2014-04-24

Экаторбы з ільну

Вітаю!
Шкада, што на вуліцы то цяпло так, што млосна становіцца, то халадно так, што качкі яйкі не нясуць. Вось ад таго, што сёння халадно, нарадзіліся экалагічныя торбы да лета.





Што і як:
- матэрыял: 100% лён;
- ніткі Coats Duet;
- стужкі Richard & Peter Pohl. Пра іх я пісала тут;
- тканіна друкаваць CottonJet;
- памер 38х36 см;
- даўжыня ручак каля 68 см;
- шырыня донца 6 см;
- ручкі пасаджаныя на блочкі.


Для аздаблення выкарыстоўвала карункі беларускай вытворчасці, стужкі, малюнкі на тканіне.
Малюнкі друкавала на струменнай друкарцы на тканіне  CottonJet. Пра тканіну я пісала тут.
Некаторыя малюнкі былі ўзяты з сецівы як узор, каб паказаць на выставе, што можна друкаваць любы малюнак.


А вось коні - мае фотаздымкі.



Больш за ўсё мне падабаюцца торбы з карункамі і ружачкамі са стужак. Яны так міленька і проста выглядаюць.




Вось гэтая блакітная стужка з васількамі - самая папулярная ў краме. Напэўна ад таго, што самая каларытная ў нашай мясцовасці :)






Пагледзець, як выглядае торба пры выкарыстанні можна тут.


Мне падабаецца такая торба тым, што можна браць яе паўсюль: на кірмаш за садавінай, на заняткі спортам-йогай, можна нават змясціць нейкія паперкі фармату А4, на ёй нават сядзець можна :)
І самае галоўнае, што з такой торбай не забруджваецца навакольнае асяроддзе, торбу можна мыць пры 30 С у пральнай машыне, прасаваць.


Цёплага надвор'я Вам і не забруджвайце наваколле :)


Птушкі і жыццё навокал

Вітаю!
Аказваецца ў нас каля хаты столькі розных птушак...



Я раней не заўважала, а цяпер слухаю іх спевы і любуюся імі. Давайце разам :)
Усіх птушак я ня ведаю. Магу назваць толькі вараб'я, які сядзеў на сетцы і чакаў моманту, каб паласавацца курыным зернем :)



Гэтая птушачка нагадвае мне адну з Angry Birds.



Яна такая тоўсценькая і нібы з аксаміту, прыгожая птушачка.



Гэтая доўга поўзала пад вакном і збірала ў дзюбу розныя сухія травінкі, нітачкі, поўсць.
Будуе гняздо, гаспадынька.


А вось гэтая птушачка для мяне самая-самая... Чаму? Проста гэтыя птушкі сядзяць толькі ў парэчках перад вакном кухні. І я, калі мыю посуд, пастаянна сачу за імі. Вось яны мне і палюбіліся :)


Гэтая птушачка спачатку палохала мяне, таму што дзюбай стукала па дрэве, а мне здавалася, калі я працавала ў агародзе, што хтосьці прыйшоў.


Вось і галоўная птушка нашай вуліцы...
Курыто (калі глядзелі Грю, зразумееце :))


І першыя лісточкі вясны. І пудзіла суседзяў.
І ўсё такое сочнае...


Прырода за хатай самая жывапісная.
Асабліва мне падабаецца раніцай гэты выгляд, таму што там звычайна стаіць туман і з-за лесу падымаецца сонейка.


І мураш, які кудысьці бяжыць. Напэўна ў яго шмат спраў.


Цёплага надвор'я і птушынага настрою :)

2014-04-22

Хатні лімон і кветкі

Вітаю!



У нас сёння быў першы гром, першая вясёлка. І пасля дажду ўсё нібы ўздыхнула. Такое свежае паветра з водарам мокрай зямлі, травы і нейкіх кветак. Відаць, недзе паблізу зацвіло нейкае дрэва.
І птушкі маўчалі перад дажджом, а пасля можна было чуць такі разнастайны канцэрт, што сэрца хацела вырвацца і ляцець разам з птушкамі, вітаць кожны новы лісточак, кожную почачку, якая вось-вось стрэльне...

У нас каля хаты таксама былі жыхары, якія чакалі дождж. Новая кветка ў маім садку - шахматны рабчык. І вось яшчэ ўчора рабчык быў такім.



А сёння пасля дажджу раскрыўся, нібы абажур.



Блакітныя мускары. Такія прыгожыя кветкі, мне так хацелася мець іх каля хаты. І вось мары становяцца сапраўднымі :) Гэтыя кветкі вельмі міленька глядзяцца ў маленькіх шкляначках.







Жоўтыя нарцысы. Садзіла ўвосень 2013 г., а вось яны ўжо і цвітуць ўздож сцяжынкі.





З гіацынтамі ў мяне не было добрага сяброўства. І яны гінулі раней, так і не цвіўшы. А вось гэты цвіце, садзіла таксама восенню. І водар такі ад яго смачны, такі вясенні...



А вось што гэта такое, я ня ведаю. Падарылі ў мінулым годзе бацькі мужа. Кусцік вельмі прыгожы, змяняе колеры ад поры году.


І мой гонар - хатні лімон. Пра яго я пісала раней. І вось які ён ужо падрос :)


І выпусціў новыя галінкі, чатыры (4) галінкі з кветкамі. Я ня ведаю, што ён сабе думае, але прыдзецца абрываць кветкі як і папярэднія. Дрэўка яшчэ маленькае, не выгадуе столькі лімонаў, але такое прыткае, пускае і пускае кветкі :)


Ну вось такія ў нас навіны, паслясвяточныя :)
Цудоўнага настрою!

2014-04-21

Са Святам Вялікдня!


Вітаю і віншую са Святам Вялікдня!
Сонечнага настрою, усмешак, радасці ў гэты цудоўны дзень!


На тое, каб выкладаць усё ў блог у працэсе гатоўкі, фарбавання не было часу, чакалі гасцёў. Таму сёння маленькі пералік таго, што рабілася і елася :)

1. Яйкі. Як можна здагадацца з ранейшых постаў, мы стараемся ўжываць у ежу ўсё натуральнае. І вось узнікла пытанне фарбавання яек. Я хацела ня толькі чырвоныя яйкі, якія атрымліваюцца ад цыбулення (лупінкі цыбулі).

Таму вось такі вынік.
Сінія яйкі атрымаліся ад чырвонай капусты.
Гразна-зялёныя атрымаліся ад свежай травы.
Трошкі ружовыя - ад чырвоных буракоў.
Чырвоныя - ад цыбулення.


Рабіла раствор для фарбавання так: лісты капусты залівала вадой, дадавала 1 ч.л. солі і варыла гадзіну. Затым выключала, дадавала 3 ст.л. яблачнага воцату (спіртавы воцат я ўвогуле не выкарыстоўваю, але тут можна і яго дадаць, калі няма іншага). І клала ў раствор вараныя яйкі. Лепш, канешне, калі яйкі яшчэ гарачыя. Яйкі павінны ляжаць у растворы 30-40 хвілін, прыблізна праз 15-20 хвілін ужо будзе бачны вынік. Таму толькі Вам вырашаць, якога колеру будуць яйкі.

Для чырвоных буракоў (буракі парэзала на кавалкі) і зялёнай травы прынцып аднолькавы як і для капусты.
А вось з цыбуленнем усё прасцей. Заліваеце цыбуленне, ставіце варыць і як пачынае закіпаць, то кладзеце варыцца яйкі. І вельмі хутка яны і зварацца, і пафарбуюцца.

Адзінае, што дадам, выціраць ваду з яек ня трэба, таму што сціраецца фарба, а калі яйкі высахлі на талерцы, то фарбе больш нічога не пагражае. Прыгожа!

А вось яйкі, якія былі ў мінулым годзе :)


Для фарбавання тут пайшлі ўсе сухія травы-гарбаты, якія былі ў хаце. І вельмі цікавы атрымаўся колер. Але вось паўтарыць такое я не магу, не памятаю, што там было :)))

2. Кулічы, як жа бяз іх. Адзіны фотаздымак, які зрабіла. Кулічы перастаялі ў мяне ў гэтым годзе, таму маленькія, але смачныя. На хатніх яйках і масле.


А вось кулічы, якія былі ў нас два гады таму. Адзін і той рэцэпт гатую ўжо трэці год, а вынік кожны раз розны :)


3. Свянцонае. Раней мы з мамай кожны год хадзілі ў царкву свенціць яйкі на Ўсяночную. Гэтым годам мама прыязжала ў госці да нас, таму таксама паехалі.
Свенцілі яйкі, соль, хлеб і сала (сала свенцілі для таго, каб не сустрэць змей у лесе, ну такое павер'е існуе ў беларусаў).


4. Бульба. Ну як абыдзецца святочны беларускі стол бяз бульбы?! Канешне на гарнір бульба, але ўжо пачатак новага сезону, калі трэба ўжо садзіць бульбу, а не есці яе. Яна не такая смачная ўжо, калі яе варыць.
Вось і прыдумалася яе запекчы на блясе (противень). Робіцца вельмі проста, а атрымліваецца вельмі смачна.
Чысцім бульбу, наразаем кавалачкамі, выкладаем на бляху, паліваем трошкі аліўкавым алеем, трошкі солі і перцу. І самае, што мне тут падабаецца, зверху добра прысыпаем сушаным базілікам, канешне, са свайго агароду. Такі пах!!!
Ставім пекчыся на 40 хвілін, у сябе я магу выбраць рэжым турба-грыля 180 С (градусаў Цэльсія). І бульба атрымліваецца мяккай, добра прапечанай, з водарам базіліка.


5. Мясныя рулецікі з сырам. Атрымаліся мяккія, у меру часначку, у меру сыру. А з хатнім кетчупам (пра кетчуп напішу, калі буду рабіць летам)... Вельмі смачна!
Мяса - паляндвічка. Проста адбіла малаточкам, нацерла молатым чорным перцам з соллю, тоўчаным часначком, паставіла марынавацца на ноч.
Скруціла рулецікі, паклаўшы ў кожны па некалькі кавалачкаў цвёрдага сыру (выкарыстоўвала Альтэрман, адзіны сыр, які можна ў маёй мясцовасці набыць без штучных дадаткаў). Выпякала пры 180 С каля аднае гадзіны пад фальгою, а апошнія дзесяць хвілін без. Так рулецікі атрымаліся з прыгожай прыгаркай.


Блізка сфатаграфаваць усё, што было на стале, не атрымалася, таму што як толькі прыбрала стол, усе ўжо сабраліся і быў час частавацца.

6. Былі прыгатаваны дзве салаты: першая - варанае курынае мяса, вараная бульба, салёны гурок, цыбуля, цвёрды сыр, варанае яйка, смятана; другая - салёная чырвоная рыба, вараная бульба, свежы памідорык, свежая радыска, цыбуля, смятана.

7. Паштэт з курыных пячонак: 0,5 кг пячонак, адна цыбуліна, адна морква, аліўкавы алей, белае віно, соль, перчык, размарын. Абжарыць гародніну, дадаць пячонкі, 10 хвілін паварочваючы на патэльні жарыць, дадаць прыблізна 0,5 - 1 ст. белага віна, мяшаючы, чакаць, пакуль віно не выпарыцца, дадаць соль, перац, размарын, закрыць крышачкай і гатаваць каля паўгадзіны. Затым змалоць блэндэрам. Можна дадаць у гарачы паштэт 25-50 г сметанковага масла. Атрымаецца больш густым і тлустым.

8. Тварожная заварная "пасха" з разынкамі і сушанымі журавінамі. Як-небудзь асобна напішу рэцэпт. 

9. Канешне хатні кетчуп да мяса і соўс да бульбы са смятаны і часнаку. Марынаваныя зялёныя памідоры па рэцэпту ад цёці Любы з Латвіі. Вельмі смачнымі атрымаліся, мужу вельмі падабаюцца. І выратавалі ўраджай памідораў ад туманаў.


10. Бліны з начыннем з грыбоў шыітаке. Вельмі смачныя грыбы, іх проста абжарыла на патэльні, дадала смятаны, патушыла хвілін 15-20 пад крышачкай.

11. Курыныя бёдрышкі, якія тушыла ў сапраўднай дравяной печцы ў гліняным гаршчку. Курыцу нацерла соллю-перцам, базілікам, цэдрай лімону і паставіла на ноч марынавацца. Затым пераклала ў гліняны гаршчок, заліла хатняй смятанкай і тушыла пад крышачкай каля гадзіны.

12. Талеркі з садавінай, нарэзанымі кулічамі, булкамі і смачным хлебам.

13. Смачны кампоцік з вішань і бярозавы сок з апельсінам.

14. Былі прыгатаваны да гарбаты два кексы: адзін па рэцэпту Чадзейкі - сталічны, другі з макам і свежымі журавінамі. І прыгатавала яшчэ рулет з тварожным крэмам, таксама рэцэпт Чадзейкі. Адзінае, што змяніла - крэм, не было моцы ўжо гатаваць крэм, а засталася частка ад тварожнай пасхі. Вось гэта і замяніла мне крэм, атрымалася смачна. Рулет быў "мокрым і сочным", калі такім ён можа быць.
Кніга "Рэцэпты па ГОСТу" Чадзейкі - шыкоўная кніга, раю набыць на кожную куханьку. Там і смачнае марозіва можна зрабіць з чорных парэчак (ужо намі пакаштаванае на НГ 2014), і шмат тартоў, і пірожаных. Вельмі добрая кніга, на маёй кухні яна актыўна выкаростоўваецца, шмат інфармацыі, падрабязна ўсё распісана.

15. І асобнае месца за сталом займалі смачнейшы торт Напалеон з журавінамі і заварным крэмам і духмяныя хлябы трох сартоў. І як Вы думаеце, хто гэта прыгатаваў? Гатавала не яе, гэта адзінае, што было на стале не маіх рук.
Гатавала Насця. І ні такога тарта, ні такіх хлябоў мы яшчэ не каштавалі. Настолькі ўсё атрымалася смачным!!! Як добра, што ў нас ёсць Насця :)


Вось так і прайшло Свята, засталіся ўспаміны і сум па тым, што ўсе родныя раз'ехаліся (пакінуўшы горы посуду :))) але гэта ня так і страшна).
Вельмі прыемна, калі ёсць каму прыехаць. Таму прыязжайце, калі ласка, яшчэ! Мы Вас заўжды чакаем :)
Святочнага настрою і цудоўнага надвор'я :)

2014-04-18

Хлеб брыёш з мяккім сырам і суніцамі

Вітаю!
Сёння такое цудоўнае надвор'е, такі добры настрой, па пакоі лятае пах рознага печыва, хутка вялікае Свята - Вялікдзень, а гэта значыць сустрэчы, кулічы са смачнай гарбатай, фарбаваныя яйкі...
Ад адных думак пра тое, што ўсё гэта так хутка, настрой і падымаецца. А таму такі настрой патрабуе і прыгожага і смачнага сняданка. І вось учора, выпякаючы кексы і рулеты да Свята, вырашыла я, што Свята павінна быць кожны дзень, Свята павінна быць у душы ў незалежнасці ад даты на календары.
І нарадзіўся ён - хлеб, пра які можна толькі прачытаць у  інтэрнэце або ў кнізе, таму што спрабаваць купіць яго ў нашых крамах (крамах, дзе жыву я) - фантастыка 3000 гаду. Пекчы яго неяк не ўласціва для мяне... было :)
Назва незвычайная - брыёш, une brioche.



На першы погляд мне здавалася, што гэта ну проста нейкая булка, пекчы такое не цікава. Але патрапіў рэцэпт на вочы ў кнізе "Вуліца свежага хлеба", за што асобны дзякуй Насці, яна ўмее знаходзіць усё такое цікавае і незвычайнае :)
І там так прыгожа напісана пра гэты хлеб, што проста пачынаеш адчуваць пах...



Вось пару слоў, кніга ў мяне толькі на расейскай мове, таму ўжо як ёсць:
"...Это роскошный хлеб. Или может быть, это кекс? Возможно лучше всего описать это изделие как дрожжевой кекс... В любом случае вам нужно испечь его хотя бы раз в жизни... Лучше всего есть его, нарезая толстыми ломтями и обжаривая в тостере. Или можно уложить сверху ломтики фруктов и мороженое или заварной крем, и получится красивый десерт..."




Аўтары раяць есці такі хлеб на сняданак з джэмам і сырам рыкотай, або падаваць такі хлеб са смажанымі грыбамі і пашцетам (апошні варыянт пакаштуем на Вялікдзень).

Мы гэты хлеб елі на сняданак з тварожным сырам і свежыімі суніцамі... 


Я вельмі люблю сыры, асабліва Бры. І люблю сыры з цвіллю, цвіллю высакароднай, як напісана на пакунках ад вытворцы :) Асабліва мне падабаюцца козія сыры з белай цвіллю. Падабаюцца таксама з блакітнай, больш насычанага смаку.
Сыры мы набываем, часцей за ўсё, у Вільні. У Акропалісе ёсць Максіма з шыкоўным выбарам сыроў. Можна ўзяць круглях і на 3,5 кг, і на 100 г. кавалак.
У мяне пры выбары сыроў два моманты:
1. Пах. Калі пах сыру мне падабаецца, то далей я чытаю пакунак сыру.
2. І вось калі на пакунку няма штучных дадаткаў, розных Е і кансервантаў, то сыр трапляе ў мой кошык, калі іначай, іду "нюхаць" далей :)

Вось свой бутэрброцік і прысыпла сырам з блакітнай цвіллю. Такі атрымаўся букет!!!
Сама брыёш мае глыбокі водар, які атрымаўся дзякуючы хатняму сметанковаму маслу і яйкам. Хоць брыёш і выглядае як булка (батон), водар мае хлебны. І жоўта-жоўты колер. Смак - трошкі з кіслінкай, трошкі салодка-саланаваты, мокры (хлеб добра прапечаны, але масла дае прыемную макрату).

І вось гэтая брыёш у спалучэнні са свежым тварожным сырам, у якога смак больш нейтральны, кісла-салодкай суніцай, якая мае прыемны пах ягады і з крошкамі салёнага церпкага сыру добра насычае раніцай, надымае настрой, дазваляе адчуць сябе ўтульна і прыемна на простай вясковай куханьцы дзесьці за пару тысяч км ад яе радзімы Францыі.

І не трэба рэстарацый і кавярняў, трэба толькі куханька і чалавек, для якога прыемна пекчы брыёш...



Смачных выходных!