2015-12-17

Мальмё, Швецыя

Вітаю!
Пару тыдняў таму атрымалася ў нас невялічкая паездка ў Мальмё-Капенгаген-Стакгольм :)
Распавяду спачатку пра Мальмё...


Прыляцелі мы самалётам з Вільні, ужо вечарэла. І так прыгожа было ўсё і незвычайна, таму што горад, як і ўся Эўропа, рыхтаваўся да Раства, быў першы Адвент.
У вокнах стаялі свечкі і гарэлі калядныя зоркі...
Маяк дзесьці па дарозе :)


Мы выйшлі з аўтобусу і пайшлі глядзець горад. Прыехалі мы на дзень, таму ў планах штосьці большае, акрамя шпацыру, складана было змясціць :) Ды і ня вельмі хацелася :)
Перайшлі на другі бок вуліцы ад вакзалу, і ўбачылі елку... У нас яшчэ толькі планавалася ўпрыгожванне гораду, таму пайшлі глядзець. Каляды хутка :)



Прыгажуня стаяла сапраўдная, навокал цікавая архітэктура.
Вуліцы, на якіх было дазволена толькі шпацыраваць, упрыгожаны каляднымі ліхтарыкамі, заблукаць было складана :) І мы пайшлі па гэтых вулачках...
Пахі цынамону і глёгу, чурасу і гарэхаў... Для мяне гэта ўсё было ўпершыню, і так гэта ўсё незвычайна і прыемна, вельмі-вельмі ўтульна, толькі моцны вецер падчас зносіў з ног :)


Смешныя дрэвы, такія галіны ў іх незвычайныя. Напэўна, гэта вельмі прыгожа выглядае, калі ўлетку яны стаяць з галінкамі і лісцем. Было бы цікава пагледзець...



Ну і архітэктура заваражвае.


Потым выйшлі на невялічкую плошчу са мноствам старых будынкаў-кавярняў, невялічкіх крамаў... І там стаяў вялізны ліхтар :) Проста незвычайна агромністы ліхтар, нібы нейкі волат яго тут паставіў і забыўся :)

І амаль паўсюль ад ветру падалі і ляжалі равары :) Так смешна, нібы хтосьці іх так і кінуў, а потым вернецца і забярэ. Але так яны ляжалі да раніцы і нават да сярэдзіны дню, калі мы вярталіся на вакзал, каб ехаць далей...



Шпацыравалі-шпацыравалі і патрапілі на невялічкі калядны кірмаш :)
Шмат рознай святочнай дробязі, вопраткі з воўны альпакі, смажаных гарэхаў-цынамону-ванілі-вафляў-глёгу... І ўсё гэта змешваецца ў адзін пах і цягнецца па вузкіх вулачкаў. І здаецца, што ты выбіраеш накірунак, куды павярнуць... Але гэта пах вядзе цябе... Пах Калядаў :) І ён прыводзіць да маленькага дзіцячага цуда...


Архітэктура ўсё ж такі незвычайная...


Вулачка для шпацыру :)
Некалькі гадзін шпацыруючы, змерзлі ад ветру і завіталі ў кавярню на гарбату і pepparkakor. І пайшлі шукаць свой гатэль... На гэтым першы дзень скончыўся :)


Наступная раніца, па дарозе на вакзал...


Цікавы горад... Прыгожая архітэктура...
Прыемны шпацыр... І духмяны першы Адвент :)

Цудоўнага настрою і прыемных уражанняў!

No comments:

Post a Comment