2014-04-13

Вербніца

Вітаю і віншую са Святам Вербніцы!
Надвор'е з кожным днём становіцца лепшым і лепшым, таму часу на блог не хапае, агарод-грады-расада... Але на вербачку і навіны гаспадаркі час знайшла :)

Вербачку ўпрыгожыла жывымі кветкамі кермек (стаціца). У мінулым годзе былі блакітныя кветкі і белая стужка, гэтым годам кветкі выбрала малочнага колеру, карункі светла-блакітныя.
Ну і як жа без Рысіка тут будзе :)


Як я раней пісала, набылі мы сабе качак індыйскі бегунок. Ад мамы прывезла яшчэ трох (3) курачак і пятушка. Курачкі неслі яйкі з першага дня.
А вось качкі 08.04.2014 г. зняслі першае яйка. І вось цяпер кожны дзень яны нясуць па два яйкі.
Яйкі па памеры трошкі большыя за курыныя, маюць блакітна-зялёнае адценне. Я жартую ў хаце, што на Вялікдзень можна не фарбаваць :)

Звычайна гняздо выглядае так...


Мне здаецца, што качкі спецыянальна закрываюць свае яйкі, каб я іх не забрала, таму што цяпер ў гняздзе 6 яек качак. І качур сочыць за мною, калі я аглядаю іх хатку, а качка, пасля таго, як я зачыняю хатку зверху (зручна так забіраць яйкі), правярае гняздо. Ці ўсё на месцы?!

А вось што было пад саломай...


Шэсць качыных і чатыры курыных яйка. Курыныя я забіраю, пакідаю толькі адно. Так куры працягваюць несці яйкі ў гэтым месцы. Качыныя не забіраю пакуль, магчыма качка сядзе выседжваць качанятак. Было бы здорава!


Што магу сказаць пра качак?
Качкі ў нас тры (3) тыдні. Праз два тыдні пасля пераезду пачалі несці яйкі. Калі надвор'е цёплае ў ночы, то нясуцца дзве качкі. Калі ноччу халадно, то толькі адна.
Качкі сапраўды былі палахлівыя... Першы тыдзень... А цяпер ганяюць кур і пятушка, такімі баявымі сталі. Але апошнія пару дзён я стала заўважаць, што з курамі яны амаль пасябравалі. Да мяне таксама прывыклі, не баяцца блізка падыходзіць, ядуць амаль з рук.
Вывучылі рэжым дня: а восьмай (8.00) раніцы ўжо рвуцца на вуліцу чысціць пёркі, купацца, есці траўку, а а восьмай (20.00) курачкі ўжо ў доміку, а качкі ідуць у домік, калі я іду іх закрываць.

Была такая смешная гісторыя, калі я прывезла курачак:
качкі пачалі ганяць курэй па двары, шчыпаць за хвасты, выганялі з хаткі. Спачатку куры першымі хаваліся ў домік на ноч, потым ішлі качкі. Але качкі зразумелі гэтую сістэму, на наступны дзень першымі схаваліся ў хатку. І калі я хацела загнаць кур, то качкі сталі ў абарону і не пускалі курэй :) Прыйшлося выгнаць качак, загнаць кур, а потым ужо пусціць качак...

Добра, што цяпер ужо трошкі "абцёрліся" разам, ніхто нікога не ганяе, разам ходзяць, разам кушаюць. І разам нясуць яйкі ў адным гняздзе, канешне, па чарзе :) Качкі нясуць яйкі ноччу, а куры днём, калі качкі на вуліцы.

Торушка толькі ляжыць побач каля сеткі і сочыць за імі... 


І аблізваецца!


Торушка ў нас малайчынка, ён ахоўнік, дапамагае на агародзе рабіць грады (каб не Тор, то ў некаторых месцах нельга было бы і лапаты ўсадзіць у зямлю, а ён лапамі ўсе камяні выграб :), абараняе мяне ў лесе, калі іду ў ягады-грыбы. І любіць ласціцца, каб яго гладзілі, часалі жывоцік :)

І святочны сняданак...
Можна сказаць, што пост амаль скончыўся, таму ў нас аўсянка, сэр!
Аўсянка на малаку і з марожанымі чарніцамі, чарніцы дадаю ў гарачую кашу, і каша становіцца цёплай, і ягады размарожваюцца.


Каму каша, а каму і цёплыя бутэрброды з яйкам, сырам і свежым салацікам са свайго зяленіва.
Яйкі жару асобна, хлеб з сырам ў духоўцы пад грылем грэю. І перад тым, як есці, кладу зверху яйка. А ў салацік кладу: шчыпяры цыбулькі, агурок, кроп, сэльдэрэй і смятанку. Смачна есці!


Вось такая ў нас Вербная Нядзелька была :)
Са Святам!

No comments:

Post a Comment