2015-02-11

Суп з гарбуза, або лепшы сняданак апошніх дзён

Вітаю-вітаю!
Апошнія дні я прачынаюся з думкамі пра сняданак. І гэта ня проста таму, што чалавек хоча есці, а таму што сняданак смачны :) Я хуценька займаюся хатнімі справамі, ёгай і бягу снедаць... Звычайна снедаць атрымліваецца каля 11-12 гадзінаў дня. Таму суп для такога сняданка вельмі добра падыходзіць, таму што праз некалькі гадзін ужо можна абедаць :)
Запрашаю! Суп з гарбуза :)


Як я ўжо шмат разоў пісала, супы я вельмі люблю, асабліва такія густыя, з сухарыкамі з хатняга хлеба.
А гэты суп увогуле падымае настрой, таму што вельмі прыгожы колер і багатыя водары мускату і гваздзікі, хатняга перцу і кропу.

Што і як:

  • 1 кг гарбуза, пачысціць ад скурак і насення, парэзаць на кавалкі і пакласці ў каструлю;
  • булён з цяляціны (столькі, колькі змесціцца ў каструлю з гарбузом, каб той зварыўся);
  • цыбуля-шалот - 4-5 маленькіх цыбулінак пачысціць, дробна парэзаць і смажыць у глыбокай патэльні-каструлі на аліўкавым алеі і сметанковым масле;
  • сушаны салодкі хатні перац, сушаны кроп і пара зярняткаў духмянага перцу змалоць і дадаць да цыбулі, пакінуць астываць;
  • мускатны гарэх і тры гваздзікі;
  • вяршкі, 23 % тлустаці - каля 100 мл.
Гарбуз заліць булёнам і варыць да мяккасці. Затым змалоць блэндэрам у пюрэ.
Тым часам пасмажыць цыбулю, каб яна заставалася белай, але стала мяккай, дадаўшы маленькую лыжку сметанковага масла. Гэта дасць супу прыемны водар.
Дадаць да цыбулі звараны і змелены ў пюрэ гарбуз, яшчэ раз пракруць блэндэрам і варыць, пакуль не пачне кіпець. Затым зменшыць нагрэў, дадаць вяршкі, мускатны гарэх, гваздзіку і пасаліць на свой густ. 
Варыць яшчэ хвілін 15-20.

Тым часам можна прыгатаваць сухарыкі:
  • разагрэць патэльню з кропляй аліўкавага алею;
  • 2-3 лусты белага хлеба парэзаць на кавалкі і акуратна смажыць на патэльні з двух бакоў, каб не згарэлі :);
  • затым пасыпаць сырам Груйер, перамяшаць і выкласці на талерку. Іначай на гарачай патэльні будуць працягваць смажыцца.
Выкласці суп у талеркі, дадаць сухарыкі і можна адразу частавацца :) Смачна есці!



А я пайду, у мяне яшчэ засталася адна талерка супу... Нельга, каб такая смаката прападала :)
Смачных супоў і добрага настрою :)

No comments:

Post a Comment