2015-02-10

Успаміны, або ўражанні дню (чацвер, люты-05-2015)

Добры дзень, шаноўнае спадарства :)
Вось так цікава атрымліваецца, што ў галаве застаюцца яркія ўспаміны пра штосьці добрае, штосьці прыгожае. І вельмі хочацца вярнуцца назад або паўтарыць, або ўзгадаць. І часцей за ўсё такія ўспаміны звязаныя з дзяцінствам. Там заўжды было ўтульней, спакайней, смачней. І елка пахла мацней, і цацкі былі іншымі, шклянымі і прыгожымі...


І вось яны, маленькія частачкі дзяцінства - шкляныя цацкі, 
якім больш за 40 год...

Я вельмі любіла ў дзяцінсве ўпрыгожваць елку. Мама прыносіла вялізны кораб цацак, і ўвесь гэты скарб асцярожна даставаўся, па адной цацачцы. Я кожную разглядала і вешала на елку.
А елку ставілі заўжды жывую і вялікую, аж да столі. Пад елкай стаялі Дзед Мароз і Снягурка.
І раніцай, калі павінен быў быць падарунак пад елкай, я прачыналася і ляжала моўчкі, чакаючы чагосьці або нават баючыся, ці ёсць там падарунак ужо? :)
А потым бегла пад елку і такое шчасце было знайсці там што-небудзь :) Потым бегла з усім багаццем і сваім, і старэйшага брата да яго ў ложак. Ён звычайна яшчэ спаў. І я будзіла яго, незадаволенага, але таксама ўжо зацікаўленага :) І мы разбіралі падарункі, адначасова частуючыся мандарынамі, якія таксама ляжалі пад елкай. І гэта было шчасце, дзіцячае шчырае шчасце :)


Мне заўжды здавалася, што тыя цацкі, якія захоўваліся ў мамы, вельмі прыгожыя, такімі яны былі ва ўспамінах. І вось у гэты раз я прыехала і папрасіла паказаць іх, каб узяць сабе некалькі штук у спадчыну :) І цацкі аказаліся звычайнымі, ужо блеклымі ад часу. Але кожную я памятаю, кожная дарагая. І так дзіўна было ад гэтага!
Напэўна шмат таго, што засталося ў памяці з дзяцінства насамрэч было простым і звычайным, але мы, дзеці, вельмі былі ўражаны :) І таму такія сюрпрызы цяпер :)


І няхай яны не такія бліскучыя і прыгожыя, як новыя, 
але яны з маёй гісторыяй, душой, успамінамі...


Яны грэюць, дораць настрой...
Я ўжо чакаю наступны Новы Год, калі паставім елку і дастанем гэтыя цацкі, каб яе ўпрыгожыць. І гэтая частка мінулага звяжа мяне з сучасным і пакладзе дарогу ў будучае.
Такія рэчы напаўняюць энэргіяй і натхняюць...


Натхнення і прыемных успамінаў :)

No comments:

Post a Comment