Снежань штодня/ December daily
















Яшчэ адзін год, адзін снежань, адна зіма... Час ляціць, ці гэта я дазваляю сабе не заўважаць гэтае жыццё. А калі вынырваю глынуць паветра, год прайшоў, паўгады, 6 год пасля родаў... Суцяшае тое, што я не так шкадую, а вучуся заўважаць свой вопыт, тое, чаму навучылася, як падрасла. І жыццё ня будзе болей такім, як было. Заўтра ня будзе такім, як учора. І гэта добра. Гэта нібы новы шанец кожны дзень. Шанец пачаць яшчэ раз і пражыць дзень ідэальна. Я радая, што навучылася гэтаму. І калі ўжо няма велькага сэнсу ў жыцці, то хоць бы не нашкодзіць таму, што ёсць❤️ чаму быць, таго не мінаваць, таму ўладкоўваюся ўтульней і атрымоўваю асалоду ад прагляду свайго жыцця!

У нас выпаў першы снег колькі дзён таму і знік. Спякла першае імбірнае печыва, ці нават дакладней імбірныя пернікі, таксама і з’елі ўжо. Сёння ідзе дождж увесь дзень, вісяць балёнікі пад столлю, на сталах стаяць кветкі і калядныя календары. Па пашпарце я стала сталейшай на адзін год. У люстэрку часам гэтая цёця пужае, але што зробіш. Трэба прыняць гэтыя лішнія кіляграмы, з якімі я змагаюся апошніх год 6, але напэўна так змагаюся, што яны вяртаюцца і вяртаюцца. Пухлыя шчокі. Сівыя валасы, ад якіх я, насамрэч, у захапленні і не пляную хаваць пад фарбамі. Мне падабаюцца мае фізічныя моц і хуткасць, якія з’явіліся пасла цяжкай працы ў пякарні. Мне падабаюцца мае эксперыменты з ежай, без глютэну і цукру. Гэта адкрывае гарызонты, новыя інгрэдыенты і смакі. Мне падабаюцца пытанні ад сына, які расце такім цікаўным чалавекам. І тое, што я расту з ім. І калі часам я не маю сілаў на гулі, то хоць мне хапае мазгоў не нашкодзіць так, як шкодзілі мне ў дзяцінстве. Я ўдзячная ўсім цяжкасцям, якія прыйшлі да мяне за апошнія гады, бо яны навучылі і паказалі, якой я магу быць і якая я ёсць. А я ёсць і гэта ня блага. Я ўдзячна, што сёння я тут і што пляную сваё заўтра, а як атрымаецца, так атрымаецца. Калісьці я прачытала, што калі ня можаш рухацца ў накірункі мэты, то хоць ляжы ў тым накірунку. У мяне не было мэтаў, а сёння з'явіліся і я ўдзячная за гэта.

Колькі дзён таму сын пытае:

- а які твой улюбёны рух? Як ты любіш рухацца?

- ляжаць😂

- гэта не рух!- адразу крычыць. Так, гэта стан душы.

Але насамрэч мой улюбёны рух гэта хадзіць па лесе. І ў дождж, як сёння 8 тыс крокаў, і ў снег, і пад сонейкам з кошыкам грыбоў. Лес гэта скарб. Як добра, што ён ёсць побач з хатай.

Ня ведаю, ці хопіць часу пісаць сюды штодня ў Снежні, але я вельмі хачу захаваць гэты чароўны месяц❄️🌟

Цудоўнага настрою! Няхай снежань будзе ўтульным і чароўным!

Comments

Popular Posts