2014-09-29

Паласатая вязанка-балеро або ўражанні дню (верасень-24-2014)

Вітаю!
Я пакуль яшчэ хварэю, але застаюцца фотаздымкі, зробленыя ў жніўні. І так шкада пакідаць іх, не паказаўшы тут.
Таму сёння пра вязанку-балеро...


Нітачкі ад кампаніі King Cole
Гэтымі ніткамі нельга не захапляцца. І справа ня ў тым, што я займаюся іх гандлем. Проста вельмі якасныя ніткі, розныя колеры і фактуры. Прыемныя і прыгожыя...


Гэта ўжо другі варыянт такой вязанкі. Першая была з нітак Riot DK 410, гэта з Riot DK 411:
- 30 % авечая воўна, 70 % акрыл найвышэйшай якасці;
- 100 г
- 294 м

Першая была прададзена ў мінулую зімку. Спадзяюся, што дзяўчынцы, якая набыла яе, цёпла і ўтульна :)


Вязала пруткамі №5.
Выкарыстала на гэтую вязанку каля 3 маточкаў.


Але і гэтую вязанку прыдзецца прадаваць, таму што памер мне малы.
Так мне гэтая вязанка-балеро спадабалася ў часопісе...
Так мне хацелася сабе такую, таму першую вязала жанчына на замову ў краму. А гэтую вязала ўжо я сама для сябе. І вось такі сюрпрыз.
Па часопісе памер38/40. Але мне аказалася мала гэтага, магчыма, трэба было выкарыстаць пруткі большага памеру. Таму хутка будзе яшчэ адна такая, але ўжо з Riot Chunky.


Нітачкі вельмі мяккія, прыемныя да скуры. І пераход колераў цікавы ў адценні 411: ад аранжавага да цёмна-шэрага. 
Вось у адцення 410 нейкія адценні персіку: карычнева-чырвоныя (бардовыя). Больш прыглушаныя, нібы туманныя. 
А гэты колер, 411, яркі, сонечны. Што тут казаць, бачна з фотаздымкаў...


Калі Вы яшчэ не вязалі ніткамі ад кампаніі King Cole, абавязкова паспрабуйце. Гэта падобна да пірожных macarons: штосьці незвычайнае, лёгкае, нібы паветра, розных колераў і фактур...
Але ў адрозненні ад macarons, гатаваць (вязаць :) гэтымі ніткамі вельмі проста, таму што нават у простым вязанні нітачкі выглядаюць вельмі прыгожа і цікава за кошт розных колераў, таўшчыні і фактур. Добра пастараліся дызайнеры.
Засталося толькі ўзяць пруткі або шыдэлкі, кубкі з гарбатай і стварыць такое, што нельга знайсці ў крамах...
Таму нагадваю, што каталог можна замовіць тут, каб быць упэўненым у тым, што ніткі будуць такімі, якія Вам і трэба :)
Прыгожых вочкаў і цудоўнага настрою...
Ну а што яшчэ рабіць восенню :)

2014-09-27

Не зусім пра сняданак суботы

Вітаю!
Амаль на два тыдні я выпала з блогу. Але на гэта былі свае прычыны, пра якія хочацца распавесці...



Як я пісала раней, апошні сняданак быў сняданкам-развітаннем з мужам на тыдзень. А бяз мужа я амаль не гатавала, таму што сама мала ем. Ды і сабе гатаваць не было жадання, было сумна. Таму тыдзень прайшоў у хатніх справах, паездках, чаканні, грыбах, ...


Прыехаў муж з тэмпературай (прастуда). Таму ізноў было не да ежы, не да блогу. Тэмпература была 38, хваляванні, соплі (ну што зробіш, жыццё :)
Ізноў чаканне, хваляванне, грыбы...


За тры-чатыры дні тэмпература прайшла. Столькі радасці!
Тут і гатаваліся смачныя стравы: наліснікі з баравікамі, запяканка з бульбы з чырвонагаловікамі, маркоўны торт, печыва з суніцамі. Але захварэла я, не было ні часу, ні жадання фатаграфаваць. Ізноў той жа шлях: чаканне, тэмпература, грыбы... І качкі...


Летась купіла качанят пекінскай качкі, бройлераў, каб было восенню на мяса. Выраслі бройлеры, выраслі качкі. Але так шкада! 
Было цяжка іх секчы, было вельмі-вельмі шкада. Але тут ёсць і адзін плюс: магчыма гэта паўплывае на нас, каб перайсці на вегатарыянства :)
І вось здавалася, што я ўжо амаль здаровая, але сёння стала горш, таму што ўчора ўвесь дзень была на вуліцы: скубалі качак, смалілі... Як добра, што бацькі мужа прыехалі дапамагаць :)

І сёння спраў вельмі шмат: зрабіць тушонку з качак. паставіць хлеб, прыгатаваць есці... Можа схадзіць у грыбы?! Я ўжо пяць !5! разоў гаварыла, што больш не пайду: больш за 15 л насушылі, некалькі пакетаў паклалі ў маразілку. А колькі з'елі...
Ці ёсць тэмпература, ці няма, але багатая восень запрашае ў грыбы. Таму пайду, каб паспець сабраць апошні ўраджай у гэтым годзе :)


Грыбных выходных:)
А пра сняданак напішу, як толькі стане лягчэй...

2014-09-15

Успаміны пра Чэхію, або ўражанні дню (нядзеля, верасень-14-2014)

Добрай раніцы!
Пару дзён таму я пісала пра суп, які каштавала ў Чэхіі. І вось сёння я знайшла фотаздымкі, якія зрабілі пад час гэтага падарожжа.
І ёсць адзін момант, які я на працягу ўжо трох год не магу забыць...


Я ня памятаю, як называлася працэдура, якую я вельмі хацела паспрабаваць, але вельмі мне было цікава і вельмі хацелася.
І вось мы з мужам зайшлі спытаць кошт.
Колькі гэта каштавала ўжо і не ўзгадаю, але было вельмі дорага. Мы ўжо збіралі ісці далей, але нам прапанавалі зніжку 50 % пры ўмове, што я буду сядзець на вітрыне :) І я згадзілася, пра што ні кропелькі не шкадую.


Мне памылі ногі-рукі нейкім растворам, прывялі да вітрыны, пасадзілі на лаву і сказалі павольна апускаць ногі. 
Гэта было незвычайна, таму што рыбкі накінуліся на мае пяты, гатовыя былі іх з'есці (было страшна, але прыемна :)

Тое, што рыбкі з'ядалі скуру, было не чутно. Яны былі вельмі маленькімі. Толькі адна рыбіна была вельмі тоўстай, і яе ўкусы я адчувала.


Гэта было казачна. Я не саромелася сядзець на вітрыне. Можна сказаць, што ў гэты момант я была вельмі радая, усміхалася так, што рот зацёк ад усмешак :)
І вельмі шмат людзей спынялася побач, каб пагледзець. І я ім усміхалася, нібы дарыла частку сваёй радасці. Дзяўчынка, якая займалася мною, нават спалохалася ад таго, што так шмат людзей спыняецца. Выйшла таксама пагледзець, што я раблю. А я проста сядзела і ўсміхалася людзям :)
Некаторыя заходзілі і таксама праходзілі гэтую працэдуру. Але не на вітрыне. Напэўна ім было сорамна, але цікава.


І мяне шмат фатаграфавалі. Нават ня ведаю чаму.
Што было такога там, я ня ведаю, але майго мужа напужаў гэты мужчына, калі дастаў такі аб'ектыў. Муж здзівіўся таму, што можна было такога на мне фатаграфаваць :)
І гэта было вельмі смешна :)


Але ўсміхацца было ўжо цяжка, таму што ад усмешак, як мне здавалася, рот вельмі моцна расцягнуўся, ад вуха да вуха :) 
Мне таксама ўсміхаліся ў адказ. Махалі рукой, вітаючы.
І нават у канцы, калі час, за які мы заплацілі грошы, канчаўся, мне прапанавалі яшчэ пасядзець. Напэўна я прынесла ім поспех :) І я пасядзела...
Пасля гэтага ногі і рукі былі такімі мяккімі, як у немаўляці. Проста неверагодна!!!
Таму, калі будзеце праходзіць побач з чым падобным, ня думаючы спрабуйце. Экскурсіі і палацы хутка забудуцца, гарады сальюцца ў адну ўрбаністычную масу. А ўражанні застануцца з Вамі на ўсё жыццё. Таму шукайце іх кожны дзень, кожны момант...
Прыемных уражанняў і цудоўнага настрою :)

2014-09-13

Хлеб брыёш з рыкотай і вінаградам (мясцовы сняданак суботы)

Ку-ку-ку!
Сёння субота, а значыць і наш мясцовы сняданак. Сёння сняданак быў прыгожы, але не такі як заўжды. Сёння сняданак быў развітаннем на тыдзень, ад чаго з раніцы не было асаблівага настрою. Але духмяны хлеб, мяккі сыр, сакавіты вінаград і гарачая какава зрабілі сваю добрую справу, прынеслі настрой.
Таму хачу падзяліццай яго часткай...



 Хлеб брыёш
Адзін раз я ўжо пякла гэты хлеб, рэцэпт той жа. Гэта проста фантастычны хлеб! Але сёння гэты хлеб быў спечаны ў хлебапечцы, што вельмі зменшыла мне працу. За што асобны дзякуй бацькам мужа :)


Елі хлеб з сырам рыкотай мясцовай вытворчасці Бонфэста. І мне ён вельмі спадабаўся, таму што вельмі мяккі, нейтральнага смаку. Літоўскія сыры больш церпкія, а гэты нібы паветра, нібы воблака лёг на хлеб. А вінаград, нібы кроплі дажджу, аддаў сваю сакавітасць. Я яшчэ зверху дадала свежы мёд... Ммммм... Гэта проста вар'яцтва смакаў :)


Какава з карыцай, ваніллю і гарачым малаком, таму што ўжо раніцы халодныя.
Калі рэцэпт усё ж цікавіць, то як-небудзь напішу і яго...

...
Ну і пару слоў скажу пра пірог з грыбамі.
Муж сказаў, што такога смачнага пірага яшчэ не каштаваў. А ён у мяне шмат што каштаваў:)
Пірог гэты на пясочным цесце, начыненне: баравікі, чырвонагаловікі, цыбуля, смятана. Зверху выкладзены сыр мацарэла з базілікам.


Цеста пясочнае, якое я звычайна раблю для пірагоў: тут і тут.
Начынне:
- 2 цыбуліны. Пачысціла, парэзала на кавалкі;
- грыбы: баравікі, чырвонагаловікі. Перабрала, пачысціла, парэзала на кавалкі;
- 4 ст.л. аліўкавага алею. Разагрэла на патэльні.
Смажыла спачатку цыбуля, пакуль яна не стала мяккай, пад крышкай. Галоўнае, каб яна не была карычневай. Гэта сапсуе смак.
Затым дадала грыбы і тушыла каля 30 хвілін на павольным нагрэве. Пасля выклала ў талерку, каб астылі.
Тым часам зрабіла заліўку са смятаны:
- 300 г смятаны (тлустасць ня мае значэння);
- 40 г пшанічнай мукі.
Перамяшала, дадала да астыўшых грыбоў, перамяшала яшчэ раз.
Цеста, якое прыведзена на спасылках вышэй, трэба раздзяліць на два пірага. Я рабіла адзін грыбны, адзін са слівамі (са слівамі ўжо з'елі :).

Адну частку цеста выклала ў форму, якую папярэдне змазала сметанковым маслам. Накалола вілкай, каб выйшла паветра. Для ўпрыгожвання можна пакінуць маленькі кавалак.
Выклала начынне з грыбоў. Затым тоненькія кавалкі мацарэлы (я выкарыстоўвала мацарэлу з базілікам ад Бонфэста, цікавы смак) выклала так, каб была пакрыта ўся паверхня пірага.
Зрабіла ўпрыгожванне. І пякла каля 40-50 хвілін пры 180 градусах С.


Пірог атрымаўся проста фантастычным :)
І ўпрыгожваць мне вельмі спадабалася, трэба часцей так рабіць. Галоўнае не спяшацца, і ўсё атрымаецца.


Смачна есці!
Цудоўных выходных :)

Ізноў пра мора :) Або грыбны дзень (пятніца, верасень-12-2014)

Добрай раніцы!
Перад тым, як напісаць пра сняданак суботы, спяшаюся падзяліцца смачнымі рэцэптамі гатавання грыбоў. Гэта вельмі актуальна цяпер, таму што грыбоў у лесе вельмі шмат :))
Я ў пятніцу хадзіла ў грыбы ізноў, ізноў назбірала цэлы кош, чысціла, сушыла, гатавала. І вось, нарэшце, у мяне ёсць вольны час у суботы, каб паспець пра ўсё расказаць.
Таму запрашаю ў госці...


Суп з баравікоў
Пару слоў: гады два таму мы з мужам былі ў Чэхіі. І ў адным з рэстаранаў Прагі на вячэру я замовіла суп з лясных грыбоў. Сказаць па праўдзе, амаль ва ўсіх рэстаранах я замаўляю супы, бо вельмі мне яны падабаюцца. І падабаецца каштаваць штосьці новае.
Дык вось, гэта быў вельмі смачны грыбны суп, які я толькі каштавала ў сваім жыцці. Вельмі духмяны. Баравічкі маладыя, парэзаныя тоненькімі пласцінкамі. Вельмі прыгожа гэта выглядала на вялізнай талерцы (супа быў можа адзін чарпачок). Адзінае, што сапсавала настрой - валасок чыйсці, які я знайшла ў талерцы. Было не прыемна, есці больш не хацелася. Канешне, за суп мы не аплочвалі. Але есці астатнія стравы ўжо было ня так прыемна.
Дык вось, той суп быў сапраўды грыбны. І колькі разоў я не спрабавала зварыць суп у хаце, такога не атрымлівалася. Але ў чацвер (11 верасня), амаль у пятніцу :) гэта атрымалася...


Аказваецца ёсць пару сакрэцікаў, якія дазваляюць атрымаць той самы водар грыбоў, які не выварваецца, а застаецца ў талерцы, у кожнай лыжцы, у кожнай кроплі супу.
Сакрэцік 1:
- баравікі нельга мыць, перад тым як гатаваць. Іх трэба чысціць пэнзлікам, ганучкай ад пясочку і розных забруджванняў. Вада псуе грыб, ён губляе водар, губляе смак.
Сакрэцік 2:
- баравікі ня трэба варыць асобна, вымочваць у вадзе (раней я такое і не рабіла, але чула, што так некаторыя робяць).
Сакрэцік 3:
- усю гародніну, якая ідзе ў суп разам з баравікамі трэба смажыць на алеі 10-12 хвілін, затым заліваць булёнам і гатаваць хвілін 20-30 на маленькім нагрэве, каб суп павольна кіпеў.

І атрымаецца проста шыкоўны грыбны суп. Тут можна выкарыстаць баравікі, чырвонагаловікі, падбярозавікі.
Патрэбна каструля з тоўстым дном, каб можна было ў ёй спачатку пасмажыць, а потым заліць булён і варыць суп.

Гародніна:
- 2 бульбіны;
- 1 белая цыбуліна;
- 1 цыбуля-парэй (толькі белая частка);
- карэньчык пастарнаку;
- карэньчык сэльдэрэю;
- 1 морква.

Баравікі, бульбу і цыбулю парэзаць на кавалкі, карэнне і моркву сцерці на тарцы.
Нагрэць прыблізна 4 ст.л. аліўкавага алею, выкласці адначасова гародніну і грыбы. Мяшаючы, смажыць хвілін 10-12. Я дадала 1 ст.л. белага віна, але можна і не дадаваць.
Я смажыла спачатку бяз крышкі, затым з крышкай.

Булён: курыны, з гародніны, можна проста вада - 1,5 л.
У мяне быў курыны булён, але ён быў замарожаны. Я выклала яго замарожаным у каструлю, дзе гатавала суп. Ён таяў, а гародніна і грыбы працягвалі гатавацца.

Пасля таго, як суп закіпеў, я зменшыла нагрэў, і суп гатаваўся яшчэ хвілін 20, павольна булькаючы.


Гатавала ў ночы, бо трэба было тэрмінова разабрацца з грыбамі. Таму выключыла нагрэў, пакінула суп на плітцы, не закрываючы крышкай (як дадала булён, то крышкай больш і не закрывала). І пайшла спаць. І раніцай чакала нас такая смаката...
Гэта было першае прыемнае ўражанне пятніцы :)
Смачна есці! 
Суп атрымаўся проста фантастычным, абавязкова пакаштуйце. Тым больш такая грыбная восень у гэтым годзе :)

...
Ну і пра парасонікі скажу пару слоў.
Знайшла я парасонікаў штук дзесяць. У дзяцінстве мы часта збіралі такія грыбы. Смажылі іх. Атрымлівалася вельмі смачна. 
Хтосьці параўноўвае гэтыя грыбы з курыным мясам.


Як іх гатавала я:
- у кіпні варыла каля адной-двух хвілін;
- адразу перакладала на сіцечка, каб сцякла вада і грыбы астылі.
Гэта дазваляе зменьшыць памер грыбоў, таму што бываюць такія гіганты, што не змяншаюцца на патэльню.


Затым рабіла сумесь з мукі-яек-смятаны, каб смажыць грыбы:
- 3 яйкі (змагаюся з адной курыцай, якая ўсе які забірае сабе. Але штосьці атрымліваецца адваяваць, і за тое дзякуй:);
- прыблізна 3-4 ст.л. аўсянай мукі (можна пшанічнай, мне падабаецца аўсяная);
- столькі ж лыжак смятаны.


Атрымалася нібы яешня :)


Смажыла на патэльні на аліўкавым алеі пад крышкай. Так прапякаюцца вельмі добра грыбы, атрымліваецца нібы грыбы ўнутры аладак.
І вось тут было бы добра паказаць вынік...
Але яго ня будзе, таму што была ўжо ноч з чацвярга на пятніцу, хацелася што-небудзь з'есці. І грыбы зніклі ня проста хутка, а вельмі хутка. Застаўся толькі водар ад іх :)
Гэта быў успамін дзяцінства, дакладней смак з дзяцінства.
У той мясцовасці, дзе жывуць бацькі, парасонікаў вельмі шмат. Мы імі аб'ядаліся. Мне дык вельмі падабаліся проста звараныя. Бяз солі, перцу. Яшчэ гарачыя, абпякалі рот, але такія смачныя. І таксама ў ночы, таму што пакуль перабярэш мех грыбоў, пакуль зварыш-пасмажыш ужо і цёмна на вуліцы. А ў хаце паліцца печка, варацца-смажацца грыбы. Пах па ўсёй хаце...
І цяпер мне здаецца, што гэта быў пах утульнасці, сямейнасці нейкай. У гэты час усе разам, усе працуюць, штосьці робяць, а потым каштуюць тое, што атрымалася спачатку знайсці, перабраць і прыгатаваць...
Смачных выходных і прыемных успамінаў :)

2014-09-12

Грыбны дзень, або ўражанні дню (чацвер, верасень-11-2014)

Вітаю!
У мяне сёння ізноў грыбы.
Вельмі шмат грыбоў, што было вялікай, але прыемнай нечаканкай :)


Звычайна ў лес я не хаджу адна: або з мужам, або мама мая гасцюе ў нас, і мы з ёю ходзім у грыбы-ягады.
Але ўчора (чацвер, 11 верасня) мне так захацелася схадзіць у грыбы, таму што толькі прайшоў дождж, нават раніцай быў. І ніхто, дакладна ніхто, ня пойдзе туды, куды пайду я. І я пайшла. І Тор разам са мною. Вельмі добра ён пільнаваў мяне, ахоўваў, за што атрымаў шмат смачных костак, калі мы вярнуліся дахаты.

Дык вось, збіраюся я ў лес. У лесе ў нас шмат дзікоў. Думаю, будзе страшна ісці адной, на машыне неяк ня так страшна. Але туды, куды я збіралася ісці, на машыне не даедзеш. Думаю, трэба ўзяць што-небудзь, каб можна было абараніцца :) Вырашыла, што лепш узяць нож, чым сякеру :)))) Сапраўды, такія думкі былі...
Узяла я нож, Тора, кошык, тэлефон, фотаапарат, літровае вядзёрка на брусніцы і пачэпала ў грыбы.
Фатаграфаваць не было часу, таму што грыбоў было вельмі шмат: 24 баравіка і 45 чырвонагаловікаў, не лічаная колькасць падбярозавікаў, паўлітры маслякоў...



І цэлы кош апеняк.
І вось я хаджу, збіраю грыбы. А вялікі нож, які я брала на ўсялякі выпадак, ляжаў у кошыку, пад грыбамі. І вось я спакойна хаджу-хаджу, і мне прыходзіць думка, як я буду абараняцца, калі што здарыцца, калі нож пад грыбамі ?!:)))) Карацей, намучалася я з гэтым нажом. Добра, што ён не спатрэбіўся. Але бяспека на першым месцы!
Перад самай хатай знайшла апенькі. У гэты час несла грыбы ў кошыку, у сваёй вязанцы, у вядзёрку. Стойка трымалася, каб не тэлефанаваць мужу, не адрываць яго ад працы. Але калі знайшла апенькі, дзесяць парасонікаў, то прыйшлося выклікаць мужа на дапамогу...


Насмажыла цэлую патэльню парасонікаў, зварыла суп з баравікоў, зрабіла пірог з грыбамі. Пра гэта ўсё падрабязней у наступны раз, таму што  сёння (пятніца, 12 верасня) я ізноў хадзіла ў грыбы, назбірала цэлы кошык баравікоў, маслякоў, польскіх грыбоў. І вось усё гэта чакае, калі я перабяру і перапрацую. Таму пажадайце мне поспехаў :)
Цудоўных выходных і грыбнога настрою :)

2014-09-08

Блакітная летняя вязанка або ўражанні дню (панядзелак, верасень-08-2014)

Добрай раніцы!
Восень гэтага году дорыць цудоўнае надвор'е, грыбы і настрой для вязання.
Таму сёння хачу распавесці пра яшчэ адну вязанку на лета з цудоўных нітачак King Cole. А дакладней з нітак Cottonsoff DK:


Працяг тут :)
Ніткі:
- 100% бавоўна
- 100 г - 210 м
- колер 714.

Вязанка была зроблена ў мінулым годзе, некалькі разоў ужо была ў пральнай машыне, але колер і ніткі вельмі добра захоўваюцца.
І тое, што гэта чыстая бавоўна, вельмі добра для лета. Мне вельмі падабаецца апранаць гэтую вязанку, нітачкі мяккія, прыемныя да скуры.
Мінулым годам у снежні нават апранала, пакуль працавала на выставе. І было не халадно, хоць і кароткія рукавы.


На гэтую вязанку пайшло каля 4 маточкаў. 
Пруткі, здаецца, № 5 (або № 4,5).


Вязальная восень :))) У кожнай пары свая творчасць...
Калі і Вы вяжаце, то запрашаю за цудоўнымі нітачкамі  King Cole у краму www.kvietachka.by.
Цудоўнага дня і вязальнага настрою :)

2014-09-07

Уражанні дню (нядзеля, верасень-07-2014)

Ку-ку!
Вітаю, шаноўнае спадарства!
Сёння такі дзень, такі цудоўны дзень, такі прыгожы і багаты дзень атрымаўся!!! А ў Вас?
А ў нас дзень грыбны, вельмі грыбны :)
Але тут ня будзе шмат фотаздымкаў грыбоў, бо не было часу іх фатаграфаваць. Так прыемна было іх збіраць. І прыблізна за паўтары гадзіны (з улікам хадзьбы да лесу і назад) мы назбіралі два кашы. Гэта проста неверагодна, але гэта праўда...
...
25 баравікоў,
23 чырвонагаловікі,
І нелічаныя падбярозавікі...


Я адразу паехала за сушылкамі ў горад, бо мая духоўка з такой колькасцю не справіцца. І вельмі добра, што паехала. Купіла дзве сушкі, у адной нават можна рабіць ёгурт. І вось цяпер сяджу і сушу, падкладваю свежыя грыбы да тых, што ўжо падсохлі.
І  цэлую патэльню насмажылі грыбоў з цыбуляй і смятанай, і стушылі бульбы. І такая смачная вячэра ў нас атрымалася, проста не перадаць.
Як добра, што лес побач і дорыць нам такія прыемныя і смачныя падарункі.
...
Чырвонагаловік (адзін з...)
Я знаходзіла баравікі, а муж адзін за другім чырвонагаловікі.
І вось я хаджу па лесе і думаю, як жа мне хочацца таксама знайсці чырвонагаловіка. Гэта такія прыгожыя грыбы: тоўстая ножка, чырвоная галава. І вельмі-вельмі рэдка сустракаецца чарвівы грыб, якога памеру ён бы ня быў.
І вось ідзем мы па лесе, я мужу кажу: "Ты ідзі тут, а я пайду тут, пашукаю чырвонагаловікаў..." І толькі я раблю крок-другі, як перада мною паўстаюць, нібы з-пад зямлі, штук сем (7!), ня меньш. І такія велькія, а ў моху маленькія тырчаць...
Гэта было проста цудам :)
Зрэзалі, пахадзілі хвілін дзесяць, знайшлі яшчэ некалькі штук, і пайшлі дахаты, бо ўжо не было куды збіраць. Было прыемна несці такі цяжар :)

...
І сустрэла вось такога сябра ў ляску. Сядзеў каля вялікага баравіка, ахоўваў.
Пагледзеў на мяне і пабег па сваіх справах. А я зрэзала баравіка, потым яшчэ аднаго, і яшчэ аднаго (побач усё, амаль на адным месцы)...



Ну вось так і прайшлі выходныя!
Лёгкага працоўнага тыдню і прыемных уражанняў :)

2014-09-06

Наліснікі з мёдам і тварагом (мясцовы сняданак суботы)

Вітаю-вітаю!
Спяшаюся Вас пачаставаць гарачымі танюсенькімі наліснікамі з проста шыкоўным мёдам і тварагом.
Ну што, калі ласка :)

Наліснікі - самы любімы сняданак. І калі так атрымліваецца, што я прачынаюся раней, а муж тым часам яшчэ спіць, то смажу наліснікі. Тым больш, што ўчора атрымалася набыць свежага хатняга малака (мммм, вельмі смачнага, учора было зварана какава) і смачнага тваражку.
Што і як:
  • тры яйкі (курачкі радуюць, за што ім вялікі дзякуй :)
  • малако (я ўсё кладу на вока, няма нейкага рэцэпту. Тут пайшло каля 1,5 літры. Але гэта прыблізна)
  • мука (шкада, але таксама на вока. Сыплю адразу з пакунку)
  • некальмі грам цукру, можа 1/4 ч.л.
  • столькі ж грамаў пітной соды (1/4 ч.л.)
  • аліўкавы алей - 2-3 ст.л. (дадаю прама ў цеста, тады атрымліваецца смажыць на патэльні бяз масла. Але з умовай, што патэльня добрая)
У кожнай гаспадыні свой рэцэпт. Таму я проста пералічыла тое, што кладу ў цеста.
Замешваю так: 
- спачатку ўзбіваю яйкі з цукрам і содай.
- дадаю малако. Не ўсё адразу. Часткамі.
- затым дадаю муку. Амаль усю, цеста ў гэты момант атрымліваецца вельмі густым, як на аладкі. І дадаю малако, цяпер цеста павінна быць ня вельмі густым, каб атрымалася смажыць тонкія наліснікі. Гэта дазваляе зрабіць цеста без камячкоў.
Пітная сода з цукрам дае дзірачкі ў налісніках. Яны атрымліваюцца лёгкімі, ажурнымі :)
Ну а з чым есці?
У кожнага сваё любімае начынне. Я вельмі люблю з сырам, з грыбамі, з тварагом.
Але сёння мне захацелася асобна тваражок з мёдам, асобна наліснік. І смятана. 
Ну так смачна атрымалася...


Муж спачатку еў з сунічным варэннем. Але потым, пагледзеў, як мне смачна (а мне было вельмі смачна, а калі смачна, то як тут маўчаць. Мммм...) таксама стаў есці з мёдам.
І мёд свежы, і тваражок свежы і смачны, і цёплыя наліснікі... Карацей, субота пачалася вельмі добра...


Чаго і Вам жадаю :)
Смачных сняданкаў! Сняданкі - пачатак дня :)

2014-09-05

Уражанні дню (пятніца, веравень-06-2014)

Усім прывітанне!
Пятніца падаравала падарожжа ў Гародню ў кансулат Літвы за візай. Але тут ня будзе Гародні, тут будуць толькі кветкі і прыемная нечаканка ў выглядзе салодкіх беларускіх кавуна і дыні...
...
Дзень пачаўся а пятай раніцы. Сабраліся, пакармілі птаства і ў 5.30 выехалі.
Карта гугла паказала, што ехать нам у адным накірункі 260 км. Паехалі.
І каля дзевятай раніцы былі ўжо на месцы.
Віза мая скончылася ўжо месяц назад, тры разы пераносілі дзень, у які ехать.
Ну не хацелася ехаць у гэтую Гааррооддннню!
І што Вы думаеце, у 9.30 мы зайшлі, а ў 9.41 выйшлі. Усё! 
І яшчэ раз ехаць 16 верасня, забіраць пашпарт. Столькі ехаць, каб за некалькі хвілін усё зрабіць. З аднаго боку вельмі добра, з другога ня вельмі.
З-за таго, што хутка вызваліліся, паехалі адразу да маіх бацькоў. Яны жывуць на адлегласці каля 70 км ад Гародні.
Прыехалі, паснедалі, назбіралі гарбузоў у машыну для птаства. І вось тут атрымалі салодкі падарунак у выглядзе маленькага (можа 1-1,5 кг) кавуна. Гэта быў самы смачны кавун за ўсё лета. З добрым водарам "кавуна", вельмі сакавіты і салодкі.
Пасядзелі гадзіну - размовы, тое-сёе. І паехалі далей...



...
Наступным пунктам, дзе спыняцца, былі бацькі мужа.
Ад нас яны цяпер жывуць на адлегласці каля 30 км. І побач з імі жыве жанчына, у якой я набываю хатняе малако, тварог. І дамоўлена было за малаком на шэсць гадзін вечара. 
Таму каля 1,5 гадзіны чакалі.
І тут нас смачна пачаставалі сваёй дынькай, яблыкамі, сырнікамі. Карацей, падарожжа скончылася вельмі прыемна:) Дзякуй!

А пры чым тут кветкі? - спытаеце Вы. 
А кветкі ад Kvietachka. Як жа бяз іх...
...
Колеры восені.
Астра.

...
Ружы.
Адна назва чаго каштуе - Пампанэла.

...
Касмея або матылькі.


Цудоўных выходных!

2014-09-04

Вязанка або ўражанні дню (серада, верасень-03-2014)

Вітаю!
Учора атрымалася зрабіць фотаздымкі вязаных рэчаў. Таму сёння распавядау пра адну з іх. Дакладней пра адну вязаную шыдэлкам, адну шытую па выкрайкам з часопіса Burda.
Нітачкі ад King Cole.
Выбрала летні варыянт Бамбу Котан ДК: 50 % віскоза бамбуку, 50 % бавоўна. 100 г-230 м.
Колеры 530, 533, 522.
Вязала шыдэлкам № 5.



Нітачкі вельмі мяккія, прыемна было і вязаць, і вельмі прыемна цяпер апранаць.


Гэта ўжо другая вязанка, якая была звязана з нітак Бамбу Котан ДК. І носіцца, і сціраецца вельмі добра. Ніякага скатвання нітак не назіраецца. Колеры захоўваюцца вельмі добра пасля прання ў машынцы.


На гэтую вязанку пайшло каля 1,3 маточкі кожнага колеру.
Вельмі прыемна апранаць такую вязанку, адчуваецца цяжкасць ад нітак, у спёку гэта дае сваю нейкую прахладу, а калі халадно - сагравае. Дзіўна...


Фатаграфавала разам з тунікай, якую шыла па выкрайках з часопісу Burda.
Тканіна: 90 % бавоўна, 10 % поліэстэр.
Ніткі ад кампаніі Coats - Coats Duet. Мне гэтыя ніткі падабаюцца тым, што ў адрозненні ад тых, што можна купіць у нашай мясцовасці, не рвуцца, калі шыць на машынцы.
Тунічку з задавальненнем апранаю ўжо другі год. Такая лёгкая атрымалася, прыемна апранаць яе ў спёку. Яшчэ трымаю такую тканіну белага і жоўтага колеру. Хочацца яшчэ сшыць што-небудзь такое ж лёгкае і летняе.


Восень дорыць настрой для вязання :) Таму нагадваю, што бясплатны каталог нітак ад кампаніі King Cole і самі нітачкі можна замовіць на сайце www.kvietachka.by.
А я пайшла вязаць, у планах яшчэ столькі ўсяго цікавага :)
Хутка ўжо выходныя :)
Цудоўнага настрою :)