі мацарэлы і свежыя памідоркі. Пякла 30 хвілін на функцыі pizza, затым пасыпала зверху свежым базілікам. І можна снедаць...



Добра паснедаўшы, пачэпалі ў лясок...
І першымі сустрэлі нас лісічкі. Нібы крычалі сваім аранжавым колерам: "Мы тут, мы тут..."


"А мы тут..."


"І мяне забярыце!"


"І мяне..."
І так шмат было жадаючых, што аказаўся малы кошых наш, што прыемна.


Прыемнай нечаканасцю было сустрэць чырвонагаловіка - вялікага і цэлага...
Сядзеў такі дзелавы ў траве, напэўна загараў на сонцы, а мы яму гаворым:
 "Давай з намі, на патэльні цяплей! Што ты тут будзеш сядзець адзін, у нас кошык лісічак, з імі весялей будзе..."
" Ну ня ведаю, ваш кошык нейкі малы для мяне..."
Прыйшлося несці пана гэтага ў руках нібы парасонік, але ён быў, напэўна, вельмі шчаслівым. Упершыню ўбачыў лес з вышыні :)


Не было часу фатаграфаваць усё, што мы бачылі і збіралі, прыемна было збіраць.
Чарнічак было шмат, такія буйныя і салодкія...


Торушка, канешне, побач быў...
Але нядоўга, збег з нейкім зайчыкам. Добра, што праз паўгадзіны вярнуўся ўвесь змучаны. Дрыхнуў, пакуль мы збіралі ягады, а дахаты плёўся апошнім, звычайна першым бяжыць.


Ну і на вячэру атрымалася печаная бульба са смажанымі лісічкамі.


Карацей, дзень атрымаўся смачным :)
Смачнага працоўнага тыдню!

2014-06-28

Пірагі з лісічкамі і чарніцамі (мясцовы сняданак суботы)

Добрай суботняй раніцы!
Сёння такая цудоўная раніца, такая цёплая і сонечная...
І такі смачны сняданак сёння атрымаўся, што хуценька тут пішу і бягу даядаць а то не застанецца :)



Атрымалася нам з Торушкам схадзіць у лес. Як я пісала раней, адна я баюся хадзіць, муж заняты працай, а вось ахоўнік мой верны Тор Торыч толькі рады, калі яго куды-небудзь бяруць.
І вось паехалі мы з Торам пагледзець, ці ёсць ужо што збіраць, бо на кірмашы ва ўсю гандлююць чарніцамі.
І назбіралі...


Назбіралі лісічак і чарніц.
Чарніцы толькі-толькі пачынаюцца, такія вялікія і сакавітыя, і вельмі салодкія...
Тор, канешне, дапамагаў збіраць. Як толькі я знаходжу цудоўную палянку з ягадамі, Торушка ўжо тут, лягае ў самыя лепшыя кусты і пачынае есці мае ягады. І так акуратна ў яго атрымліваецца: асцярожна зубкамі зрывае па адной ягадцы і доўга яе жуе (ну не трапляе адразу маленькая ягадка на яго не маленькія зубкі :)
Можна адразу зразумець, што надоўга яго не хапае, тады ён ідзе і лезе ў маё вядро: "Там та смачней і болей!"
Вось так і змагаемся за ягады...
Наш здабытак.


Адразу было вырашана, што лепш за пірагі на сняданак нічога не прыдумаць. Таму пірагі.
З вечара было прыгатавана пясочнае цеста:
  • 300 г сметанковага масла
  • 600 г мукі
  • 5 г марской солі
  • 15 мл яблычнага воцату
  • 170 мл вады
Сметанковае масла парэзала на кавалкі. 20 хвілін яно павінна паляжаць пры пакаёвай тэмпературы. Закінула ўсе інгрыдыенты ў хлебапечку на праграму "замес цеста" і праз дваццаць хвілін дастала ўжо гатовае цеста, вельмі зручна.
Раней рабіла такое цеста рукамі, вельмі проста, цеста атрымліваецца з прыгожымі пражылкамі масла. Цеста неабходна пакінуць на ноч у лядоўні.
Раніцай, перад тым, як пачынаць працаваць з цестам, неабходна дасцаць яго, каб яно паляжала пры пакаёвай тэмпературы каля 20 хвілін.
І можна "катаць" :)
З гэтага цеста у мяне атрымаліся адзін вялікі пірог і 16 маленькіх.


Рабіла два начынні для пірагоў:
  • адзін салодкі: чарніцы з заварным крэмам;
  • другі з лісічкамі.
Спачатку пра лісічкі.
Закінула ў начынне ўсё, што было: лісічкі, цыбулька са шчыпярамі, кроп, капуста пак-чой, 200 г тварагу, 2-3 ст.л. смятаны, 2-3 ст.л. аўсянай мукі, сыр джугас - на вока - на свой густ, 3 яйкі (дзякуй курачкам :)), соль марская - некалькі каменьчыкаў.
Выклала на цеста, пякла пры 180 градусах С 50 хвілін.


 
Што сказаць, атрымалася смачна. Грыбоў і кропу водар, сакавітасць капусты і цыбулі...
А цеста гэтае атрымліваецца крохкім, нібы слаістым, прапітваецца сокамі начынкі. Смачна, што сказаць...
На свой пірог кінула некалькі кавалкаў любімага сыру з блакітнай цвіллю. Сыр саланаваты, ну вельмі мне смачна (муж такі сыр ня любіць, таму прыходзіцца ласавацца адной).


Для салодкіх пірагоў формы выклала цестам, зверху паклала фальгу і гарох, каб атрымаліся пустыя "кошычкі", якія пазней, як астынуць, можна запоўніць крэмам і чарніцамі.
Пякла 25 хвілін пры 180 градусах С.


Для заварнога крэму спатрэбіцца:
  • 2 яйкі;
  • 0,5 шклянкі цукру (я выкарыстоўвала карычневы, атрымліваецца не такім салодкім і з карамельным колерам);
  • 2 ст.л. мукі;
  • 250 мл малака;
  • 160 г сметанковага масла.
У каструльцы неабходна змяшаць яйкі, цукар і муку, каб не было камячкоў. Дадаць малако, перамяшаць і паставіць варыцца. У мяне электрычная плітка, вельмі зручна карыстацца пры гатаванні розных крэмаў, шакаладаў. Выстаўляю маленькую тэмпературу і нічога не прыгарае, не выкіпае. Усё варыцца само, толькі час ад часу трэба варочаць.
Варыць трэба хвілін 10, каб крэм загусцеў. Затым можна пакінуць, каб крэм астыў і ўзбіць з маслам. Маё масла было замарожаным, таму я адразу кінула яго ў крэм. Узбіла венчык і крэм гатовы.
Прыгожы колер атрымаўся...



Можна разліваць у кошычкі і ўпрыгожваць чарніцамі.
Неабходна паставіць на некалькі гадзін у лядоўню, каб крэм застыў.
І можна ласавацца...


Крэм атрымаўся ў меру салодкім, а свежыя чарніцы далі прыемную сакавітасць і кіслінку.
Смачных сняданкаў і цудоўнага настрою :)

2014-06-27

Птаства і качаняства :)

Усім прывітанне!
Сёння спяшаюся падзяліцца папаўненнем у гаспадарцы.
І першая прыемная, з аднаго боку, радасць, а з другога ня вельмі прыемная - качаняткі-бегункі. Іх толькі два засталося - цёмненькія на фотаздымках. Было чатыры і каля дваццаці яек, на якіх сядзелі качкі. І вось толькі два засталося з усяго, што планавалася...


Але яны такія пацешныя!
Калі толькі вылупіліся, то качаняткі жылі ноччу ў хаце ў вялізным корабе, а ў дзень беглі за мною да цяпліцы і сядзелі там, лавілі жучкоў-чарвячкоў. І ведалі дарогу ад хаты да цяпліцы, скакалі праз парогі. Ну так гэта смешна выглядала:
"Сюды, сюды, сюды..." - клічу я, - "Пайшлі, пайшлі, пайшлі..." - і яны беглі на голас за мной ды так хуценька, што падганялі мяне, каб выпадкова не затаптала.
Рук баяліся, але хадзілі за мною, калі працавала ў гародзе.


Прыйшлося назваць іх Товсла і Вівсла...


Другое папаўненне: пекінскія качаняткі...


Такія яны мяккія, такія пухлякі. Спачатку ня вельмі сябравалі з Товслам і Вівслам, але пераначавалі разам і сталі адной стайкай :)
І так яны любяць купацца і паласкацца ў вадзе, што толькі і паспяваю насіць ім вёдры з вадою.


Дарослыя качкі ня вельмі прынялі качанятак пасля таго, як іх яйкі ўсе сапсаваліся (з 20 шт ніводнага ня выйшла качаняткі, усе застужаныя). Спачатку ганялі іх, а праз нейкі час сталі спакойна ставіцца, цяпер нават ядуць разам, купаюцца. І канешне ж спяць...


Канешне, шкада качачак, яны так стараліся, сядзелі больш за месяц на гняздзе і нічога не атрымался ў іх. Магчыма, яны яшчэ маладыя і таму першы вопыт атрымаўся непрыемным.


Але самым шчаслівым у гэтай сітуацыі аказаўся Тэадор, яго дзяўчынкі вярнуліся да яго...


Бройлеры растуць.
Сёння ім якраз два месяцы, кормяцца яны не камбікормам, а сухой мяшанкай+вітаміны+траўкі-бурачкі-бульбачка і г.д. Можна сказаць, што "натур.прадукт" расце :)
Яны ў мяне ручныя. Вельмі любяць, калі я ім жывоцікі чухаю, стаяць амаль у чарзе, каб чухацца.
Адзін пятушок увогуле залятае да мяне на плечы, сядзіць і сочыць за ўсімі (галоўнае, каб не брудзіў мяне :)))


Прыгожы пятушок. Павінен быць брамай, магчыма, змешанай пароды...


Ну вось так і жывем на вёсцы...
Мне прыходзіцца пасвіць іх, а яны пасвяць мяне...


Цудоўных выходных :)

2014-06-26

Архідэйкі і пеларгоніі

Вітаю!
Сёння аповед просты - аповед пра мора...
Дакладней пра кветачкі ад Kvietachka.
Пеларгоніі...




Архідэйкі.
Архідэі гэтыя былі куплены ў краме на зніжцы, я нават ня ведала, якія колеры будуць. А колеры атрымаліся вельмі прыгожымі...




Квяточнага настрою :)

2014-06-25

Дзень варэння!

Вітаю!
Сёння ў мяне дзень варэння, варэнны дзень :) Дакладней такі дзень быў у нядзелю, але раз'езды туды-сюды па справах не далі мне магчымасці выкласці аповед адразу.
А пачыналася ўсё як звычайна: у нядзельку я прачынаюся а сёмай раніцы, кармлю птаства, адкрываю цяпліцы і еду на кірмаш. І ўжо каля васьмі раніцы я на кірмашы. Проста пазней ужо амаль няма сэнсу ехаць, усё добрае раскуплена (ну добрае з таго, што шукаю звычайна я :).

У планах было купіць садавіны: бананы, персікі-нектарыны, чарэшні. Агародніны: гуркоў (мае гуркі толькі яшчэ пачынаюць зацвітаць), морквы (свая морква на новых градах ледзьве жывая, стаяла вада ў весну), капусту качанчык-два на галубцы ( у мяне цяпер выраслала кальрабі і пак-чой). Якое-небудзь свежае мяска. І малочка ў краме: малако, кефірчык, тваражок, смятанка. Купляю я прадукты на тыдзень, таму такі спіс. Сярод тыдню мы ў горад ня едзем, таму трэба, каб хапіла да наступнай нядзелькі.

Суніцы свае ў нас толькі на ежу, на варэнне не хапае, таму што я гэтым годам перасадзіла кусты на іншае месца. Але і на новых кустах па адной-дзве ягадкі было.
А варэнні гэтым годам мы вельмі добра пад'елі з хатнім хлебам, таму як толькі я ўбачыла добрыя суніцы, было вырашана: вару варэнне.
Купіла восем (8) літраў суніц з рук, і  прыблізна пяць з паловай (5,5) кг у скупшчыкаў брэсцкіх суніц.


Суніцы памыла, перабрала і засыпала цукрам.
Цукар сыплю "на вока" (прыблізна), варэнне атрымліваецца ня вельмі салодкім і добра захоўваецца.
Захоўваецца добра я думаю таму, што я шклянкі, перад тым як разліваць варэнні, стэралізую ў духоўцы (ёсць такая ў маёй духоўцы функцыя). І калі я разліваю варэнне, яно працягвае кіпець у шклянцы. І крышка добра прыклейваецца (я карыстаюся толькі вінтавымі шклянкамі, таму што так прасцей, танней і зручна закрываць і карыстацца. Не люблю "катаць" :).

Праз колькі гадзін вару варэнне. Вару пару гадзін, як толькі ягады разварыліся, пачынаю разліваць па шклянках.
Працэс вельмі прыемны...
Такі водар...


Акрамя суніц купіла яшчэ чорных парэчак 10 л. Парэчкі аказаліся вельмі салодкімі, шкада, што я яшчэ лядоўню не падрыхтавала да марозкі ягад. Звынайна я парэчкі, чарніцы, брусніцы, журавіны марожу і ў зімку вару кампоты, дадаю ў кашы, ёгурты. Смачна!

Калі дзень варэння, то варэнне паўсюль :)


З парэчкамі прасцей, чым з якімі іншымі ягадамі.
Я парэчкі мыю, адначасова перабіраю ад лісточкаў. Затым мялю ў блэндэры ў пюрэ, засыпаю цукрам і праз колькі гадзін вару. Вару вельмі хутка, як толькі пачынае кіпець, разліваю па банках. Атрымліваюцца амаль свежыя ягады. Так вару і чарніцы. Захоўваецца такое варэнне вельмі добра, вару так ня першы год :)


Гэта яшчэ ня ўсё змелена, быў поўны тазік пюрэшкі...


А вось што атрымалася ў выніку...


Запланавана яшчэ наварыць варэння з:
- чарніц;
- брусніц;
- чырвоных парэчак (недзе чытала, што ці-то ў Германіі, ці-то Аўстрыі жыве сям'я, якая трымае патэнт на варэнне з чырвоных парэчак. Косткі дастаюць у ручную гусіным, заточаным неяк спецыяльна, пяром. І ў кожнай банцы пэўная колькасць ягадак. Я, канешне, буду варыць звычайнае варэнне, але цікава, чым толькі людзі не займаюцца :);
- яблыкаў;
- персікаў (у мінулым годзе варыла з нейкіх недазрэлых - такое шыкоўнае варэніца атрымалася, у момант з'елі);
- вішань;
- можна яшчэ што цікавае адкрыю, буду пісаць :)

Лёгкага працоўнага тыдню:)

2014-06-21

Tiramisù або мясцовы сняданак суботы

Вітаю!
Сёння ў нас вельмі смачны сняданак...

Tiramisù


Так склалася, што настрой святочны да нас з мужам прыходзіць адначасова. І вось ён у вечары пятніцы прывез мне ружы, такія прыгожыя і духмяныя.
Са Святам Кахання! 


А я ў гэты час рабіла Tiramisù :) Як так адбываецца, сказаць цяжка, але вельмі прыемна рабіць прыемнасці адзін аднаму...

Што і як:
1. Бісквіт: 
  • 6 яек;
  • 1 шклянка цукру;
  • 1 шклянка мукі.
  • Бялкі трэба аддзяліць ад жаўткоў і паставіць на 15-20 хвілін у лядоўню.
  • У той жа час перамешваю жаўткі і пакідаю без лядоўні.
  • Халодныя бялкі ўзбіваю (каб трымалася добрая пена і бялкі ўзбіліся я дадаю адзін каменчык марской солі або лімоннай кіслаты), дадаючы паступова цукар (цукар мялю ў пудру, так лепш ён раствараецца ў бялказ і лепш падымаецца бісквіт). Можна ўзбіваць міксерам, але мне больш падабаецца рукамі - венчыкам.
  • Калі бялкі ўзбіліся ў пену (павялічыўся аб'ём прыблізна ў два-тры разы), дадаю жаўткі.
  • Затым па лыжцы дадаю муку, адначасова працягваю ўзбіваць цеста.
  • Выпякаю на блясе ў папярэдне разагрэтай да 200 С духоўцы 15 хвілін. Бісквіт атрымліваецца прамавугольнай формы, 4-5 см у вышыню.
  • Пасля таго як бісквіт астыў, разразаю на кавалкі 2х6 см, каб было зручна выкладаць у форму.
2. Крэм:
  • 500 г сыру маскарпонэ;
  • 2 жаўткі;
  • 35 г цукровай пудры для жаўткоў;
  • 2 бялкі;
  • 25 г цукровай пудры для бялкоў.
  • Бялкі ўзбіць у пену з цукрам, паставіць у лядоўню.
  • Жаўткі ўзбіць з цукрам.
  • Дадаць сыр маскарпонэ да жаўткоў, працягваючы ўзбіваць крэм пакуль сумесь не стане аднароднай.
  • Затым дадаць узбітыя бялкі, асцярожна перамешваючы крэм.
  • Раздзяліць крэм, які атрымаўся на дзве часткі.
3. Суніцы:
  • У суніц адрэзаць хвосцікі, раздзяліць на дзве часткі.
  • Першую - разрэзаць на кавалкі.
  • Другую - большыя суніцы - пакінуць для ўпрыгожвання.
4. Свежая садавіна для прапітвання бісквіту:
  • два персікі і два нектарыны змалоць блэндэрам. Раздзяліць на дзве часткі.
5. Верхні слой - крошкі бісквіту:
  • Некалькі кавалкаў бісквіту змалоць блэндэрам з 2-3 ч.л. сухой какавы.

6. Збіраем дэсэрт:
  • Трэба ўзяць форму з высокімі борцікамі.
  • Першы слой - кавалкі бісквіту заліць змеленай садавінай (пункт 4).
  • Другі - крэм з сыру (пункт 2).
  • Трэці - разрэзаныя на кавалкі суніцы (пункт 3).
  • Чацвёрты - кавалкі бісквіту заліць змеленай садавінай (пункт 4)
  • Пяты - крэм з сыру (пункт 2).
  • Шосты - крошкі бісквіту з какавай (пункт 5).
  • Сёмы - цэлымі суніцамі ўпрыгожыць дэсэрт.
  • Пакінуць на ноч у лядоўні...
І можна снедаць.



За кошт таго, што садавіна была сочнай, кавалкі бісквіту вельмі добра прапіталіся.
Увогуле торт-дэсэрт атрымаўся вельмі сочным, смачным і тлустым. Як раз тое, што неабходна на сняданак.
А сняданкі суботы... яны такія... сняданкі суботы...
Смачных сняданкаў!

2014-06-19

Яешня з лісічкамі (мясцовыя сняданкі суботы)

Вітаю!
Так склалася, што за апошнія чатыры дні я праехала за рулём каля 700 км. І таму напісаць пра любімы сняданак не паспела...
Але я ізноў тут, і хуценька выпраўляюся :)

Лісічкі і кветкі з лесу...



У пятніцу атрымалася ў мяне выцягнуць мужа ў лес. Лес у нас побач, можна сказаць, што лес вакол нас. Адзін год нават лосі прыходзілі да нашага плоту, дзікі дык пастаянна рыюць палеткі каля нас.



Адна я баюся хадзіць у лес, еду на машыне і з Торам (нямецкая аўчарка, 2 гады). Машыну пакідаю і побач збіраю ягады, а Торушка мяне ахоўвае. Ахоўвае да тых пор, пакуль яму гэта не надакучыць (хвілін 15 :) Затым пачынае бегаць за птушкамі і г.д. Адзінае, што тут мяне выратоўвае - наш Торушка адукаваны, ведае каманды. І тут яму хочацца-ня хочацца, а трэба выконваць: сядзець, побач. І самая для яго страшная каманда, выкарыстоўваю яе толькі я, каманда "Лёша" :))) Лёша - мой муж, ён займаўся і займаецца выхаваннем Тора. І калі Тор ня слухаўся, я клікала Лёшу і ён выхоўваў Тора. Таму цяпер мне дастаткова сказаць "Лёша", і Торушка сядзіць :) Ну, гэта не пра сняданак...

А на сняданак у нас была яешня з лісічкамі, хатнім хлебам і салатам з цыбулі і капусты пак-чой.
Капусту я вырошчваю, пачынаючы з сеяння на расаду. Мне так яна падабаецца, такія прыгожыя колеры: белыя чаранкі і зялёнае лісце.


Капуста вельмі смачная. Мы елі ў салаце і лісце, і чараночкі. Такая сочная салата атрымліваецца, з прыемным гарчычным смакам...


Для яешні я спачатку пасмажыла на патэльні лісічкі. Пакуль лісічкі смажыліся, узбівала яйкі (яйкі ад нашых куронкаў) з соллю, перцам, у апошні момант дадала вяршкі 23 %.
Лісічкі смажыць трэба хвілін 15-20.
Затым заліла грыбы яйкамі, і час ад часу перамешвала лапаткай, пакуль яйкі не прыгатаваліся (таксама хвілін 15).


Хатнія хлеб і яйкі, першыя грыбы, свежыя цыбуля, капуста і кроп...
Хутка і я буду гурманам :)


Смачна есці :)