2016-01-23

Workshop

Вітаю!
Яшчэ адзін тыдзень сыходзіць, пакідаючы ўспаміны і прыемныя ўражанні :) Магчыма, нават больш, чым проста ўражанні...
Калі ласка!


У сераду праходзіў у нас сумесны творчы дзень у школе. Нам прапанавалі мноства матэрыялаў. Адныя з іх былі тым, што шкада выкінуць :) І далі заданне ўявіць сябе куцюр'е і прыдумаць дызайны вопраткі.
І вось што з усяго гэтага атрымалася... Дакладней тое, што спадабалася або ўразіла мяне :)
Папяровыя кветкі фарбавалі ў розныя адценні блакітнага, сіняга, а потым сабралі ў прыгожую, як мне здаецца, сукеначку...


Праўда яна больш звычайная і падобная да тых сукенак, што можна бачыць у часопісах, на людзях :)


А вось і прычоска, якая суправаджала гэтую гераіню... Усё ж тут незвычайныя погляды :)


Вобраз, які перамог...
Прыгожы, гарманічны, але трошкі мрачнаваты, але адначасова вельмі цікавы  :)


Дэталі...





Так смешна і незвычайна было, калі мае сябры па камандзе прапанавалі назваць нашую працу на беларускай мове, бо гэта вельмі незвычайна будзе гучаць :) Ну што ж, калі незвычайна, то калі ласка...



І сама кветка :)
Папера і штучныя кветкі... Праўдна ў пачатку задума была трошкі іншай, чым атрымаўся вынік. Але гэта была самая насычаная фарбамі сукенка :)


Ну і проста фотаздымкі іншых прац. Назвы не памятаю, але тут таксама папера, трошкі тканін і фантазія канкурсантаў :)


Нават было вырашана ў гэтай працы прадставіць сапраўдныя грудзі :)))




Гэта таксама была кветка, але з пчолкамі :)


Самі пчолкі :)


Гэтая сукенка набрала на адзін бал меньш за пераможцу. Можна лічыць, што гэта срэбны прызёр :) Нагадвае стыль вопраткі Сярэднявечча... Ці гэта мне проста здаецца?!


Ну і апошняе, Экалагічная Швецыя, здаецца такая была назва.
Цікавыя дэталі выкарыстаныя ў гэтай працы. Здаецца, што ўсё банальна, але вока чапляецца :)


  

Адна з прадстаўніц гэтай каманды. Цікавае ўпрыгожванне атрымалася :)


Ну а сёння я толькі вярнулася з навучання, як прасці воўну і рабіць ніткі... Гэта быў космас для мяне, таму што адна справа прывезці з-за мяжы прыгожыя ніткі ў свой час, калі на мясцовым рынку такога не было. І дзівіцца іхняму хараству, здзіўляць пакупнікоў такой прыгожай прапановай... І зусім другая, калі ты сядзіш некалькі гадзін з камякамі воўны розных адценняў, натуральнай кучаравай поўсцю са смеццем у тонкіх валасках: саломай-сенам, нават "какашкамі" :)))))))) І пасля гэтага атрымліваецца каля 100-150 грамаў нітак, якія не падобныя на іншыя, таму што яны стварыліся ў тваіх руках... Гэта магія, сапраўдная паўсядзённая магія :)
Але пра гэта ў другі раз...
Цудоўнага настрою і стварэння магіі!
Няхай усё атрымаецца :)

2016-01-16

Вышыванне па скуры

Вітаю-вітаю!
Маё жыццё апошнія дні вельмі насычаны на ўражанні :) Сёння хадзіла на невялічкае навучанне шыцця з футра, скуры. Больш за ўсё мяне захапіла вышыванне. 
Калі ласка!


Навучанне праводіў Ларс. Ягоная сям'я ўжо некалькі пакаленняў займаецца вытворчасцю кажухоў. Прыгожыя такія рэчы! Шыкоўныя, гэта лепш падыходзіць :)
Сам Ларс быў апрануты якраз у адзін з такіх кажухоў, які сам і сшыў. І весіць гэты цуд каля 8! кг. Я пад такім упала бы і спала бы, не рухаючыся :)))) А ён, як сапраўдны вікінг, ходзіць нармальна ў ім. Ды ўвогуле, быў апрануты ва ўсю вопратку, зровленую сваімі рукамі. Выглядала вельмі прыгожа!
Пра само навучанне.
Удзельнікоў было 11 чалавек, кожны мог паспрабаваць сшыць штосьці сваё: капялюш, рукавіцы, валёнкі-тапкі, торбачку для тэлефона, муфтачкі і г.д. 
Хтосьці прынес старыя шубы і кажухі, каб перакраіць іх.
Мне нічога такога не хацелася, тым больш што я пакуль дрэнна разумею швецкую мову. Таму я вырашыла пасправабаць вышываць :)
Маляваць я асабліва не ўмею, пра гэта я пісала раней. Але хачацца ўсё ж такі толькі сваё рабіць. Таму вымучыла з сябе гэтыя каракулі :) І атрымалася нядрэнна, мне здаецца...


А вось гэта быў узор ад Ларса. Ня ведаю, што гэта павінна было быць, але выглядае вельмі прыгожа :) Ды і адразу не зразумела, як гэта можна зрабіць... І тым больш, што гэта зроблена рукамі, а не машынкай.


Сказаць па праўдзе, прыйшлося памучацца, таму што вышываць па скуры - гэта не крыжыкам :) І тое, што ў Ларса атрымлівалася вельмі лёгка і проста, то ў мяне вусны прыкусваліся, калі працягвала голку з ніткай. Карацей, калі глядзіш, то ўсё здаецца вельмі-вельмі простым, а на самай справе не ўсё так лёгка :)

І другі бок. Цікава, ці не так :)


Рукі хочуць далей рабіць штосьці падобнае, але часу вельмі не стае на ўсё, на жаль. Але так хочацца :)))))
Прыемных заняткаў і цудоўнага настрою!
Няхай Вам часу хапае на ўсе задумы :)

David och Sofia

Вітаю!
Школа, у якой я цяпер вучуся, мае мастацкі накіранак. І людзі вакол вельмі творчыя :)
І гэты тыдзень, які заўтра развітаецца з намі, быў прысвечаны выставе аднаго мясцовага студэнта David. Ягоная дзяўчына Sofia вучыцца са мною разам, таму з іхняга дазволу выкладаю тут гэтыя фотаздымкі. Калі ласка :)


Чаму я ўвогуле вырашыла сюды штосьці выкласці з гэтых карцін: проста яны зусім іншыя, чым тыя, якія я магла бачыць у Беларусі. Яны насычаныя фарбамі, вялікай колькасцю фарбаў... І тут птушкі :)))))) Напэўна, каб не гэтыя птушкі, нічога бы не атрымалася :)
Але карціны гэтыя вельмі займальныя. Маюць вялікі памер. І калі глядзіш на іх, хочацца зразумець, куды якая крывая ідзе, чаму яна туды накіраваная, чаму тут так і так... Карацей, для мяне гэта неверагодная галаваломка...


Мне здаецца, што толькі так і можна паказаць сапраўднае жыццё, якое напоўненае нейкімі пустымі справамі, пытаннямі, але ўнутры гэтага клунку і жыве сапраўднасць, а ўсё астатняе - дапаўненне, якое стварае бачнасць і важкасць, часам упрыгожвае, часам замаруджвае... Але бяз гэтай, так скажам, пустой часткі, жыццё было бы не да канца напоўненым, магчыма камусьці не цікавым, таму што складана адразу знайсці сэнс і істнасць у жыцці.
Так і гэтыя карціны...

Гэты партрэт мне больш за ўсе спадабаўся... Але ж гэта складана вырашыць, таму што кожны твор асаблівы па-свойму. Але ж гэты - час мрояў, час спынення і абдумвання. Час, калі ўсё магчыма... Усё, што заўгодна, таму што менавіта ў такія моманты мы вырашаем сваё далейшае жыццё, выбіраем свой накірунак :)




У кожнага свая галактыка, свой нутраты свет... Гэта вельмі добра зразумела з гэтых твораў.
І самае прыемнае, што людзі не саромеюцца выражаць гэта тут :) Чаму і трэба павучыцца :)


Цудоўнага настрою :)
І прыгожых уражанняў!

2016-01-14

Нас засыпае сняжок :)

Вітаю!
Снег, невялічкі марозік, камфортны такі :) І прыгажосць навокал... Цуда, ці не так?!


 А як прыгожа назіраць калі снег падае... павольна... танцуючы...
Сядзела бы і назірала ў вакно за ім. У гэты момант час нібы спыняецца, можна адчуць як пажылах працякаюць сакунды, хвіліны :) Як кожная пачынае і заканчвае сваё кола...
Гэта бясконцасць! Гавораць, беражыце сучаснае, жывіце ў ім, але яно такое хутка, яно толькі пачынаецца, адразу і заканчваецца. І здаецца, што вось ты толькі штосьці пачынаеш, ты можаш атрымаць асалоду ад гэтага... Але жыццё такое жорсткае, што ты не паспяваеш агледзецца, як падыходзіць час ізноў штосьці мяняць. А ты сядзіш і чакаеш, што вось-вось я пачну жыць, пачну сваё цяперашняе адчуваць і пражываць яго з задавальненнем, з беражлівасцю... Але гэта нерэальна насамрэч... Час ідзе хутчэй, чым мы заўважаем. І мы можам спыніцца толькі пад час зменаў прыроды :) Вось як цяпер. Мы можам спыніцца і адчуць жыццё, як яно ідзе вакол нас, унутры нас... Як яно спускаецца на зямлю ў выглядзе прыгажосці і хараства прыроды :)




Гэта сапраўднае цуда, што ў нас ёсць такая магчымасць, нават магчымасці :)
Таму не згубіце іх :) Жывіце сваё жыццё шчасліва і напоўнена!
Снежнага настрою і з'яўлення цуда ў жыцці!

2016-01-12

Жыццё-быццё...

Хэйсан-хопсан:)
Вось ідуць дні, заўтра ўжо будзе тыдзень, як я на новым месцы... Сказаць па праўдзе, здаецца, што ўжо вельмі даўно таўкуся тут. Але адначасова хачу прачнуцца ў сваім ложку ў Менску, такім неверагодным усё здаецца.
Жыццё ідзе вельмі спакойна, усё часцей і часцей замест беларускіх слоў у галаве круціцца словы іншай мовы, што вельмі радуе. Значыць усё ідзе добра :)
Сярод вучэбных турботаў знайшоўся перапынак для прыемных пакупак... Калі ласка!



Пра тое, як я сюды ехала, я распавяду асобна. Напэўна не ў бліжэйшы час, калі-небудзь... Гэта была смешная гісторыя :) Дык вось прыехала я з невялічкім багажом, у якім было каля 5,5 кг кніг, самае неабходнае з вопраткі і тэхніка. Але ў самае неабходнае не змясціўся посуд, але ён спратрэбіўся тут.
Вось шпацыруючы за прадуктамі патрапіла ў мясцовую антыкварную краму і за смешныя грошы набыла прыгожы кубак для гарбаты made in England, лыжачку, шклянку для сокаў...



і гуся...
Я ня ведаю, як можна было прайсці проста і не забраць яго адзінокага адтуль :) Ён, бедны, нават сваю этыкетку з коштам згубіў, так і быў бы нікому не патрэбны. Але я яго выратавала! І цяпер у Менску сядзяць маленькія керамічныя курачкі, а тут са мною сядзіць гусь...
Прыгожы, праўда?!


Прыемных пакупак і цудоўнага настрою :)

2016-01-09

Успаміны, Лондан 2012

Вітаю...
Калі знаходзішся далёка ад людзей, якія вельмі дарагія ў жыцці, то зусім іначай глядзіш на мінулае, на будучае, асабліва на сучаснае...
Гэта пост-успаміны пра падарожжа ў Лондан, Вялікабрытанія. Адбывалася гэта ў верасні 2012 году. Калі ласка!  Толькі я і мой муж :)


Сказаць па праўдзе, падарожжа было так сабе. Асабліва першыя ўражанні ад гораду: прыемная радасць ад цудоўнага вымаўлення ангельскай мовы мясцовых жыхароў :))))))))))))))) Ня вельмі добрая ежа, таму што мы жылі вельмі блізка ад цэнтру і там не было шмат крам, каб набыць прадукту, толькі кавярні-кавярні-кавярні... А нам неабходна было эканоміць, таму што праз пару тыдняў павінна было быць невялікае падарожжа ў Амстэрдам, Галандыя. І вельмі падобныя будынкі адзін да аднаго... Проста ідзеш-ідзеш-ідзеш, а будынак адзін і той жа. І можаш яшчэ паўгадзіны ісці :) І будзе ўсё аднолькавым... Было як было :)


Мы гулялі па горадзе цэлы дзень :) Фатаграфаваліся, увечары схадзілі на іхняе кола, каб пагледзець горад з вышыні. І вось там было самае неверагоднае: 3D-відэа - экскурсія па гораду. Было такое адчуванне, што гэта ты сам ляціш над горадам, будынкамі... Асаблівым было, калі птушкі ляцелі насустрач, хацелася адганяць іх рукамі і прыхіляцца, настолькі рэалістычным было відовішча.


Затым мы наведалі агромністы акварыўм са шкляной падлогай, пад якой плавалі акулы, чарапаха і шмат розных вялікіх рыбінаў. І ты ідзеш у цемры па гэтай падлозе і баішся ступіць, хочацца нахіліцца і пакранаць, ці насамрэч там існуе падлога :)


Наведалі таксама заапарк. Вельмі вялікі па плошчы, шмат жывёл, трапічная зала з матылькамі была. І жырафы, самыя сапраўдныя жырафы з аб'едзенымі дрэвамі навокал :) І кожны раз я іх шкадую, таму што зусім іншае жыццё магло быць у гэтых жывёлаў там, дзе яны павінны былі бы нарадзіцца і жыць - у прыродзе, у вольнай прыродзе...
Так як і я... Разам з гэтымі ўспамінамі я ўзгадваю сваё жыццё на вёсцы, калі ты вольны, калі ты можаш выйсці і жыць, проста, павольна, спакойна... Але замест гэтага я сядзела ў кватэры, цяпер сяджу ў пакоі і ўзгадваю сваё жыццё. І разумею, што назад я вярнуцца магу ў любы час, гэта дае моц. Але вось рухацца кудысьці або цяпер, або застацца на месцы, так і недаведаўшыся, што можна дасягнуць і што паспрабаваць...


Галоўнае не баяцца і рухацца, рухацца наперад, таму што назад можна вярнуцца ў любы момант... Я разумею, што гэта проста сум і адзінота тут...
Але сум надыходзіць ня часта, што вельмі добра. Толькі калі адпачываеш, а адпачываеш ня шмат, таму ўсё выдатна :)
Шчаслівай дарогі!
Цудоўнага настрою :)

2016-01-07

Мае першыя малюнкі ў жыцці...

Вітаю!
Апошнія колькі тыдняў мучае мяне пытанне: чаму??? Чаму ў маім жыцці настолькі моцныя нейкія межы, якія абмяжоўваюць мяне... Чаму так заведзена ў жыцці, што ты павінен усё паўсюль і ўсім, акрамя сябе... Чаму так?


Усё жыццё (а гэта ўжо 25 год) я была ўпэўненая, што я маляваць не ўмею. Зусім і нават больш :) У мяне з дзяцінства засталіся ўспаміны, калі трэба было намаляваць штосьці ў школе, а я не магла... Проста не магла, бо не разумела, што і як я павінна рабіць. Мне казалі малюй, а як?! 
Я зразумела гэта толькі цяпер...
Трэба проста садзіцца, супакойвацца, думаць, што ўсё можаш і ўсё атрымаецца :)


Першай быў гэты верабейчык :) Канешне, зусім дзіцячы малюнак, але для мяне гэта нейкая мяжа, якую я перасякла і больш не баюся... Не баюся маляваць :) А можа што і большае, час пакажа...


Кожны можа ўсё, што захоча, 
галоўнае хацець і пачаць крочыць у гэтым накірунку...
З Раством! Цудоўнага настрою і прыемных пачынанняў :)

2016-01-01

Як мы сустракалі Новы год :)

Вітаю ў новым годзе!
Неяк 2016 год надышоў нечакана :) Столькі ўсяго адбылося ў 2015... 
Што нават наступленне году заўважылі толькі дзякуючы суседзям, якія пачалі крычаць ці то паверхам вышэй, ці ніжэй, было не зразумела. У гэты час мы пісалі з мужам план на 2016 год, свае мары... Канешне, на цікавым жаданні я сустрэла новы год :) Шкада, што нельга расказаць... Як споўніцца, напішу :)
А тое, як надыходзіў 2016 год у нашай сям'і можна пагледзець ніжэй...


Колькі мы разам, столькі мы праводзім ноч не каля сталу з рознымі салатамі і г.д., а з садавінай каля цікавага фільму або са спяваннем песняў, або з развучваннем танцаў :) Так было і гэтым годам...
На святочную вячэру быў хатні гусь з бульбай, грыбамі і салёнымі гурочкамі :) Смачная вячэра атрымалася!!!


Бліжэй да 12 гадзінаў ночы была перагледзена парачка тэматычных фільмаў: "Путешествие к Рождественской звезде" і "Рождественская история"...



З'едзены дзесятак мандарынчыкаў...


І пад навагоднія песні мы пісалі свае планы... У мяне атрымалася каля 25 пунктаў :) Думаю, хутка яшчэ будзе дапісана каля 10, столькі ўсяго трэба паспець...


Пасля дванаццаці пачалі пускаць на вуліцы феерверкі. Нам прама з канапы было ўсё бачна ў вакно... Прыгожа!
Затым яшчэ пагледзелі фільм "Семьянин" і пайшлі спаць каля 2 гадзінаў ночы :) Гэта была самая спакойная і санлівая сустрэча новага году ў маім жыцці. Спаць хацелася з 9-10 гадзінаў вечара :)
Раніцай нас чакаў смачны хатні кекс з разынкамі і журавінамі...
І рулет з тварагом і вішнямі... Смачны пачатак году!


І новы дзень, і новы год пачаўся...
Няхай ён прынясе спаўненне мар, радасць і ўсмешкі!
З Новым Годам!


Цудоўнага настрою і прыемных вакацый :)