2015-02-12

Сціфада з цыбулі з пастай, або смачныя ўражанні дню (чацвер, люты-12-2015)

Вітаю!
Вось сабралася пісаць пра смакату і палезла гугліць, што ж такое я сёння гатавала і як перакласці назву на беларускую мову: ніяк :) Як ёсць, так і напішу.
Часцей за ўсё сустракаецца такая інфармацыя, што сціфада - страва, якая паходзіць з Грэцыі. І гэта такое асаблівае гатаванне мяса ў соўсе з цыбулі. Але мне патрапіў рэцэпт вегетарыянскі, толькі цыбуля і памідоры ў сваім соку. Ад сябе дадала маленькі кавалак сметанковага масла, каб раскрыць смак гародніны, і церты сыр Джугас, каб дадаць саланаватасць пасце.
Запрашаю!


Чамусьці мы, гэта сям'я маіх бацькоў, сям'я бацькоў мужа і мы з мужам, мала валодаем такімі стравамі як гэтая. Або як суп з гарбуза. Або проста такая звычайная гародніна, як чырвоныя буракі і морква, розныя гатункі капусты і г.д. У нас закладзена, што гэтую гародніну можна есці варанай у салатах з селядцом, у булёнах-супах, вінігрэтах або сырымі-квашанымі.
Але столькі шмат смакаў праходзіць міма нас. Нашая культура харчавання, калі можна так сказаць, толькі пачынаецца. І мне прыемна, што яна пачынаецца так смачна, што хочацца спрабаваць усё новыя стравы, спалучэнні і смакі. Мы толькі ў пачатку, але які прыемны і лёгкі гэты пачатак :)

І сёння пачалося ўсё з таго, што хутка новы агародны сезон, а ў хаце засталося шмат цыбулі-шалот, яе трэба перабраць, пакінуць тое, што можна будзе пасадзіць, а астатняе трэба з'есці. І есці проста цыбулю не цікава, нават такую смачную, як шалот. Яна мае самы мяккі смак з усіх, што я каштавала. Дае прыемны водар супам.
І вось я вырашыла, што трэба прыгатаваць яе цэлымі невялікімі галоўкамі. І прыгатавала :) І вельмі здівілася...

Што і як:

  • каля 500 г цыбулі-шалот, пачысціць;
  • каля 300 г памідораў у сваім соку, кансерваваных, але не з марынадам. Толькі памідоры, сок і соль, можа быць воцат або лімонка (можна свежых, але калі гэта сезон, а не з крамы);
  • 2 зубчыкі часнаку;
  • 2 лаўровых лісточка;
  • 1 ст.л. яблычнага воцату;
  • 1 невялікі кавалак цынамону;
  • 3 штучкі чорнага перцу;
  • аліўкавы алей;
  • невялікі кавалак сметанковага масла - каля 10-15 г.;
  • 1 ст.л. чорнага цукру Molasses (пра цукар пісала раней тут).
У глыбокай патэльні-каструлі разагрэць аліўкавы алей, выкласці ўсе інгрыдыенты і гатаваць на сярэднім нагрэве да мяккасці цыбулі.
Я гатавала каля 40-50 хвілін, час ад часу перамешваючы лышкай. Калі кранаць цыбулю лыжкай, то адчуваецца, што яна пачынае мякчэць. Трэба гатаваць некалькі хвілін яшчэ, каб унутры цыбуля таксама стала мяккай, але не пачынала развальвацца.
Солі не дадавала, але можна было бы трошкі дадаць, таму што памідоры былі не салёныя.

Да цыбулі асобна адварыла макароны, сцерла невялікі кавалак сыру. І выклала цыбулю на макароны. 
Смачна, лёгка і дзіўна :) Смаку цыбулі няма, нават не адразу разумееш, што ясі цыбулю. Муж быў прыемна ўражаны :)



Ну а на дэсэрт рулет з тварагом і сінімі разынкамі.
Пра рулет пісала, здаецца некалькі разоў. А вось крэм тут такі ж, як у дзяцінстве: з моцным пахам ванілі, мокры, салодкі.
Гатуецца проста, таму асноўнае: цеста на бісквіт тонкім слоем выкласці на прамавугольную бляху. Пекчы 10-15 хвілін пры 200 град. С. Дастаць, пакінуць астываць, затым прапітаць сіропам або салодкім кампотам. Затым выкласці крэм, абгарнуць паперай і пакінуць на ноч прапітвацца.

Крэм:

  • 250 г тварагу;
  • 95 г мяккага сметанковага масла;
  • 70 г цукровай пудры (я клала толькі 1 ст.л., каб было ня вельмі салодка);
  • 20 г згушчанага малака;
  • маленькі кавалак натуральнай ванілі (змалоць разам з цукрам і прасеяць сіцечкам).
Масла з пудрай і ваніллю узбіць міксерам, дадаць згушчанае малако, перамяшаць. Тварог можна працерці праз сіта, а можна дадаць да масла і перамяшаць міксерам. Я проста перамяшала.
Затым дадаць замочаныя ў кіпні разынкі, перамяшаць лыжкай.



Сёння ў мяне нейкі санлівы дзень, усё выпадае з рук, адзінае - дасягненні на кухні, а ў астатнім усё ціха, усё як звычайна... Спадзяюся, што заўтрашні дзень будзе ня меньш смачным, але больш прадуктыўным :)
І ўжо хутка выходныя, а выходныя - дні творчасці, таму хутка гастранамія разбавіцца чымсьці прыгожым і карысным :)
Лёгкай пятніцы і добрага настрою :)

No comments:

Post a Comment